Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра што сьведчыць загад міністра прамысловасьці забясьпечыць на ўсіх прадпрыемствах галіны заробак 500 даляраў?


Абмяркоўваюць Уладзімер Глод, Валер Карбалевіч, Віталь Цыганкоў.

Цыганкоў: Кіраўнікі прадпрыемстваў Міністэрства прамысловасьці да канца лютага павінны падрыхтаваць пляны па давядзеньні заработнай платы да 500 даляраў. Такое даручэньне даў міністар прамысловасьці Віталь Воўк на выніковай калегіі ведамства. «Заработная плата на канец 2017 году павінна дасягнуць 500 даляраў. Прадпрыемствам неабходна падрыхтаваць пляны па выхаду зарплаты на 500 даляраў і да канца лютага прадставіць іх у міністэрства», — сказаў Віталь Воўк.

Таксама, паводле ягоных слоў, неабходна пад пэрсанальную адказнасьць забясьпечыць выкананьне ўзятых на сябе абавязаньняў па зацьверджаных бізнэс-плянах сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця ў кожным пэрыядзе справаздачнасьці году.

Так супала, што ў гэты самы дзень адначасова прыйшла і наступная навіна. Рэальныя даходы беларусаў паказалі самае моцнае падзеньне за апошнія 10 гадоў — на 7,3%. Нагадаем, урад плянаваў, што па выніках мінулага году рэальныя даходы павінны павялічыцца на 0,5% адносна паказчыка 2015 г.

Падзеньне, якое паказалі рэальныя даходы за 2016 год, аказалася самым вялікім за апошняе дзесяцігодзьдзе

Падзеньне, якое паказалі рэальныя даходы за 2016 год, аказалася самым вялікім за апошняе дзесяцігодзьдзе. Напрыклад, у 2015 годзе беларусы зьбяднелі на 5,9%, у крызісны 2011 — на 1,1%.

Згодна з плянамі ўраду, у гэтым годзе рэальныя грашовыя даходы насельніцтва павінны вырасьці на 1,3% да мінулага года. Аднак здаецца, што, акрамя ўраду, у гэта ня верыць ніхто. Сусьветны банк прагназуе, што даходы беларусаў працягнуць зьніжацца.

Адкуль тады Віталь Воўк ды іншыя кіраўнікі бяруць гэтую лічбу — 500 даляраў? Няма вялікага сакрэту: гэтую лічбу вызначыў Аляксандар Лукашэнка, заявіўшы, што якраз такі павінен быць беларускі заробак на канец 2017 году. «Гэта не завоблачная лічба і не папулізм», — сказаў ён на сустрэчы з экспэртамі і журналістамі. Больш за тое, ён заявіў, што тым скептыкам ва ўрадзе, якія кажуць, што такога ўзроўню заробку дасягнуць немагчыма, ён параіў скласьці партфэлі і сысьці. Як паказалі некалькі тыдняў пасьля гэтай заявы, ніхто зь міністраў сыходзіць ня хоча, і таму, нягледзячы на ўсю нерэалістычнасьць гэтай лічбы, кожны міністар дакладае, што ў ягоным ведамстве яна павінная быць дасягнутая.

Мы ня раз гаварылі, як гэтых 500 даляраў магчыма дасягнуць. Перш за ўсё, за кошт вялікага скарачэньня на прадпрыемствах — тым, хто застанецца, можна будзе падняць заробак за кошт павышэньня рэнтабэльнасьці. Падрэзаць іншыя артыкулы выдаткаў, выдаткі на мадэрнізацыю, на сацыяльную сфэру. Даходы не павялічацца, бо магчыма, што на гэтыя 500 даляраў менш будзе магчыма купіць, але дасягненьне гэтай лічбы не выглядае такой ужо фантастыкай.

Карбалевіч: Такім чынам, выканаўчая вэртыкаль пачала выконваць загад Лукашэнкі. Гэтага патрабуе ад мясцовых органаў улады Адміністрацыя прэзыдэнта, у прыватнасьці, кіраўніца адміністрацыі Качанава.

Вось і міністэрствы нібыта сталі выконваць гэты загад.

Але, падаецца, усё гэта выліваецца ў імітацыю. Усе проста трансьлююць загад, ня робячы ніякіх канкрэтных крокаў дзеля рэалізацыі гэтай ідэі.

Бо каб давесьці сярэдні заробак за год да 500 даляраў, трэба павысіць яго ў параўнаньні з 2016 годам на 35%. Каб гэтага дамагчыся, патрэбныя надзвычайныя захады ўсіх органаў улады

Бо каб давесьці сярэдні заробак за год да 500 даляраў, трэба павысіць яго ў параўнаньні з 2016 годам на 35%. Каб гэтага дамагчыся, патрэбныя надзвычайныя захады ўсіх органаў улады: ураду, Нацбанку і інш. Бо трэба зрабіць вялікі гвалт над эканомікай.

Але, здаецца, пакуль ніхто такіх высілкаў рабіць не зьбіраецца. Вось нарада ў Лукашэнкі мінулым тыднем наконт ліста Пракаповіча ня выявіла нейкіх прынцыповых паваротаў у эканамічнай палітыцы. Тады што азначае гэты загад міністра прамысловасьці?

Думаю, гэта такі бюракратычны фінт вушамі. Калі чыноўнік атрымлівае нерэалістычны загад, то што ён павінен рабіць? Не аспрэчваць жа яго. Трэба перадаць загад уніз па вэртыкалі, нібыта заданьне выканана. А ў рэальнасьці — імітацыя.

Глод: Валер Карбалевіч казаў, што, каб выйсьці на заробак у 500 даляраў, яго трэба падвысіць на 35%. Нават калі браць як рысу, ад якой мы будзем весьці адлік, сьнежань 2016 году, бо тады сярэдні заробак быў найбольшы за ўвесь мінулы год, то для таго, каб выйсьці на 500 даляраў, трэба падвысіць заробак аж на 25%. Паразмаўляйце зь любым эканамістам, і ён скажа, што гэта немагчыма. Бо немагчыма за год так істотна падвысіць прадукцыйнасьць працы.

Глядзіце, у 2014 годзе валавы ўнутраны прадукт Беларусі склаў 76 мільярдаў даляраў. А ў 2016-м — толькі 47. І як тут дасягнуць гэтых 500 даляраў?! Хіба што толькі паводле рэцэпту эканаміста Леаніда Заікі. Ён кажа, што ёсьць толькі адзін варыянт, як вырашыць праблему цягам аднаго дня. Сёньня за адзін даляр даюць каля двух беларускіх рублёў. Можна абваліць яго на адзін дзень да 1 рубля 50 капеек. І адразу заявіць: сярэдні заробак у 500 даляраў дасягнуты. А на наступны дзень вярнуць кошт даляра да двух рублёў.

Дарэчы, калегі, зьвярніце ўвагу, як апошнім часам кошт даляра і эўра рэгулярна паніжаецца адносна беларускага рубля. Так што жарты жартамі, а ўлады, падобна, карыстаюцца і гэтым прыёмам — зьбіць кошт даляра як мага мацней. Тады і на 500 даляраў лягчэй будзе выйсьці.

статыстыка паказвае, што прамысловасьць спыніла падзеньне, якое працягвалася з 2013 году. І тут мы пачалі толькі намацваць дно

Віталь Цыганкоў казаў пра пасяджэньне ў Міністэрстве прамысловасьці, пра загад міністра. Я хачу дадаць, што там выступіў і віцэ-прэм’ер Сямашка, які курыруе і гэтую галіну. Ён адзначыў, што беларускія прамыслоўцы «апошнія тры гады працуюць нядрэнна», што, на мой погляд, гучыць вельмі дзіўна. А дадзеныя за 2016 год і зусім кажуць пра тое, што «мы пачынаем выходзіць з крызісу».

Эканамісты з такімі ацэнкамі не пагаджаюцца. Яны кажуць: статыстыка паказвае, што прамысловасьць спыніла падзеньне, якое працягвалася з 2013 году. І тут мы пачалі толькі намацваць дно. Але гэта зусім не азначае, што прамысловасьць выходзіць з крызісу. А калі выхаду з крызісу няма, то як можна мець 500 даляраў?

І тут можна пагадзіцца з прагнозам, які зрабіў Віталь Цыганкоў. 500 даляраў будуць забясьпечаныя. Але гэта будуць, па сутнасьці, «пустыя» грошы. Памятаеце, Лукашэнка казаў: калі вельмі хочаце, то я зраблю заробак і тысячу даляраў на месяц. Але колькі тады будуць каштаваць, харчы, іншыя тавары, камунальныя паслугі і г.д.?

Таму, я думаю, загадным шляхам заробак у 500 даляраў будзе сёлета забясьпечаны. Але ён справакуе моцны рост інфляцыі. І ўсё будзе каштаваць значна даражэй. У выніку мы можам у 2017 годзе выйсьці на парадаксальную сытуацыю. З аднаго боку, заробак у паўтысячы даляраў будзе існаваць. З другога боку, рост цэнаў будзе такі моцны, што гэтыя 500 даляраў проста будуць насамрэч важыць значна меней.

Цыганкоў: Такая сытуацыя была пэўны час у краінах Балтыі. Там нацыянальныя валюты былі вельмі стабільныя. У выніку заробак у даляравым вылічэньні рос даволі актыўна, але ж нацыянальныя статыстычныя камітэты фіксавалі, што ўзровень даходаў у 90-я, нулявыя гады актыўна падаў.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG