Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ці заменіць іранская нафта расейскую на нафтаперапрацоўчых заводах Беларусі?


Абмяркоўваюць Уладзімер Глод, Валер Карбалевіч, Віталь Цыганкоў.

Глод: «Беларуснафта» закупіла ў Нацыянальнай іранскай нафтавай кампаніі 80 тысяч тон нафты, гэта каля 600 тысяч барэляў. Яе набылі праз даччынае прадпрыемства «Беларуснафты» ў Польшчы. Мяркуецца, што груз будзе дастаўлены марскім шляхам у Адэсу або Вэнтсьпілс, а адтуль чыгункай нафту пераправяць у Беларусь.

Беларусь упершыню закупіла «чорнае золата» ў Іране. Аднак гэтая зьдзелка не выглядае сэнсацыйнай. Беларусі трэба загружаць свае заводы ў Мазыры і Наваполацку, а Іран, які з прычыны санкцыяў 10 гадоў ня мог выстаўляць сваю нафту на міжнародны рынак, цяпер згодны прадаць яе каму заўгодна. Так што тут інтарэсы Менску і Тэгерану цалкам супадаюць.

Вядома, 80 тысяч тон — гэта вельмі дробная лічба, калі параўноўваць яе з тымі 22–23 мільёнамі тон, якія Беларусь штогод закупляла ў Расеі. Але ж, зразумела, пакуль гаворкі пра тое, што іранская нафта хоць напалову заменіць расейскую, не вядзецца. Тут адбылася першая адпрацоўка самой схемы пастаўкі. Пра памеры закупаў размова пойдзе пазьней, калі прааналізуюць плюсы і мінусы такіх перавозак.

найлепшы зь фінансавага пункту гледжаньня варыянт — набываць нафту ў Расеі. Бо ён самы танны

Зразумела, што пошукі новай нафтавай крыніцы Беларусь пачала не ад добрага жыцьця. Што б там ні казалі, спадабаецца гэта камусьці ці не спадабаецца, але ж найлепшы зь фінансавага пункту гледжаньня варыянт — набываць нафту ў Расеі. Бо ён самы танны.

Ранейшыя сытуацыі, калі Беларусь набывала «чорнае золата» ў Вэнэсуэле і Азэрбайджане, даказалі — такія закупы даражэйшыя. А набыцьцё сыравіны ў Іране — гэта, я думаю, выклік Крамлю. Маўляў, глядзіце, мы пры неабходнасьці абыдземся і бяз вас. Таму гэта, на мой погляд, чыста палітычны ход Менску. Але ход, разьлічаны на рэакцыю і расейцаў, і беларусаў. Расейцам далі зразумець, што купляць нафту можна і ў іншых краінах. А беларусам паказалі — не хвалюйцеся, нават калі Расея істотна зьменшыць аб’ёмы паставак, мы не прападзем.

Апошняе асабліва важна цяпер, калі насельніцтва аж кіпіць ад праблемы «дармаедаў». Таму так важна супакоіць людзей.

Што тычыцца варыянту ўрэгуляваньня беларуска-расейскага нафтагазавага канфлікту, то тут усё ў руках Пуціна. Беларускі віцэ-прэм’ер Сямашка прагаварыўся, што Менск ужо прадставіў Расеі дваццаты сцэнар вырашэньня спрэчкі. Але ж патрэбна зацьвярджэньне яго на вышэйшым узроўні. І гэта толькі дадаткова пераконвае — сутнасьць канфлікту зусім не ў эканоміцы. Спрэчку могуць вырашыць толькі Пуцін і Лукашэнка. Беларускаму кіраўніку, зразумела, хочацца зрабіць гэта як мага хутчэй. Таму ён і абвясьціў, што сустрэча двух прэзыдэнтаў адбудзецца 9 лютага. Аднак перамовы не адбыліся. І ясна чаму. Маскве няма куды сьпяшацца. Наадварот, уражаньне такое, што там хочуць правучыць беларускага кіраўніка. Але, каб гэта не выглядала так відавочна, Масква робіць выгляд, што адбываюцца перамовы, што шукаюць лепшыя варыянты і г.д. Я б сказаў, што на нашых вачах праходзіць вялікі прапагандысцкі спэктакль.

Цыганкоў: Актывізацыя пошуку альтэрнатыўных крыніцаў нафты наступае для Беларусі заўсёды, калі адбываецца эканамічны канфлікт з Масквой. Так што гэта, безумоўна, ня толькі эканамічнае значэньне мае, але і палітычнае.

Колькі шуму было ў свой час наконт пэрспэктывы нафтавага супрацоўніцтва з Вэнэсуэлай, калі Аляксандар Лукашэнка абяцаў, што адна з найтаньнейшых у сьвеце нафтаў пойдзе альбо танкерамі, альбо па сыстэме абмену нафты з Азэрбайджанам! Але з розных прычынаў нічога ня выйшла, і ўся тэма сышла ў нікуды. Здаецца, на цяперашні момант, улічваючы сытуацыю ў Вэнэсуэле, гэтая схема ўвогуле ня можа адрадзіцца.

Можна знайсьці нават нафту трошкі даражэй, але галоўнае — загрузіць нафтаперапрацоўчыя заводы, бо пасьля перапрацоўкі любая, нават досыць дарагая нафта, напрыклад з Ірану, ператвараецца ў нафтапрадукт і прадаецца на Захад

Але тое, што дагэтуль няма ў Беларусі стабільных паступленьняў іншай, нерасейскай нафты — гэта вялікая геапалітычная праблема для афіцыйнага Менску. Дагэтуль Беларусь застаецца адзінай краінай у рэгіёне, якая цалкам залежыць ад расейскай нафты. Эканамічныя выгоды ёсьць, але гэта і эканамічны рычаг, які цяпер Масква вось так адкрыта выкарыстоўвае. Мы ведаем, што Масква зьменшыла пастаўкі сваёй нафты на беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы, ад гэтага заводы не загружаныя, і беларускі бюджэт мае страты. Гэтае пытаньне Менск шукае як вырашыць, і іранскі варыянт на сёньня здаецца адным з найлепшых. Можна знайсьці нават нафту трошкі даражэй, але галоўнае — загрузіць нафтаперапрацоўчыя заводы, бо пасьля перапрацоўкі любая, нават досыць дарагая нафта, напрыклад з Ірану, ператвараецца ў нафтапрадукт і прадаецца на Захад, і ад гэтага заводы атрымліваюць прыбытак. Магчыма, не такі вялікі, як ад расейскай нафты, але ўсё ж.

Таму, мне здаецца, цяпер адбываецца тое, што можна ахарактарызаваць фразай «жыцьцё прымусіць». Магчыма, ня мела да гэтага кіраўніцтва Беларусі вялікіх ілюзіяў, але цяпер жыцьцё прымушае шукаць альтэрнатыўныя крыніцы. Адна навіна, якая была восеньню, — пра азэрбайджанскую нафту, цяпер другая — пра іранскую. Гэтыя навіны ўжо становяцца тэндэнцыяй, правілам, мы будзем іх чуць усё больш. І калі сапраўды пачынаецца з досыць сьціплых аб’ёмаў, то зь цягам часу Беларусь будзе выходзіць на большыя аб’ёмы замежнай нерасейскай нафты.

Карбалевіч: Я не такі аптымістычны, як Віталь Цыганкоў. Прыбытак ад гэтай камэрцыі калі ёсьць, то ён зусім невялікі, але я думаю, што яго ўвогуле няма. У гэтай інфармацыі багата няпэўнага. Толькі паведамленьне агенцтва Reuters. Зь беларускіх крыніц пакуль ніякай інфармацыі няма, яны хаваюць гэтую падзею. І Reuters паведамляе, што працэс куплі ня скончыўся, ён яшчэ толькі ідзе. Незразумелая таксама лягістыка пастаўкі. Абмяркоўваецца нават маршрут праз Балтыйскае мора, што, на мой погляд, зробіць гэтую нафту больш дарагой. Пакуль толькі пэўнасьць існуе ў аб’ёмах: 80 тыс. т. Гэта супастаўна з аб’ёмам азэрбайджанскай нафты (85 тыс. т).

Выступаючы на прэсавай канфэрэнцыі 3 лютага, Лукашэнка сказаў, што Азэрбайджан пастаўляе нам нафту на льготных умовах, нават ёсьць невялікая маржа. Але калі гэтыя пастаўкі спыненыя, то, падаецца, маржы няма

Нагадаю, што, выступаючы 7 кастрычніка 2016 г. на сустрэчы з дэпутатамі Нацыянальнага сходу, Лукашэнка сказаў, што Беларусь вядзе перамовы з Іранам аб пастаўках нафты. Паводле ягоных слоў, гэта робіцца ў сувязі са складанасьцямі ў перамовах па нафце і газе з Расеяй. «Мы вядзем перамовы з Іранам, які проста кідаецца ў пошуках, куды паставіць нафту. І гатовы нам зьніжаць цану», — сказаў ён.

Тут цікава, чаму няма працягу паставак нафты з Азэрбайджану. Выступаючы на прэсавай канфэрэнцыі 3 лютага, Лукашэнка сказаў, што Азэрбайджан пастаўляе нам нафту на льготных умовах, нават ёсьць невялікая маржа. Але калі гэтыя пастаўкі спыненыя, то, падаецца, маржы няма. І гэта робіцца толькі дзеля таго, каб не стаялі НПЗ, бо цяпер яны працуюць на палову загрузкі.

Але вось жа прыйшло паведамленьне, нібыта віцэ-прэм’еры Беларусі і РФ Сямашка і Дварковіч дамовіліся і па газавым, і па нафтавым пытаньні. Цяпер трэба толькі ўхваленьне на вышэйшым узроўні. У такім выпадку патрэба як у іранскай, так і ў азэрбайджанскай нафце зьнікае.

Глод: Спадар Карбалевіч сказаў, што нафтаперапрацоўчыя заводы загружаныя напалову. Я памятаю, у Палаце прадстаўнікоў выступаў хтосьці з кіраўнікоў нафтахімічнага канцэрну, і ён казаў, у чым адрозьненьне нафтаперапрацоўчага заводу, напрыклад, ад аўтамабільнага. Аўтамабільны спыніў — празь месяц узнавіў. А калі спыняецца, скажам, на месяц нафтаперапрацоўчы завод, то, каб запусьціць зноў усе вось гэтыя працэсы, трэба як мінімум месяц, а то і паўтара. Таму гэтая сытуацыя небясьпечная. Можа, Беларусь і сапраўды ня мае маржы ад гэтай іранскай нафты, але тут, мабыць, хутчэй пытаньне ў тым, каб ня столькі атрымаць прыбытак, колькі ня даць спыніцца заводу.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG