Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Кіеве абураныя пазыцыяй амбасадара Нямеччыны па Данбасу


Міністэрства замежных спраў Украіны запрасіла амбасадара Нямеччыны Эрнста Райхеля для тлумачэньняў у сувязі з заявамі аб урэгуляваньні ўзброенага канфлікту ў Данбасе.

У апублікаваным 7 лютага інтэрвію агенцтву «РБК-Украіна» нямецкі дыплямат заявіў, што выбары ў Данбасе «не абавязкова могуць адбыцца толькі тады, калі там ня будзе расейскіх войскаў або на кожнай гарадзкой адміністрацыі будзе вывешаны ўкраінскі сьцяг».

Ключавымі ўмовамі выбараў на ўсходзе краіны афіцыйны Кіеў называе вывад з тэрыторыі Данбаса замежных фармаваньняў і вяртаньне Ўкраіне кантролю над усёй усходняй мяжой з Расеяй. Выбачэньняў ад Эрнста Райхеля запатрабавалі ва ўкраінскім парлямэнце. Прадстаўнікі фракцый «Блёка Пятра Парашэнкі» і «Народны фронт» у знак пратэсту адмовіліся ад удзелу ва ўрачыстым прыёме ў нямецкай амбасадзе 7 лютага з нагоды 25-годдзя працы дыппрадстаўніцтва ва Украіне.

Вярхоўная Рада ў аўторак зьвярнулася да парлямэнтаў замежных дзяржаў і міжнародных арганізацый з заклікам асудзіць эскаляцыю, як гаворыцца ў дакумэнце, расейскай агрэсіі супраць Украіны. У прынятай пастанове дэпутаты заклікалі асудзіць Расею «за парушэньне рэжыму спыненьня агню і наўмыснае разбурэньне нерэгулярнымі і рэгулярнымі ўзброенымі фармаваньнямі горада Аўдзееўка Данецкай вобласьці, а таксама варварскія напады на абʼекты, неабходныя для выжываньня цывільнага насельніцтва».

У пэрыяд абвастрэньня сытуацыі ў Данбасе, галоўным чынам у Аўдзееўцы, з 29 студзеня па 5 лютага ў выніку масіраваных абстрэлаў, у тым ліку і «Градамі», загінулі 18 украінскіх вайскоўцаў і чацьвёра мірных жыхароў, больш за сто чалавек — атрымалі раненьні. У Кіеве заяўляюць, што падзеі ў Аўдзееўцы і яе ваколіцах варта кваліфікаваць як ваеннае злачынства, за якое адказная Расея.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG