Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гісторык Генадзь Семянчук у майстэрні «Naščadki» вучыць шукаць сваіх продкаў


Гісторык Генадзь Семянчук
Гісторык Генадзь Семянчук

Сёньня ў Горадні прэзэнтуюць гістарычна-генэалягічную майстэрню «Naščadki». Першае пасяджэньне адбудзецца ў Цэнтры гарадзкога жыцьця Горадні #uCentry. Запрашае кіраўнік майстэрні гісторык і археоляг Генадзь Семянчук. Два гады таму зь ім не працягнулі кантракт ва ўнівэрсытэце імя Янкі Купалы.

Генадзь Семянчук сказаў «Свабодзе», што пасьля звальненьня з унівэрсытэту нямала часу прысьвячае працы ў архівах. Раней ён дапамагаў шукаць радавод кіраўніку Цэнтру гарадзкога жыцьця Паўлу Мажэйку. Сваімі каранямі цікавяцца сёньня многія гарадзенцы. Таму і ўзьнікла задума стварыць гістарычна-генэалягічную майстэрню, кажа Семянчук:

«Кожны чалавек можа прыйсьці, паслухаць мае разважаньні пра генэалёгію, сямейную памяць. І практычныя парады, тэхнікі і мэтодыкі, як гэтым займацца, самастойна альбо наймаючы прафэсіянала. Сёньня многія самастойна ходзяць у архівы, прычым звычайныя людзі. Вялікая зацікаўленасьць сёньня існуе. І ўзьнікаюць пытаньні: як шукаць, дзе, як зрабіць гэта лепей?»

Зацікаўленьне сваімі сямейнымі гісторыямі — гэта першая адзнака сьпелага грамадзтва, мяркуе Генадзь Семянчук. Спачатку цікавяцца, якога ты паходжаньня, хто былі твае продкі — шляхта, сяляне, мяшчане? А потым пачынаюць цікавіць нацыянальныя карані. Гэта індыкатар нашага стану — ці правільна мы ідзем, ці ў слушны бок. Чым больш мы цікавімся сваім радаводам, тым больш у людзей зьяўляецца нацыянальнай годнасьці, перакананы гісторык:

Узровень веданьня сваіх каранёў — адзнака ўзроўню грамадзкай і нацыянальнай сьвядомасьці

«Іншая рэч, што часам людзі атрымліваюць „высьпяткі“ ад гісторыі. Высьвятляецца, што дзед ці прадзед быў „вертухаем“. Альбо сёньня сябруюць, а ў адной сям’і быў продак паўстанцам Каліноўскага, другі здаваў паўстанцаў расейскім уладам. Але пошукі радаводу — неабходнасьць людзкой культуры. Узровень веданьня сваіх каранёў — адзнака ўзроўню грамадзкай і нацыянальнай сьвядомасьці».

Якія бываюць канкрэтныя прычыны цікавасьці да генэалёгіі? Генадзь Семянчук для сябе вызначыў, што першая — прагматычная. Хочацца або падаць дакумэнты на «карту паляка», або даведацца, ці не паходзіш ты часам са шляхты. А раптам?

Ёсьць і іншыя прычыны. Напрыклад, мы ведаем з гісторыі канкрэтныя прозьвішчы, вядомыя роды ХVІІІ—ХІХ стагодзьдзяў — гэта ня толькі шляхта, але сьвятарства, мяшчанства. Іхнія нашчадкі сёньня шукаюць дадатковых зьвестак пра гісторыю сям’і. Існуе і рамантычнае памкненьне адукаваных людзей, якім проста хочацца штосьці даведацца аб продках, няважна, ці паходзілі яны са шляхты, ці не. Такія мэты Генадзь Семянчук называе адукацыйна-культурнымі.

Першае пасяджэньне гістарычна-генэалягічнай майстэрні «Naščadki» адбудзецца на Савецкай вуліцы, 3.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG