Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Віцебску зьбіраюць подпісы, каб школьнікам дазволілі бясплатна езьдзіць ня толькі ў школу


Актывісткі БХД Тацяна Севярынец і Алена Шабуня зь Віцебску перадалі ў мясцовыя органы ўлады подпісы гараджанаў за тое, каб школьнікам дазволілі бясплатна езьдзіць ня толькі ў школу.

У Віцебску, як, дарэчы, і ў Берасьці, вучні агульнаадукацыйных установаў маюць права на бясплатны праезд толькі да месца вучобы і назад. Кандуктары пільнуюць, ці ёсьць у дзіцяці даведка са школы, дзе ён навучаецца. І як толькі школьнік «адхіліўся ад маршруту», патрабуюць грошы за праезд.

У Віцебску было нават, што кандуктарка запатрабавала аплату за праезд у школьніка з нагой у гіпсе — са школы ён ехаў у паліклініку.

На мясцовым форуме бацькі пішуць, што вучняў проста высаджвалі з транспарту, калі дзіця ехала ў школу ня з дому, а, прыкладам, ад бабулі зь дзядулем, якія жывуць у іншым раёне. Або патрабавалі плаціць за праезд, калі кандуктарка вырашыла, што школьнік зайшоў «не на тым прыпынку».

Сытуацыю з праездам школьнікаў у грамадзкім транспарце Віцебску трэба неадкладна паправіць, лічыць сябра аргкамітэту па стварэньні БХД Алена Шабуня:

«У Магілёве дзеці езьдзяць бясплатна ў любым кірунку, апрача часу вакацыяў. Тое самае я чула ад жыхароў Гародні і Менску. Чаму віцебскія школьнікі апынуліся ў горшых умовах? Як вядома, наш рэгіён далёка ня самы заможны ў параўнаньні зь іншымі. Тым ня менш бацькоў змушаюць выдаткоўваць досыць вялікія грошы, калі дзіця вучыцца, прыкладам, у музычнай школе, куды езьдзіць некалькі разоў на тыдзень. Або калі дзіця наведвае басэйн ці спартовую сэкцыю».

Чаму віцебскія школьнікі апынуліся ў горшых умовах?

Алена Шабуня — маці траіх дзяцей. Яна ня раз чула пра выпадкі, калі бацькі вымушаны адмаўляцца ад таго, каб дзеці-школьнікі наведвалі ўстановы дадатковай адукацыі. Выходзіць, што бясплатна можна даехаць толькі на гурткі ў сваёй жа школе.

Спадарыня Алена дадае, што ў раёнах новабудоўляў не хапае школ, ёсьць перабоі з грамадзкім транспартам:

«Я жыву ў мікрараёне Білева, дзе на 20 зь лішкам тысяч насельніцтва — усяго адна школа. Абяцалі пабудаваць яшчэ адну, нават заклалі падмурак. Але ён так прастаяў колькі год, пакуль улады не прынялі рашэньне яго зруйнаваць — раз грошай на будоўлю ўсё адно няма. Балюча глядзець, як малодшыя школьнікі штораніцы ціснуцца ў аўтобус са сваімі заплечнікамі, каб даехаць да школы ў іншым раёне! Калі там заставацца яшчэ й на гурткі, то дзіця вернецца дахаты позна ўвечары. Аднак у нас у Білеве няма ні дзіцячых клюбаў, ні музычных, ні спартовых школ. Хоць мы ўвесь час чуем з тэлевізара, што ў нас сацыяльна-арыентаваная дзяржава... А паездкі ў паліклініку? У нашым Білеве і паліклінікі няма, так што ехаць давядзецца ў любым выпадку! Гэта зноў-такі грошы! А зьезьдзіць да бабулі-дзядулі? За гэта трэба таксама плаціць!»

За тое, каб школьнікі езьдзілі ў грамадзкім транспарце бясплатна, з улікам складанага эканамічнага становішча ў рэгіёне і няразьвітай інфраструктуры, актывістка за пару гадзін сабрала на аўтобусным прыпынку каля 90 подпісаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG