Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Дармаедка» запрасіла Мар’яну Шчоткіну падаіць козы і пачысьціць гной. — Хай паспытае, які наш хлеб


Тацяна і Мікалай Мігановічы
Тацяна і Мікалай Мігановічы

Тацяна Мігановіч зь вёскі Пятакі Ваўкавыскага раёну напісала ліст намесьніцы старшыні Савету Рэспублікі Марыяне Шчоткінай і расказала пра тое, як яе запісалі ў «дармаеды». Напрыканцы ліста жанчына запрасіла Шчоткіну ў госьці, каб тая на сабе адчула долю «дармаеда». З сакратарыяту Савету Рэспублікі Мігановіч адказалі, што ліст накіруюць для разгляду ў Ваўкавыскі райсавет.

Тацяна Мігановіч зь вёскі Пятакі Ваўкавыскага раёну расказала, што даслаць ліст былому міністру працы Марыяне Шчоткінай вырашыла пасьля таго, як атрымала «ліст шчасьця». Паводле Мігановіч, менавіта Шчоткіна была адным з галоўных распрацоўшчыкаў дэкрэту аб «дармаедах».

У лісьце да Шчоткінай Мігановіч абураецца тым, што яе залічылі ў дармаеды. «Я не жыву за чужы кошт, і заробак мне плацяць не падаткаплатнікі, як вам, а я сама сумленнай працай зарабляю на жыцьцё», — напісала Мігановіч.

Адказ з сакратарыяту Савету Рэспублікі ад імя Марыяны Шчоткінай
Адказ з сакратарыяту Савету Рэспублікі ад імя Марыяны Шчоткінай

Жанчыне не працягнулі кантракт на адной з ваўкавыскіх фірмаў, яна засталася бяз працы, і цяпер ёй складана знайсьці працу ў малым горадзе. Таму яна пераехала з Ваўкавыску ў вёску і ўзялася весьці разам з мужам уласную падсобную гаспадарку. Цяпер сям’я Мігановічаў трымае 70 козаў, здае малако на малочны камбінат і з гэтага жыве. Пра гэта жанчына і напісала ў сваім лісьце.

«Дармаедкай» яе прызналі з той прычыны, што зямля ў вёсцы, дзе яна жыве, аформленая ў яе пад агарод, а не пад уласную падсобную гаспадарку. Хаджэньні па кабінэтах падатковай інспэкцыі плёну не далі. Хадзіла на прыём да прадстаўніка прэзыдэнта ў Ваўкавыскім райвыканкаме, і там паабяцалі разгледзець справу сур’ёзна.

Тацяна Мігановіч
Тацяна Мігановіч

«Мне асабліва было крыўдна за тое, што ў вёсцы толькі мы з мужам трымаем гаспадарку і робім на ёй. Усе суседзі, акрамя курэй, нічога не трымаюць, але затое ў іх зямля аформленая належным чынам. І цяпер яны ходзяць нападпітку і пасьмейваюцца зь мяне, называюць «дармаедкай».

Тацяна і Мікалай Мігановічы паказваюць сваю гаспадарку: козы дагледжаныя, паўсюль чысьціня. Кажуць, што працы хапае з раніцы і да самага вечара. Але на гэта ніхто ня скардзіцца.

«Вы бачыце, што мы тут нават у выходныя вымушаныя рабіць, бо нашых козачак трэба накарміць, падаіць, прыбраць каля іх — працы хоць адбаўляй», — кажа Тацяна Мігановіч.

Яе муж паказвае розныя мэханізмы, якія сам зрабіў, каб аблегчыць сваю працу. Ягоная мара — набыць трактар, але грошы на гэта сабраць вельмі цяжка. Нават кармы нарыхтаваць няпроста, бо землі паўсюль калгасныя.

Мікалай Мігановіч даглядае за козамі
Мікалай Мігановіч даглядае за козамі

«Нас добра выручаюць фэрмэры. Купляем у іх сена, моркву, капусту, іншыя кармы. Часам яны аддаюць на корм рознае лісьце. А ў сельсавеце на год выдзяляюць тону сена. Мы ні на што ня скардзімся, бо жывём на столькі, на колькі зробім, мы нікому ня вінныя, і нам ніхто ня можа прад’явіць ніякіх прэтэнзіяў. Я некалі рабіў на экскаватары, добра зарабляў, але заробкі зьнізіліся, жонка страціла працу, і вымушаныя былі паехаць у вёску, каб хоць нечым заняцца. Я працую ўсё жыцьцё, а цяпер нас назвалі дармаедамі», — скардзіцца Мікалай Мігановіч.

Тацяна кажа, што ёй нібыта паабяцалі ў райвыканкаме, што вызваляць ад падатку, але афіцыйнай паперы яна пакуль не атрымлівала. А наагул, паводле яе, крыўдна ня толькі за сябе, але і за іншых людзей, якіх залічылі ў дармаеды:

«Я магла б пагадзіцца з такім дэкрэтам, калі б усім 470 тысячам дармаедаў, якім разаслалі „лісты шчасьця“, прапанавалі працу і годны заробак. А інакш нават няма пра што і казаць».

Мікалай дадае, што налета і яго прызнаюць дармаедам, бо ён, звольніўшыся з працы, паўгода даглядаў старую бабулю:

«А цяпер яшчэ скажуць, што зямля аформленая на жонку, і запішуць у дармаеды, хоць я працую ад сьвітанку да заходу сонца. Вось па вёсцы ходзяць п’яныя, ніякай гаспадаркі ніхто не трымае, і ад іх ніхто не патрабуе падатку, бо зямля аформленая правільна. Ну хіба гэта справядліва?»

Тацяна кажа: спачатку думала, што дэкрэт скіраваны супраць алькаголікаў, злосных хуліганаў і сацыяльна неадаптаваных людзей. А калі «ліст шчасьця» атрымала сама, то не стрымалася і напісала Шчоткінай.

«Я ў сацыяльных сетках бачу, як паказваюць, колькі ў Шчоткінай шубаў, ды яшчэ якіх дарагіх. І пакуль гэтыя дармаеды думаюць, дзе ўзяць грошы на падатак, спадарыня Шчоткіна ня ведае, якую шубку ёй апрануць. Я таму і запрасіла яе, каб яна прыехала паглядзела, як мы жывём, на якіх „лексусах“ езьдзім. Мой „лексус“ каштуе таньней за ейную шубу. Ну, а цяпер далі адказ з сакратарыяту, і відавочна — яна не прыедзе».

Мікалай дадае, што таксама хацеў бы, каб Шчоткіна ў іх пагасьцявала:

«Я б завёў яе да козаў, каб яна іх пакарміла, падаіла, пацёгала 50-кіляграмовыя флягі з малаком, нанасіла вады з калодзежа літраў 300 у дзень, гной выкінула, як гэта робіць мая жонка. Няхай бы чалавек ведаў, што такое фізычная праца. Хай бы паспытала, які салодкі хлеб дармаеда».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG