Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Франсуа Фіён хоча захаваць санкцыі супраць Расеі — памочнік


Франсуа Фіён

Франсуа Фіён

Кандыдат у прэзыдэнты Францыі Франсуа Фіён, які перамог на праймэрыз кансэрватараў, лічыць, што санкцыі супраць Расеі павінны захоўвацца.

На думку Фіёна, ня варта здымаць абмежаваньні, пакуль Масква ня выведзе войскі з усходу Ўкраіны. Пра гэта заявіў дараднік палітыка па міжнародных справах Бруно Лё Мэр у інтэрвію агенцтву Reuters. Расія неаднаразова абвяргала сваё дачыненьне да канфлікту ў Данбасе.

Былога прэм’ер-міністра Францыі Франсуа Фіёна лічылі чалавекам, які сымпатызуе Крамлю. Раней ён неаднаразова скептычна выказваўся пра санкцыі. Незалежны кандыдат у прэзыдэнты Францыі, былы міністар эканомікі Эманюэль Макрон раней абвінаваціў расейскія СМІ Sputnik і RT у падтрымцы Фіёна і распаўсюдзе «фэйкавых навінаў». Тэлеканал RT катэгарычна адхіліў абвінавачаньні, назваўшы іх беспадстаўнымі. Крэмль таксама адмаўляе любое ўмяшаньне ў выбары ў Францыі.

Апошнімі тыднямі рэйтынг Фіёна зьнізіўся з прычыны карупцыйнага скандалу вакол яго жонкі. Яе падазраюць у атрыманьні незаконных выплат. Паводле апошніх апытаньняў, у першым туры галасаваньня можа перамагчы лідэр ультраправых Марын Лё Пэн, тым часам як Фіён і Макрон набіраюць прыкладна па 20 працэнтаў галасоў. Пры гэтым у другім туры каля 60 працэнтаў выбарцаў могуць падтрымаць Эманюэля Макрона.

XS
SM
MD
LG