Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як спаленыя тосты і смажаную бульбу зьвязалі з ракам


Пра гэта ў брытанскай газэце The Guardian піша Хана Дэвлін.

У 1997 годзе на паўднёвым захадзе Швэцыі будавалі тунэль праз горны хрыбет. У адзін момант навакольныя фэрмэры знайшлі на палях сваіх кароў паралізаванымі або мёртвымі, у мясцовай рацэ загінула рыба, а рабочыя на будаўнічай пляцоўцы сталі адчуваць млоснасьці і паколваньне ў канцовінах.

Разьбіраньне сытуацыі прывяло навукоўцаў на будаўнічую пляцоўку тунэлю. Аказалася, што каб запоўніць шчыліны ў горнай пародзе кампанія-падрадчык выкарыстала 1400 тон гермэтыка пад назвай Rhoca-Gil, які ўтрымліваў у сваім складзе вельмі таксычнае хімічнае рэчыва акрыламід.

Дасьледаваньнем сытуацыі занялася прафэсарка Стакгольмскага ўнівэрсытэту Маргарэт Торнквіст. Аналізы пацьвердзілі, што ў крыві рабочых знаходзіцца вялікая доза акрыламіду. Але нечакана акрыламід у значных дозах быў знойдзены і ў крыві добраахвотнікаў з кантрольнай групы, якія не падвяргаліся ўзьдзеяньню Rhoca-Gil.

«Мы зразумелі, што звычайныя людзі заўсёды падвяргаюцца ўзьдзеяньню акрыламіду», — сказала прафэсарка Торнквіст

Паколькі гэтае злучэньне не сустракаецца ў дзікіх жывёл, апрацаваныя харчовыя прадукты быў ідэнтыфікаваныя як верагодная крыніца атруты. У рэшце рэшт калектыў навукоўцаў высьветліў, што акрыламід зьяўляецца ў высокакрухмалістых прадуктах, такіх як хлеб і бульба, калі іх гатуюць на высокіх тэмпэратурах.

У 2000 годзе каманда швэдзкіх навукоўцаў апублікавала вынікі новага дасьледаваньня з удзелам пацукоў, якое пацьвердзіла, што спажываньне акрыламіду «зьвязана са значнай рызыкай разьвіцьця раку».

Далей у навуковым сьвеце пачаліся спрэчкі ці людзям насамрэч трэба турбавацца наконт акрыламіду ў сваім рацыёне.

Крытыкі сьцьвярджаюць, што падчас экспэрымэнтаў на жывёлах навукоўцы выкарыстоўвалі занадта вялікія дозы акрыламіду — нашмат вышэйшыя за сярэднюю штодзённую дозу спажываньня чалавекам. Чалавек павінен быў бы зьесьці 75 кіляграмаў чыпсаў кожны дзень на працягу двух гадоў, каб атрымаць інтэгральную дозу акрыламіду (200 мг/кг у дзень), якая выкарыстоўвалася ў дасьледаваньні на пацуках. Менавіта тое дасьледаваньне зьвязала акрыламід з пашкоджаньнем ДНК і ракам.

На думку ж прафэсаркі Торнквіст, хоць некаторыя хімічныя рэчывы і маюць мінімальную парогавую канцэнтрацыю, ніжэй за якую яны бясьпечныя, гэта не адносіцца да рэчываў, якія здольныя пашкодзіць ДНК, і вядомыя як канцэрагены. Менавіта да ліку такіх рэчываў адносіцца акрыламід. «У выпадку хімічных рэчываў, якія шкодзяць ДНК, мае месца лінейны адказ на дозу, таму нават самая маленькая доза павялічвае рызыку. Тут няма парогавай дозы», — сказала прафэсарка.

І вось у студзені 2017 году, піша The Guardian, Агенцтва харчовых стандартаў Вялікабрытаніі прыцягнула ўвагу спажыўцоў да праблемы акрыламіду і заклікала людзей не перасмажваць хлеб і бульбу да цёмнага (чорнага) колеру. Агенцтва прапанавала людзям трымацца правіла, паводле якога пры выпечцы тостаў, абсмажваньні крухмалістых прадуктаў, такіх як бульба або хлеб, трэба імкнуцца атрымаць залаціста-жоўты або сьвятлейшы колер ежы. Усё, што падсмажана да чорных прыгарак, на думку брытанскага рэгулятара, — шкоднае.

Але навуковыя спрэчкі па гэтым пытаньні працягваюцца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG