Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маршы недармаедаў: Новая «гарачая вясна» напрыканцы зімы


Марш абураных беларусаў, 17.02.2017
Марш абураных беларусаў, 17.02.2017

Ці стануць гэтыя маршы ў Менску, Гомелі і іншых гарадах пачаткам «вяртаньня ў 90-я»? Удзельнічаюць: Валер Карбалевіч, Віталь Цыганкоў, Юры Дракахруст

Цыганкоў: Перш за ўсё можна зрабіць рэмарку пра пэўную ўмоўнасьць пастаноўкі гэтага пытаньня, а менавіта наконт адсылкі да 90-х гадоў. Кожны, гэта паказвае дыскусія ў сацсетках, пад 90-мі разумее сваё. Для кагосьці гэта гады жабрацтва і пошуку выхадаў у цяжкіх жыцьцёвых сытуацыях, для кагосьці гэта час грамадзкай актыўнасьці, набыцьця Беларусьсю незалежнасьці, час зьяўленьня новых формаў уласнасьці, палітыкі, грамадзкага жыцьця.

Але калі мы кажам пра пратэсты супраць дэкрэту аб «дармаедах», то можна казаць пра 90-я ў двух аспэктах: ці зьявіцца грамадзкая актыўнасьць, якая будзе параўнальная з тымі гадамі, і ці сапраўды падзеньне даходаў насельніцтва ўжо можна параўнаць з 90-мі?

Сапраўды, 7% падзеньня даходаў насельніцтва, якія былі зафіксаваныя за 2016 год афіцыйнай статыстыкай — гэта даволі сур’ёзная лічба. Асабліва ўлічваючы тое, што гэтае падзеньне фіксуецца ўжо другі год запар, і, паводле спэцыялістаў, яно працягнецца і ў 2017 годзе. Вядома, гэта непараўнальна з 90-мі, калі ў розныя гады даходы і ўзровень жыцьця падалі на 20-30%. Але за апошнія 20 гадоў, пачынаючы з 1996-97 гадоў, даходы насельніцтва расьлі і дастаткова доўга, фактычна не было зрываў. І нават у 2011 годзе, калі курс беларускага рубля упаў у 3 разы, даходы насельніцтва ўпалі ўсяго на 1%.

Так што можна сказаць, што ў дадзеным пытаньні, а гэта значыць у стварэньні глебы для сацыяльных бунтаў, нарастаньня напружаньня, цяперашняя сытуацыя цалкам параўнальная з 90-мі — бо не было з 90-х такога глыбокага падзеньня. Іншае пытаньне, ці можа гэта стаць падставай для сацыяльнага выбуху.

Варта сказаць, што пакуль на падставе толькі некалькіх акцый рана рабіць такія высновы, і магчыма бліжэйшы месяц будзе вырашальным.

Ці ўдасца апазыцыі і тым, хто ўзначальваў гэты пратэст, знайсьці агульную мову зь людзьмі, якія выйшлі на вуліцу?

Наш час — далёка не 90-я ў многіх аспэктах, і тыя фактары, якія выштурхоўвалі людзей на вуліцу раней, ужо ня дзейнічаюць. Паўтарэньне красавіка 91-га, калі 100 тысяч рабочых выйшлі на вуліцы Менску, немагчымае з многіх прычынаў. Менавіта тады было ўнікальнае гістарычнае супадзеньне многіх чыньнікаў. Цяпер фактычна засталіся два галоўныя аспэкты — сацыяльная незадаволенасьць узроўнем жыцьця і палітычная незадаволенасьць дзеяньнямі ўлады. Таму гісторыя не паўтараецца аналягічна на кожным сваім вітку.

Гэты месяц будзе паказальны, ці ўдасца апазыцыі і тым, хто ўзначальваў гэты пратэст, знайсьці агульную мову зь людзьмі, якія выйшлі на вуліцу, знайсьці для іх новую матывацыю яшчэ раз прыйсьці, ці адбудзецца пэўнае разьмежаваньне паміж палітычнай і сацыяльнай фазай пратэсту. Другое пытаньне — як будзе паводзіць сябе ўлада, ну і трэцяе — узровень сацыяльнага незадаволеньня, гатовасьць выйсьці на вуліцу. Яны непрадказальныя, ніякі аналітык ня можа іх дакладна пралічыць. Гэты ўзровень таксама мы зможам пабачыць у бліжэйшыя тыдні.

Карбалевіч: Найперш пра прычыны адноснай масавасьці акцый. Яны адбываюцца на тле крызысу, выйсьця зь якога наперадзе ня бачна. Ёсьць адчуваньне пэўнай безнадзейнасьці, страты даверу да ўлады, якая ня здольная знайсьці выйсьце. На гэтым фоне ўлады, здавалася б, мусілі паводзіць сябе вельмі абачліва. Але выйшла ўсё з дакладнасьцю да наадварот.

Дэкрэт № 3 грунтаваўся на ідэі справядлівасьці. Маўляў, чаму людзі, якія працуюць, мусяць плаціць за тых, хто не працуе. І спачатку большасьць яго падтрымала, як сьведчаць дасьледаваньні НІСЭПД.

Але потым пачаўся крызіс. Паводле афіцыйнай статыстыкі, у 2016 годзе колькасьць звольненых перавысіла колькасьць прынятых на працу на 108 тыс. чалавек. То бок, кожны месяц у краіне страчвалі працу каля 9 тыс. чалавек. Гэта ня лічачы тых, хто працуе 2-3 разы на тыдзень, увесь час бярэ вымушаныя адпачынкі. Цяпер абвешчана аб маштабнай «аптымізацыі» ў дзяржапараце і бюджэтных арганізацыях. Нават у міліцыі будуць скарачэньні.

І вось улада пачала караць штрафамі людзей, якія засталіся бяз працы і якія трапілі ў бяду. Гэты зьдзек над здаровым сэнсам закрануў у першую чаргу сацыяльныя нізы, якія зьяўляюцца галоўнай сацыяльнай апорай Лукашэнкі. Кампаніяй барацьбы з дармаедзтвам незадаволеныя і працоўныя людзі, бо выдатна разумеюць, што ў любы момант могуць апынуцца ў статусе дармаедаў.

Гэты зьдзек над здаровым сэнсам закрануў у першую чаргу сацыяльныя нізы, якія зьяўляюцца галоўнай сацыяльнай апорай Лукашэнкі.

Гэтыя дзеяньні ўладаў выклікалі ў грамадзтве адчуваньне дзікай несправядлівасьці. Адбылася ня проста дыскрэдытацыя ўлады. Яна хутка страчвае статус маральнага аўтарытэту. Адначасова адбываецца палітызацыя грамадзтва, чаго ўлады спрабавалі пазьбегнуць нават падчас выбарчых кампаній. Пра гэта сьведчаць нават тыя рэпартажы, якія паказваюць па беларускіх дзяржаўных тэлеканалах.

І калі ўлады не скасуюць гэты дэкрэт, то сытуацыя незадавальненьня расьцягнецца на доўгі час. Цалкам магчыма, што Беларусь пазбаўляецца «сындрому Майдану», то бок страху перад забурэньнямі і дэстабілізацыяй.

Але існуе моцнае адрозьненьне ад 1990-х гадоў. Тады за часы перабудовы і першых гадоў адносна дэмакратычнага разьвіцьця зьявілася, кажучы расейскімі слэнгам, «непоротое поколение». То бок людзі перасталі баяцца. Дык вось цяпер такога пакаленьня няма. Настроі той самай моладзі зусім не рэвалюцыйныя. Зь іншага боку, патэнцыял для росту пратэстнай актыўнасьці ёсьць. Акцыя 17 лютага не была моцна разрэклямаваная. Рэпрэсіяў няма. Людзі могуць перастаць баяцца. А наперадзе шмат яшчэ заплянаваных акцый.

Дракахруст: Хачу адзначыць рамку рэальнасьці таго, што мы назіраем. З аднаго боку, навідавоку рост у разы колькасьці ўдзельнікаў акцый у параўнаньні з апошнімі 1,5 гадамі пасьля вызваленьня Статкевіча. Калі на гэтыя акцыі прыходзілі дзесьці 200-400 чалавек, то тут адразу 2-3 тысячы. Акрамя таго, гэтая кампанія ахапіла фактычна ўсю краіну ці значную яе частку. Вельмі паказальна, што пасьля сталіцы самай буйной аказалася акцыя ў Гомелі — горадзе, які апошнія гады не вылучаўся нейкай сваёй гатовасьцю да пратэсту.

Акрамя таго, варта разумець, што вось гэтая вулічная актыўнасьць — вяршыня айсбэрга, гэта толькі індыкатар больш шырокіх пратэстных настрояў. Дастаткова прыгадаць 60 тысячаў сабраных подпісаў пад пэтыцыяй з патрабаваньнем скасаваць гэты дэкрэт. 60 тысячаў — гэта значна больш, чым колькасьць тых, хто выйшаў на вуліцы.

90% тых, хто атрымаў «лісты шчасьця», прагаласавалі супраць яго «нагамі» — проста не заплацілі.

Ну і навідавоку рэакцыя самая масавая — нявыплата гэтага самага падатку. Як мы ведаем, 90% тых, хто атрымаў «лісты шчасьця», прагаласавалі супраць яго «нагамі» — проста не заплацілі. І патэнцыял пратэсту насамрэч даволі вялікі.

Іншая справа, выбух, пра які вы, Віталь, сказалі — гэта як? Мы з вамі некалькі месяцаў глядзелі рэпартажы з Францыі, дзе кожны дзень тысячы людзей выходзілі на вуліцы Парыжу і іншых гарадоў, абураліся новым працоўным заканадаўствам, нават біліся з паліцыяй. Ну і што?

Так, гэта быў выбух, але сыстэма ўтрымалася. І дарэчы, наколькі я памятаю, так нічога і не скасавалі. Так што беларускія пратэсты могуць пашырацца, могуць працягвацца, узмацняцца, але вялікае пытаньне, да якога ўзроўню. Аднак, у дадзеным выпадку мне здаецца, што падстава, нагода такая, што ў прынцыпе ўлада можа яе і скасаваць, і магчыма гэты ціск дасягне сваёй мэты.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG