Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маршы недармаедаў: пратэстоўцы і «рука Масквы»


На маршы ў Гомелі 19.02.2017
На маршы ў Гомелі 19.02.2017

Ці скарыстаецца Расея новай хваляй пратэстаў у Беларусі? Удзельнічаюць: Валер Карбалевіч, Віталь Цыганкоў, Юры Дракахруст

Дракахруст: Ці не на карысьць Маскве сацыяльныя пратэсты ў Беларусі? Ці не з падачы Крамля яны адбываюцца? Такія пытаньні задае сёй-той у сацыяльных сетках. Не сказаць, што падобныя пытаньні зусім ужо цалкам пазбаўленыя рацыі. Беларускія пратэсты некаторыя журналісты ўжо ахрысьцілі «беларускім Майданам» — гучна, хвостка, ну і параўнаньне рэакцыяў — вось-вось прыедуць «зялёныя чалавечкі».

Між тым украінскі Майдан — не адзіная падзея, зь якой варта параўноўваць беларускія пратэсты. Як на мой погляд, дык гэта хіба ня самае няўдалае параўнаньне, прынамсі, пакуль.

Летась у Казахстане віравалі масавыя пратэсты супраць новага закону аб зямлі. І шмат людзей удзельнічала, і жарсьцяў хапала. Ну і хіба прыяжджалі туды «зялёныя чалавечкі»? Не, і блізка не было. А саюзьнік жа Расеі, мяжа агульная ёсьць. І праблемы ў двухбаковых стасунках ёсьць.

Або армянскія пратэсты супраць падвышэньня тарыфаў на электрычнасьць пару гадоў таму. Масавасьць была, абурэньне было, быў, дарэчы, і страх, як бы Расея ня ўплішчылася. Таксама казалі — армянскі Майдан. Але ізноў жа — ніякіх «ветлівых людзей» з нагоды пратэстаў у Армэніі не зьявілася.

Цяперашнія беларускія пратэсты куды больш падобныя на казахстанскія і армянскія, чым на ўкраінскія. У Беларусі, як і ў Казахстане і ў Армэніі — дакладна вызначаны фокус, нагода пратэстаў, балючае і спрэчнае рашэньне ўладаў. Прычым рашэньне па сутнасьці не кардынальнае, ад яго не залежыць лёс сыстэмы.

Дэкрэт аб дармаедах — не Кашчэевая ігла Лукашэнкі. Жыла Беларусь пад яго кіраўніцтвам без дэкрэту, і скасаваньне яго — ня ёсьць крах рэжыму, ня ёсьць зьмена шляху краіны, як тое было з асацыяцыяй Украіны з ЭЗ, за што змагаўся Майдан.

Дык чаму ў Беларусі, нават калі пратэсты будуць пашырацца, павінна адбывацца як у Крыме, а не як у Армэніі або Казахстане?

І самая хада пратэстаў зусім ня сьведчыць пра наяўнасьць нейкага расейскага «сьледу». Людзі ў іх бяруць удзел самыя розныя, склад удзельнікаў — далёка ня толькі традыцыйныя наведнікі апазыцыйных акцыяў. Народ — такі, які ёсьць. Пераважная частка якога ставіцца да Расеі з сымпатыяй. Але пры гэтым няма ніякага масавага атаясамленьня з Расеяй, спадзеву «Пуцін, дапамажы», для асноўнай масы маніфэстантаў што хваласьпевы на адрас Расеі, што праклёны ёй былі як сыгналы з Марсу — а яна тут пры чым?

Дурное рашэньне прыняла айчынная ўлада — вось супраць яго людзі і выйшлі на вуліцы. Насамрэч, зразумела, супраць шмат чаго — і росту «камуналкі», і падзеньня заробкаў, і беспрацоўя. Дэкрэт стаў пэўным сымбалем усяго гэтага.

Убачыць у арганізацыі пратэстаў нейкую «руку Масквы» было немагчыма. Колькі разоў на працягу апошніх прыкладна палутара гадоў тыя самыя Статкевіч і Някляеў заклікалі людзей на плошчу? І ўзровень арганізацыі быў прыкладна такі самы, як і на мінулым тыдні. Эфэкт іншы — але за гэта дзякуй не Маскве, а дэкрэту.

Варта адзначыць, што расейскія тэлеканалы асьвятлялі беларускія пратэсты дастаткова аб’ектыўна, хутчэй добразычліва, чым крытычна. Шэраг канфліктаў паміж Масквой і Менскам нікуды не падзеўся, паказаць расейцам, што ня толькі Крэмль, але і нямала беларусаў незадаволеныя Лукашэнкам — пісьменная палітыка расейскіх афіцыйных мэдыяў.

Ну дык відавочны спосаб сьцерці тую карцінку — скасаваць дэкрэт. Тым больш, што мітынгі — гэта ж не адзіная праява незадаволенасьці, прафсаюз РЭП сабраў 60 тысячаў подпісаў пад пэтыцыяй за скасаваньне дэкрэту. А раптам Масква і гэта скарыстае? А можа. Тэарэтычна. Ну і што?

Апазыцыя патрапіла ў нэрв, на заклікі тых самых людзей раней рэгулярна прыходзіла 200 чалавек, цяпер прыйшло 2 тысячы.

У разнастайных формах пратэсту і незадаволенасьці насамрэч вялікая доля спантаннасьці. Не на заклік апазыцыі, ці ня толькі на яго, 90% плацельшчыкаў падатку яго не заплацілі. А з уласнага пачуцьця несправядлівасьці. Яны не пабаяліся сваім крокам справакаваць Маскву.

Апазыцыя патрапіла ў нэрв, на заклікі тых самых людзей раней рэгулярна прыходзіла 200 чалавек, цяпер прыйшло 2 тысячы. Дык справа ў тых, хто заклікаў, ці ў тых, хто прыйшоў?

Страх Майдану магчыма ў беларусаў і ня зьнік. Але, так выглядае, зьменшыўся страх перад любой грамадзкай, пратэстнай актыўнасьцю. Армяне і казахі, пэўна, таксама пра «нябесную сотню» і Крым не забывалі. Але вечна баяцца ня здольны, напэўна, ніхто.

Карбалевіч: Я згодзен зь Юрыем. Думаю, праблема хутчэй прыдуманая праўладнымі тролямі. Калі я чытаў усе гэтыя страшылкі пра пагрозу расейскага сілавога ўмяшаньня, якія напампоўваліся апошнім часам, у тым ліку і ў сувязі з восеньскімі манэўрамі, то мяне не пакідала думка: якія высновы трэба рабіць з усяго гэтага? А галоўная выснова такая — трэба ўсім аб’яднацца вакол Лукашэнкі. Барані Бог нейкія пратэсты, нейкая дэстабілізацыя. Бо Бацькаўшчына ў небясьпецы.

І галоўны мэсыдж прэсавай канфэрэнцыі Лукашэнкі 3 лютага можна трактаваць і так: Расея цісьне, таму трэба шукаць нейкае паразуменьне паміж усімі сіламі, ангажаваць у агульную палітыку і лібэралаў і нацыяналістаў.

Я цяжка сабе ўяўляю, хто можа арганізаваць тут прарасейскі Майдан.

У цяперашняй сытуацыі ў Беларусі, калі казаць не пра настроі грамадзтва, а пра сілы апазыцыйныя рэжыму, расклад такі: праэўрапейскія сілы больш моцныя, арганізаваныя і палітычна сьпелыя, чым прарасейскія. І ў выпадку дэстабілізацыі рэжыму менавіта яны будуць весьці рэй. Пра што сьведчаць і прайшоўшыя акцыі. Усе легальныя прадстаўнікі «рускага сьвету», якія зьяўляюцца на палітычным экране — пралукашэнкаўскія. Таму я цяжка сабе ўяўляю, хто можа арганізаваць тут прарасейскі Майдан.

Цыганкоў: Сапраўды гэтая тэма ў пэўным сэнсе можа перайсьці ў іранічную плоскасьць, у інтэрнэт-мэм, паколькі яна ўжо выкарыстоўваецца дзе трэба і дзе ня трэба. Праўладны палітоляг Юры Царык стаў вядомым разам з Арсенем Сівіцкім дзякуючы таму, што пішуць пра пагрозу Расеі, пра тое, што яна рыхтуецца захапіць Беларусь, і 4 тысячы вагонаў ужо для гэтага падрыхтавала. Пра менскі мітынг недармаедаў Царык напісаў у Фэйсбуку, што пратэст быў амаль як 19 сьнежня 2010 году, і тыя самыя людзі, і паўтарылі той самы маршрут, і тая самая рука Масквы тут адчуваецца.

Дракахруст: Напэўна маніфэстантаў у тых самых 4 тысячах вагонаў прывезьлі.

Цыганкоў: Вагоны таксама тут можна прышпіліць. Салідны аналітык тут выяўляе ня самую абгрунтаваную лёгіку. І ў Беларусі ёсьць праўладныя інтэрнэт-тролі, то бок людзі, якія пішуць пэўныя камэнты, закідваюць пэўныя ідэі ў грамадзкую думку. Цяпер менавіта такая ідэя закідваецца, што любы пратэст — гэта рука Масквы.

Рука Захаду ўжо кудысьці падзелася, паколькі Захад ужо з афіцыйным Менскам сябруе, афіцыйна прызнаў, што ідэя адхіленьня Лукашэнкі ад улады на сёньня не актуальная, а больш актуальная ідэя захаваньня беларускай незалежнасьці. Беларуская апазыцыя пераважна празаходняя, выступае за вяртаньне альбо прыход Беларусі ў Эўропу.

Людзі, якія выйшлі на вуліцы, менш за ўсё думаюць пра такія высокія матэрыі, што ў іх выступе ёсьць нейкая «рука Масквы».

І абвінавачваць гэтую апазыцыю ў «руцэ Масквы» нелягічна, але гэта цяпер задача афіцыйнай прапаганды: па-першае, паказаць, што любыя дзеяньні супраць улады — ня супраць улады, а супраць Беларусі, яе сувэрэнітэту і незалежнасьці, а па-другое, трэба не бунтаваць, а аб’ядноўвацца вакол Лукашэнкі, які цяпер зьяўляецца лідэрам усіх — і правых і левых, і г. д.

Але сапраўды тыя людзі, якія выйшлі на вуліцы, і галоўнае, ня толькі Менску, але і абласных гарадоў, менш за ўсё думаюць пра такія высокія матэрыі, што ў іх выступе ёсьць нейкая «рука Масквы». Яны патрабуюць сацыяльнай справядлівасьці, каб улада пра іх клапацілася і выконвала свае абавязкі. І імкненьне троляў навязаць тут такі падыход відавочна можа спрацоўваць для пэўных дыскусіяў у сацыяльных сетках, але канкрэтных людзей, абураных сацыяльнай палітыкай, гэты аргумэнт ніякім чынам не спыніць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG