Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сусьлік беларускай талерантнасьці: Суседзі супраць


Наста Захарэвіч
Наста Захарэвіч

Мы надзвычай парадаксальны народ. Дзяцей у школах вучым, што мясцовы люд заўжды быў і застаецца вельмі талерантным, але, здаецца, прамаўляем гэтае слова, не ўкладаючы ў яго ніякага зьместу. Бо наступнай прапісной ісьцінай пасьля «беларусы — талерантная нацыя» можа ісьці «што гэта за чурка жыве ў суседнім доме?», «перастань паводзіць сябе, як даўн» і «зусім гэтыя пэдэрасты з розуму выжылі».

Я маю падазрэньне, што «недзе глыбока ўнутры» гэтыя людзі разумеюць, што ксэнафобія, гамафобія і іншыя праявы нянавісьці — ня надта добрыя зьявы. Таму і называюць сябе талерантнымі. Але тэорыя ў іх значна разыходзіцца з практыкай, і адна рэч — абстрактна прызнаць абстрактнае права на існаваньне абстрактнага чалавека, а іншая — жыць на адной лесьвічнай пляцоўцы з сям’ёй мусульманскіх вернікаў. Як паказала апытаньне «Тэст на грамадзянскасьць», праведзенае ў Беларусі ў 2016 годзе, жыць побач з людзьмі іншага веравызнаньня — вельмі непажадана для 19,5% беларусак і беларусаў.

72,6% апытаных сказалі, што для іх непрымальна жыць побач з ВІЧ-інфікаванымі

І калі гэтая лічба вас ня надта ўражвае, дык ёсьць і іншыя — яшчэ цікавейшыя. 72,6% апытаных сказалі, што для іх непрымальна жыць побач з ВІЧ-інфікаванымі, 72% не гатовыя да суседзтва з негетэрасэксуальнымі людзьмі, прыблізна траціна апытаных супраць, каб іх суседзямі былі імігранты, іншаземныя працоўныя і людзі іншай расы ці нацыянальнасьці. Прыблізна кожны пяты супраць суседзяў, якія размаўляюць на іншай мове альбо адносяць сябе да іншай рэлігіі. А 12,9% апытаных зусім не хацелі б жыць побач з парай, якая не знаходзіцца ў шлюбе.

Калі ў 2012 годзе я тэрмінова шукала кватэру, чатыры разы мне адмовілі нават паказваць жытло менавіта з-за таго, што мы з партнэрам не былі расьпісаныя. Мы тлумачылі, што ўжо жывем разам пэўны час, і што гэта ня той выпадак, калі пара спрабуе пажыць разам і, верагодна, разьбяжыцца праз пару месяцаў. Але гаспадыням і гаспадарам кватэр былі патрэбныя кватаранты са штампам у пашпарце, і ніяк іначай. Яскравы, аднак, прыклад талерантнасьці.

Атрымаўся кароткі гід па побытавых стэрэатыпах, слабых месцах у сыстэме адукацыі і моцных месцах у ксэнафобнай прапагандзе.

У гэтым апытаньні ўвогуле цяжка нешта вылучыць, бо цудоўна абсалютна ўсё. Атрымаўся кароткі гід па побытавых стэрэатыпах, слабых месцах у сыстэме адукацыі і моцных месцах у ксэнафобнай прапагандзе.

Відавочна, што людзі па-ранейшаму асацыююць ВІЧ з асацыяльным ладам жыцьця і ня ведаюць, што заразіцца ад суседзяў можна толькі калі прымаць наркотыкі ўнутрывенна адным шпрыцам, альбо займацца зь імі (суседзямі) сэксам без прэзэрватыва. Яшчэ ёсьць невялікая імавернасьць заразіцца ў бойцы. І гэта ўсё пры той умове, што інфікаваныя суседзі не прымаюць адпаведных мэдыкамэнтаў.

Страх жыць побач з прадстаўнікамі ЛГБТ таксама вельмі нелягічны, але ў шырокіх масах людзі працягваюць верыць, што іх «моцныя, натуральныя і біялягічна абумоўленыя» гетэрасэксуальныя саюзы аказваюцца пад моцнай пагрозай, калі ў суседняй кватэры будзе жыць аднаполая пара.

Беларуская талерантнасьць — яна як сусьлік з вядомай показкі. Ніхто яе не бачыць, але яна ёсьць. Яна існуе ў вельмі вузкіх межах і са зьместам, супрацьлеглым першапачатковаму.

Беларускі і беларусы талерантныя, напрыклад, да бацькоў, якія б’юць сваіх дзяцей.

Беларускі і беларусы талерантныя, напрыклад, да бацькоў, якія б’юць сваіх дзяцей. І да мужчын, што зьбіваюць жонак, таксама ставяцца прыязна. Кажуць, што гэта іх сямейная справа, няма чаго лезьці туды звонку, яны самі разьбяруцца. Маўляў, агулам ён чалавек добры, але міліцыю выклікаць ня трэба, бо гэты добры чалавек яшчэ прыб’е потым у падваротні.

Ніякай лёгікі, ніякага здаровага сэнсу, — толькі ірацыянальныя страхі і няздольнасьць зьвязаць падзею А з падзеяй Б.

32% апытаных упэўнены, што найбольш уласцівая беларускаму народу рыса — гэта талерантнасьць. А мне вельмі цікава, колькі адсоткаў беларусак і беларусаў пагадзіліся б жыць побач з самімі сабой?

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG