Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

На Магілёўшчыне падатак сплацілі 10% адшуканых «дармаедаў»


Зьбіраньне подпісаў супраць дэкрэту № 3 на цэнтральным рынку ў Магілёве

Зьбіраньне подпісаў супраць дэкрэту № 3 на цэнтральным рынку ў Магілёве

З 60 тысяч жыхароў Магілёўшчыны, якіх улады прызналі «дармаедамі», сплацілі падатак паводле дэкрэту № 3 толькі 6 тысяч.

Абласная інспэкцыя па падатках і зборах паведаміла, што з «дармаедаў» ужо сабраны 1 мільён 800 тысяч рублёў. Апошні дзень сплаты падатку — 20 лютага.

Чыноўнікі прызнаюць, што з рэалізацыяй дэкрэту № 3 узьнікае нямала пытаньняў, таму з насельніцтвам вядзецца тлумачальная праца.

Тым часам апазыцыйныя актывісты працягваюць зьбіраць подпісы грамадзянаў супраць дэкрэту аб «дармаедах»: ужо сабрана больш за сем тысяч.

У Крычаве супраць дэкрэту выказаліся каля тысячы чалавек. Паводле актывіста прафсаюзу работнікаў Радыёэлектроннай прамысловасьці Юрыя Шувалава, траціна падпісантаў — беспрацоўныя. Значная частка зь іх страціла працу, калі ў райцэнтры пазакрываліся стары цэмзавод ды іншыя прадпрыемствы. Новых працоўных месцаў, дадае актывіст, у раёне не ствараецца.

Крычаўскі пэйзаж, калі працаваў стары цэмзавод. Цяпер коміны не чадзяць. Завод стаіць

Крычаўскі пэйзаж, калі працаваў стары цэмзавод. Цяпер коміны не чадзяць. Завод стаіць

«Людзі абураныя гэтым дэкрэтам, а ня ведаюць, на каго скіраваць сваю злосьць, таму ахвотна падпісваюцца, — кажа пра сытуацыю ў Крычаве Юры Шувалаў. — Для многіх подпіс пад зваротам — гэта адзіная магчымасьць выказаць пратэст. Некаторыя не хаваюць, што паехалі б у Менск пратэставаць, але няма за што ехаць. Людзі разумеюць, што гэты дэкрэт — не апошні сюрпрыз нашай улады. Рыхтуюцца да горшага. Чакаюць падвышэньня квартплаты, падатку на зямлю. Знайсьці працу ў нас немагчыма. Ёсьць нейкія фэйкавыя вакансіі, але яны не рэальныя».

Публікацыя ў крычаўскай раёнцы пра тое, што дэпутаты райсавету даручаюць райвыканкаму разьбірацца, каму плаціць падатак на дармаедзтва, а каму — не

Публікацыя ў крычаўскай раёнцы пра тое, што дэпутаты райсавету даручаюць райвыканкаму разьбірацца, каму плаціць падатак на дармаедзтва, а каму — не

Крычаўская раёнка ў апошніх нумарах рэгулярна нагадвае пра абавязак сплаты падатку. І рэкамэндуе зьвяртацца ў райвыканкам, каб там вызначылі, ці знаходзіцца чалавек у цяжкой жыцьцёвай сытуацыі, так што яго могуць вызваліць ад падатку.

Старшыня камісіі па сацыяльных пытаньнях і сацыяльнай абароне грамадзян раённага савету дэпутатаў Дзіна Шамро сказала, што ня ведае пра зьбіраньне подпісаў у Крычаве супраць дэкрэту № 3. Яна зьдзівілася, што ўжо назьбірана пад тысячу подпісаў.

Мясцовыя СМІ ў апошнія дні перад 20 лютага паведамляюць пра «прамыя тэлефонныя лініі» з кіраўніцтвам гарадоў і раёнаў. Тэма тая самая: выканьне патрабаваньняў Дэкрэту № 3. У Магілёве гутарыў праз тэлефон з жыхарамі рэгіёну і памочнік прэзыдэнта, галоўны інспэктар па Магілёўскай вобласьці Генадзь Лаўранкоў. Паведамляецца, што яму пазванілі тры дзясяткі чалавек.

«Майму сыну прыйшло спавяшчэньне плаціць гэтыя 360 рублёў, — паскардзілася Лаўранкову жанчына. — Але сыну пастаўлены дыягназ эпілепсія. На працу яго нідзе ня бралі. Тры гады ён пʼе лекі. І яму трэба плаціць!»

«Ён мае ў райвыканкам падаць заяву, якой абгрунтаваць свой фізычны стан, што ён ня можа працаваць або знайсьці працу і сапраўды знаходзіцца ў складаным матэрыяльным становішчы. Там разгледзяць і прымуць тое ці іншае рашэньне. Можа, вызваляць, або часткова вызваляць, або дапамогуць у працаўладкаваньні», — адказаў жанчыне Лаўранкоў.

Пратэставаць супраць дэкрэту № 3 магілёўскія ўлады не дазволілі. 19 лютага актывісты Абʼяднанай грамадзянскай партыі хацелі прайсьціся па пешаходнай вуліцы Ленінскай «Маршам недармаедаў». Аднак, нягледзячы на забарону, актывісты прапануюць усё роўна прагуляцца той жа вуліцай.

Таксама партыйцы заяўляюць, што сабралі дзьве сотні подпісаў за адкліканьне з дэпутацтва ў Палаце прадстаўнікоў Аляксандра Старавойтава, бо ён ня выступіў супраць дэкрэту аб «дармаедах».

Распаўсюд улётак пра магілёўскіх дэпутатаў, якія ня выказаліся, паводле апазыцыі, супраць дэкрэтуż

Распаўсюд улётак пра магілёўскіх дэпутатаў, якія ня выказаліся, паводле апазыцыі, супраць дэкрэтуż

«Гэтай колькасьці дастаткова, каб распачаць працэдуру імпічмэнту дэпутата, — кажа кіраўнік абласной партыйнай арганізацыі Ўладзімер Шанцаў. — Але наша задача — інфармацыйна падрыхтаваць магілёўцаў, каб яны ведалі, што такая працэдура запушчана і каб старшыня гарсавету ня змог заблякаваць нашу ініцыятыву».

Уладзімер Шанцаў

Уладзімер Шанцаў

Сам жа дэпутат Палаты прадстаўнікоў Аляксандар Старавойтаў лічыць, што апазыцыйныя актывісты маюць права зьбіраць подпісы.

«У нас ёсьць свабода права, таму кожны грамадзян можа рабіць усё, што адпавядае заканадаўству, — кажа ён. — На жаль, яны (апанэнты. — РС) ня ведаюць, як дзейнічае парлямэнт, як фармуецца заканадаўства, хто піша дэкрэты, а хто законы. Паляпшаць сваю палітычную пісьменнасьць яны не зьбіраюцца. Дэпутат не адмяняе дэкрэтаў прэзыдэнта».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG