Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абавязак кахаць


Наста Захарэвіч
Наста Захарэвіч

Калі я прыяжджаю да маці ў госьці, дык часам сустракаю суседзяў і іншых яе знаёмых. Яны ветліва ўсьміхаюцца, вітаюцца і задаюць адно і тое ж пытаньне: «Ну што, выйшла замуж ужо?»

Часам мне здаецца, што па паштовых скрынях ім раскідваюць не толькі жыроўкі, часопісы Сьведкаў Яговы і рэкляму супэрмаркетаў, але і мэтадычкі «Як размаўляць з дзецьмі знаёмых, якіх бачыш раз на некалькі гадоў». І гэтыя мэтадычкі яны завучваюць на памяць, каб, крый Божа, ня зьбіцца са шляху і запытацца пра працу, паскардзіцца на надвор’е ці проста адзначыць, што даўно не бачыліся.

Насамрэч так было заўжды. Мне пяць гадоў, і дарослыя называюць мяне будучай нявестай; мне дзесяць, і яны кажуць, што я ўжо амаль як нявеста; мне шаснаццаць, і я ўжо ну зусім нявеста вырасла. Мае захапленьні, гульні, вучоба, праца, валянтэрства заўжды на другім пляне. І чым старэйшай станаўлюся, тым больш настойліва навакольныя жадаюць мне быць у рамантычных стасунках. Мне жадаюць «жаночага шчасьця», «знайсьці сваю другую палову», «рэалізавацца як жанчыне». «Проста стасункі», дарэчы, не залічваюцца — гэта мусіць быць гетэрасэксуальны афіцыйна зарэгістраваны шлюб.

Нібыта коткі горшыя за мужчыну

Калі жанчына ня мае рамантычных стасункаў, альбо яе стасункі не трапляюць у шэраг паўнавартасных (гомасэксуальныя, незарэгістраваныя, альбо больш чым з адным партнэрам), яе пачынаюць шкадаваць. Кажуць, што яна няправільная, альбо заблыталася, альбо ня ведае сапраўднага шчасьця, альбо яшчэ не дарасла. А калі жанчына кажа, што ня хоча быць у стасунках, то ў найлепшым выпадку яе назавуць дурной і нясьмешна пажартуюць пра сорак котак. Нібыта коткі горш за мужчыну. Любога мужчыну. Лепей, вядома, хадзіць з сінякамі альбо быць вымушанай не працаваць за грошы, а займацца выключна абслугоўваньнем сям’і. Затое мужык у хаце.

Пераносяць дарослыя катэгорыі на дзяцей і кажуць, што гэта мусіць замілоўваць.

Гэтае вар’яцтва чамусьці называюць прапіснымі ісьцінамі. Кажуць пра нейкі неіснуючы сьвет, дзе ўва ўсіх жанчын аднолькавыя жаданьні, мары і крытэры шчасьця. Пераносяць дарослыя катэгорыі на дзяцей і кажуць, што гэта мусіць замілоўваць. Нібыта ўжо ў дзяцінстве дзеці разумеюць, «што да чаго».

Менскі сьпявак зьняў кліп, дзе закаханых граюць шасьцігадовыя дзеці, і ў артыкуле пра гэтую падзею кліп назвалі кранальным. Нам прапануюць паглядзець на гісторыю каханьня шасьцігадовых хлопчыка і дзяўчынкі! Безумоўна, ў кліпе граюць акторы, але ў рэальнасьці дзеці гэтага ўзросту ўжо ўключаны ў культ рамантычнага каханьня. І дарослыя не разглядаюць гэта як гульню, а сур’ёзна кажуць малым, якія яшчэ нават чытаць не ўмеюць, што яны — будучыя жонкі і мужы, што яны растуць «на выданьне».

Шмат якія дарослыя пра гэтым шчыра вераць, што жаданьне быць у сталых рамантычных стасунках закладзена прыродай, запраграмавана эвалюцыяй і ўвогуле выключна натуральнае, біялягічна абумоўленае і ня мае ніякай сувязі з тым, у якой сацыяльнай рэальнасьці мы жывем. Толькі вось чым больш эканамічна незалежнымі мы можам быць, тым больш асэнсавана і адказна ставімся да шлюбу, сужыцьця і іншых формаў сур’ёзных стасункаў. Аказваецца, каб пераадолець мітычную біялягічную абумоўленасьць, трэба проста даць рэальны выбар.

Грамадзтва, на жаль, усё яшчэ вельмі цісьне ў пытаньні шлюбу.

Дасьледчыца Ганна Шадрына піша, як зьмяняюцца рамантычныя стасункі ў дваццаць першым стагодзьдзі і прыходзіць да высновы, што мы ўсё больш ствараем пары ня вымушана (ня проста дзеля выжываньня). Мяне асабіста гэтая тэндэнцыя вельмі радуе, бо я шчыра ўпэўнена, што людзі, якія маюць больш варыянтаў выбару, больш шчасьлівыя. Але грамадзтва, на жаль, усё яшчэ вельмі цісьне ў пытаньні шлюбу, а людзей «без пары» ўсё яшчэ лічыцца прыстойным шкадаваць і падбадзёрваць, не запытваючыся меркаваньня саміх гэтых людзей.

А на пытаньне малазнаёмых людзей, ці выйшла я ўжо замуж, звычайна адказваю «ой, сплюньце!» Вельмі эфэктны і эфэктыўны адказ.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG