Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Камітэт аховы здароўя: У Менску расьце анкалягічная занядбанасьць — 44% хворых памірае праз запушчаную хваробу

  • БелаПАН

У беларускай сталіцы «расьце анкалягічная занядбанасьць», заявіў старшыня камітэту аховы здароўя Менгарвыканкаму Ігар Юркевіч на гадавой калегіі ведамства 17 лютага.

Паводле яго, першаснае захворваньне на рак ў 2016 годзе склала 510 выпадкаў на 100 тыс. насельніцтва супраць 517 у 2015-м і 434 — у 2014-м. Пры гэтым на трэцяй і чацьвёртай стадыях летась рак быў у 19%, у 2015-м — у 15%, у 2014-м — у 13% выпадкаў. 44% хворых памірае ў сувязі з запушчанасьцю захворваньня, а прыблізна 27% — ад прагрэсаваньня пухліннага працэсу.

Юркевіч адзначыў, што ў шэрагу гарадзкіх паліклінік недастатковы ўзровень раньняй дыягностыкі анкалягічных захворваньняў, нізкая якасьць арганізацыі працы на месцах і аглядаў спэцыялістаў.

У той жа час сьмяротнасьць хворых на рак зьменшылася з 177 выпадку на 100 тыс. насельніцтва ў 2014 годзе да 172 ў 2015-м і 170 — у 2016 годзе. Павялічылася пяцігадовая выжывальнасьць хворых з 54% у 2014-м да 54,7% у 2016 годзе. Аднагадовая лятальнасьць зьнізілася за дзесяць гадоў на 10%. Юркевіч лічыць, што паляпшэньне паказчыкаў зьвязанае з павышэньнем якасьці лячэньня, хоць эканамічна больш эфэктыўна засяродзіць намаганьні на прафіляктыцы і раньняй дыягностыцы анкалягічных захворваньняў, у тым ліку праграмах скрынінгу.

«Эфэктыўнасьць супрацьракавай барацьбы залежыць ад арганізацыі працы на месцах і стаўленьня да сваіх функцыянальным абавязкаў лекараў рознага ўзроўню. Ад таго, як будзе выкарыстоўвацца патэнцыял, залежыць нечы лёс і жыцьцё», — сказаў кіраўнік камітэту.

Міністар аховы здароўя Валерый Малашка адзначыў, што рост анкалягічнай занядбанасьці адбываецца на фоне таго, што ў горадзе «ёсьць магутны анкалягічны дыспансэр з моцным амбуляторна-дыягнастычным падразьдзяленьнем».

Паводле міністра, летась анкалягічныя хворыя з трэцяй клінічнай групай інваліднасьці былі перанакіраваныя пад назіраньне з дыспансэра ў паліклінікі па месцы жыхарства.

«Хто прыняў гэты аб’ём мэддапамогі? Паліклінікі, дзе ёсьць праблемы з укамплектаванасьцю лекарамі, дэфіцыт сярэдняга мэдпэрсаналу, які працуе з каэфіцыентам сумяшчальніцтва большым, чым у цэлым па рэспубліцы. Сёньня варта падумаць, як выбудаваць дапамогу пацыентам з анкапаталёгіяй дома», — заявіў чыноўнік, перадае БелаПАН.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG