Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Горадня: Адмены дэкрэту № 3 патрабавалі ля дзьвярэй аблвыканкаму


У Горадні некалькі дзясяткаў чалавек прайшлі зь бел-чырвона-белымі сьцягамі па цэнтральнай вуліцы, пратэстуючы супраць дэкрэту № 3.

Акцыя гарадзенцаў была несанкцыянаванай. На мінулым тыдні арганізатары атрымалі забарону гарвыканкаму на яе правядзеньне. Тым ня менш некалькі дзясяткаў чалавек сабраліся на Савецкай плошчы і пратэставалі супраць дэкрэту № 3. Гучалі лёзунгі «Жыве Беларусь!», «Не — дэкрэту № 3, Лукашэнка — сыходзь!», «Хто галоўны дармаед — прэзыдэнт!».

На плошчы зьбіралі подпісы супраць дэкрэту аб «дармаедах», ахвочыя распавядалі свае гісторыі, як яны сталі «дармаедамі». Жанчына сталага веку распавяла Свабодзе, што прыйшла на плошчу ня столькі за сябе, колькі за дзяцей і ўнукаў:

— Мне ўсё гэта баліць. Сын працу страціў і ўжо каля году ня можа знайсьці, нявестка атрымлівае крыху больш двух мільёнаў. Унукі ня маюць ніякай будучыні, ім трэба толькі ўцякаць з гэтае краіны...

Яшчэ адна спадарыня дадае, што нават тыя, хто сёньня працуюць, ня могуць утрымаць семʼі:

— Што за зьдзек яны з нас чыняць, няхай спачатку дадуць працу, мы будзем працаваць, але так ня можа быць, як цяпер. Шкада, што так мала людзей сюды прыйшло, мала хто ведае, а гэты дэкрэт закрануў вельмі многіх. Дзіўна, што ў нас меней людзей павыходзіла на вуліцу, чым у Гомлі і Магілеве...

Маладая дзяўчына, студэнтка, кажа, што яе пакуль не закрануў гэты дэкрэт, але яна ўжо зараз бачыць, што ня мае будучыні ва ўласнай краіне:

— Я будучы псыхіятар, а ў Горадні наагул няма ставак у маёй спэцыяльнасьці, і я разумею, што неўзабаве магу апынуцца сярод гэтых самых дармаедаў...

Адзін з арганізатараў акцыі спрабаваў занесьці лісты з подпісамі супраць дэкрэту № 3 у аблвыканкам. Аднак дзьверы будынку былі зачыненыя.

Арганізатары акцыі робяць абвестку, што калі дэкрэт ня будзе адменены, то 15 сакавіка заклікаюць усіх прыйсьці на чарговую акцыю, просяць запрашаць сяброў і знаёмых.

Акцыю здымалі на камэру міліцэйскія апэратары ў цывільным. Міліцыянтаў у форме не было на працягу ўсёй акцыі, пратэстоўцам ніхто не перашкаджаў выступаць і ісьці калёнай праз цэнтар гораду.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG