Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алена Маркава: Нязломнасьць беларусізацыі дае надзею, што ня ўсё страчана


Гісторык Алена Маркава, супрацоўніца факультэту гуманітарных дасьледаваньняў Карлавага ўнівэрсытэту ў Празе, займаецца беларускай гісторыяй ХХ стагодзьдзя. Нядаўна ў Менску ў Бібліятэцы часопіса «Беларускі Гістарычны Агляд» выйшла яе кніга «Шлях да савецкай нацыі: Палітыка беларусізацыі (1924-1929)». Гэтая кніга аўтарка напісаная на матэрыялах сваёй доктарскай дысэртацыі. Яе навуковым кіраўніком быў Міраслаў Грох — адзін зь вядучых у сьвеце дасьледнікаў разьвіцьця нацыянальных рухаў і ўтварэньня нацыяў. З Аленай Маркавай мы пагаварылі ў нашай праскай рэдакцыі.

Сяргей Шупа: Гісторыкам вы зрабіліся ўжо тут, у Чэхіі?

Алена Маркава: Так, гэта быў сьвядомы выбар. Займацца гісторыяй была мая мара, і ніякія перашкоды не прымусілі мяне зьвярнуць з гэтага шляху. Першую адукацыю — эканамічную — я атрымала ў Менску, я нават адпрацавала год у міністэрстве эканомікі. Але пасьля я атрымала грант чэскага ўраду, паступіла на агульных падставах ў Карлаў унівэрсытэт, скончыла яго, абаранілася і зрабілася гісторыкам, які спэцыялізуецца на дасьледаваньні беларускай гісторыі.

СШ: Што было імпульсам таго, што вы пераселі з эканамічнага вагона ў гістарычны?

АМ: Думаю, што ў мяне была нейкая глыбокая зацікаўленасьць. Я заўважыла, што ў замежным гістарычным дыскурсе амаль ня згадваецца, не існуе Беларусь, і гэта вельмі крыўдна. Таму я вырашыла запоўніць гэты прагал і сама заняцца дасьледаваньнем, каб паказаць, што ў нас таксама вельмі цікавая гісторыя.

СШ: На якую тэму вы абараніліся?

АМ: Тэмай была нацыянальная палітыка ў савецкай Беларусі 1920-х гадоў, беларусізацыя. Гэта мой асноўны кірунак дасьледаваньняў.

Адкуль узялася беларусізацыя 1920-х?

СШ: Добра, дык і пяройдзем да беларусізацыі 1920-х — тэмы, у якой вы арыентуецеся лепш за каго іншага. Савецкая Беларусь узьнікала некалькі разоў — спачатку 1 студзеня 1919 году, празь нейкі месяц на яе месцы ўзьнік ЛітБел з расейскай мовай у якасьці афіцыйнай, а пасьля, калі скончылася польская акупацыя, 31 ліпеня 1920 году адбылося другое абвяшчэньне ССРБ, як яна тады называлася. На якім этапе гэтай савецкай дзяржаватворчасьці ўлады гэтай рэспублікі зьвярнулі сваю ўвагу на беларускую мову як фактар нацыябудаваньня?

АМ: Уласна кажучы, у гэтых ўтварэньнях, да пэўнай ступені штучных, не зьвярталася ўвага на нацыянальна-моўны фактар. (Зазначу, я тут не кажу пра БНР, а толькі пра савецкія праекты.) Гэтая ўвага, інтэнсіўны акцэнт на нацыянальны элемэнт, прыйшлі з маскоўскага цэнтру, як бы парадаксальна гэта ні гучала, калі наркамнац Сталін зьвярнуў увагу на тое, што існуе вельмі слабая сувязь паміж урбанізаваным пралетарыятам, які інтэнсіўна падтрымлівае ідэі камунізму, і сялянствам на ўскраінах імпэрыі якое ня толькі далёкае ад ідэяў сусьветнай пралетарскай рэвалюцыі, але часта ня ведае і расейскай мовы. Як перакінуць мост паміж імі? Тут гаворка была зусім не пра прыхільнасьць да нацыянальнага на ўскраінах, а пра тое — як утрымаць уладу! І так узьнікае ідэя «нацыяналізацыі» савецкай улады — каб яе ідэі былі даступныя, зразумелыя нярускаму селяніну, каб ён зразумеў, што тыя ідэі — гэта «якраз тое, што ён хоча».

СШ: Калі была абвешчаная гэтая ідэя?

АМ: Яе сфармуляваў Сталін на Х зьезьдзе РКП(б) у сакавіку 1921 году. Гэта быў добра прадуманы крок. Вось, вы — новасьпечаны ўладар былой імпэрыі, якая нагадвае patchwork, гатовы распаўзьціся па швах. Што вы зробіце, калі ў апазыцыі да вас — адсталае сялянства, нацыянальная інтэлігенцыя? Як рэкрутаваць сваіх людзей з шэрагаў гэтага сялянства, каб яны ўсталёўвалі і ўмацоўвалі савецкую ўладу? Стварыць школы на нацыянальнай мове, пашыраць на нацыянальнай мове ідэі пралетарыяту!

СШ: Але ж на беларускую глебу гэтыя зярняты ўпалі не адразу — праект беларусізацыі пачаўся толькі ў 1924 годзе. Чаму трэба было чакаць цэлыя тры гады, і што ў гэтыя гады ў згаданай сфэры адбывалася?

АМ: Ды ўсё проста: не было непасрэднай дырэктывы, маскоўскі цэнтар не сказаў: «А зараз — старт!» Былі пэрспэктыўныя напрамкі разьвіцьця, але яны яшчэ не былі аформленыя заканадаўча. Таму ад 1921 году назіраецца рост паасобных ініцыятываў натхнёных беларускіх патрыётаў. Так, народны камісар асьветы Ўсевалад Ігнатоўскі з уласнай ініцыятывы пачаў уводзіць беларускую мову ў працу наркамату.

СШ: А ўнівэрсытэт, школьніцтва?

АМ: Фактычна нічога. Калі падыходзіць з чыста фактычнага гледзішча — сытуацыя несуцяшальная. Толькі паасобныя ініцыятывы, перавод справаводзтва ў адзінкавых выпадках у некаторых установах, нязначнае пранікненьне беларускай мовы ў пачатковыя школы, і самае вялікае — пашырэньне беларускамоўных аматарскіх тэатральных гурткоў. Але з гледзішча дзяржаўнага будаўніцтва — ня густа...

Канстытуцыя БССР 1927
Канстытуцыя БССР 1927

Нашто стваралася Савецкая Беларусь

СШ: І ўсё ж згадаем пра БНР. Часта выказваецца думка, што без БНР не было б БССР, што нават кароткае існаваньне БНР было сыгналам для бальшавікоў, што беларускае пытаньне сапраўды існуе і яго нельга абысьці. Наколькі такое прыпушчэньне апраўданае?

АМ: Магчыма, я некага засмучу або справакую дыскусію, але я лічу, што ня варта пераацэньваць БНР у якасьці фактару стварэньня беларускай савецкай дзяржаўнасьці (або «дзяржаўнасьці»). Гэта наагул цікавае пытаньне — нашто стваралася БССР. Каб трымаць пад кантролем нацыянальныя ініцыятывы — бо былі і нацыянальна арыентаваныя камуністы...

СШ: Але, мабыць, зусім не для таго, каб падрыхтаваць пляцдарм для будучай паўнацэннай незалежнай дзяржавы — а хутчэй наадварот?

АМ: Трэба сказаць, што нашы беларускія дасьледнікі, якім удалося пазьбегчы савецкай рэпрэсіўнай машыны і якія ў 1950-60-х гадах працавалі ў мюнхенскім Інстытуце дасьледаваньня СССР, сапраўды лічылі, што БССР была плятформай для будучай дзяржаўнасьці, але, думаю, гэта была ілюзія. Маскоўскаму цэнтру было неабходна ахапіць як мага больш тэрыторыі. Далейшай задачай было ліквідаваць нацыянальныя адрозьненьні, каб стварыць гамагенны, аднародны савецкі народ. І я лічу, што гэта ім у пэўнай ступені ўдалося.

Беларуская рэспубліка чатырох моваў

СШ: Як пачаўся праект беларусізацыі?

АМ: У 1924 годзе пленум ЦК КП(б)Б прыняў рэзалюцыю «Аб практычных мерапрыемствах па правядзеньні нацыянальнай палітыкі», а 15 ліпеня таго году гэтая рэзалюцыя была зацьверджаная пастановай ЦВК і набыла сілу закону.

Паводле рэзалюцыі, нацыянальная палітыка палягала ў прыярытэтным прасоўваньні беларускай мовы ў сфэру партыйнага і дзяржаўнага справаводзтва на ўсіх узроўнях і ў сфэру вышэйшай і сярэдняй адукацыі. Апрача таго падтрымліваліся беларусазнаўчыя і краязнаўчыя дасьледаваньні — ствараліся адпаведныя катэдры, адукацыя мусіла ўлічваць нацыянальны аспэкт. Падтрымлівалася разьвіцьцё і прасоўваньне беларускай мовы ў публічным дыскурсе — у друку, інфармацыі, элемэнтах афармленьня, шыльдах і г. д.

Другая частка гэтай палітыкі — каранізацыя, прасоўваньне на вядучыя пазыцыі прадстаўнікоў карэннай нацыі — этнічных беларусаў.

Паралельна зь беларусізацыяй адбывалася ідышызацыя, а таксама падтрымка разьвіцьця польскай культуры. (Тэрмін «палянізацыя» з зразумелых прычынаў не выкарыстоўваўся.)

Пастанова вызначыла чатыры афіцыйныя мовы ССРБ, што было замацавана ў канстытуцыі, прынятай у 1927 годзе.

СШ: Ці была вызначаная нейкая герархія гэтых моваў?

АМ: Пераважнай, прыярытэтнай мовай зносінаў у дзяржаўнай сфэры абвяшчалася беларуская — як мова тытульнай нацыі. Астатнія тры мовы былі між сабою раўнапраўныя. Усе афіцыйныя шыльды, блянкі, пячаткі мусіць быць на чатырох мовах.

СШ: Я заўважаў у тагачасных публікацыях нейкае спэцыфічнае стаўленьне да расейскай мовы. Яна падавалася як мова колішніх прыгнятальнікаў, мова «велікарускага шавінізму», і паводле праекту беларусізацыі ў яе забіралася частка яе колішняе прасторы.

АМ: Натуральна. Але тэорыя разыходзілася з практыкай. На працягу стагодзьдзяў расейская мова была і надалей заставалася мовай сацыяльнага прэстыжу, кар’ернага росту, якая давала магчымасьць «адарвацца ад лапцей», «зрабіцца чалавекам».

Цяжкая доля інспэктараў Нацкамісіі

СШ: Наколькі палажэньні згаданай пастановы 1924 году суадносяцца з палажэньнямі Закону аб мовах 1989 году? Ці там таксама вызначаліся пэўныя тэрміны для паасобных катэгорыяў службоўцаў?

АМ: Натуральна. Часавыя рамкі былі ад трох гадоў у прыярытэтных ведамствах — наркаматах асьветы, пошты. Першымі мусілі перавесьці справаводзтва на беларускую мовы тыя, хто кантактуе з насельніцтвам. Усё гэта мелася праводзіцца ў вельмі сьціслыя тэрміны, быў строгі кантроль, праверкі, усё было пастаўлена на высокі арганізацыйны ўзровень, была запушчаная машына, якая займалася ўкараненьнем гэтага праекту.

СШ: Ці прадугледжваліся пакараньні за невыкананьне, недатрыманьне тэрмінаў?

АМ: Вядома. Але і тут словы разыходзіліся з справай. Часам на прадпрыемстве чалавек проста адмаўляўся вывучаць беларускую мову. Аднак, як сьведчаць архіўныя матэрыялы, інспэктары падыходзілі да справы вельмі «мякка». Перш чым зрабіць вымову, яны мусілі высьветліць усе абставіны адмовы, запрапанаваць нейкія гурткі, курсы. І толькі калі такі чалавек адмаўляўся ўжо, скажам, пяты раз здаваць іспыты — калі гэта ўжо выглядала як найгрубейшае парушэньне, неахвота ці нават пагарда да мовы — толькі тады абвяшчалася нейкая вымова. Часам можна было і вылецець з працы, але такія выпадкі былі адзінкавыя. Можа, якіх 20 чалавек за чатыры гады. Гэта ўжо былі сапраўдныя інцыдэнты.

СШ: Што за людзі былі гэтыя інспэктары? Адкуль іх бралі, каму яны падпарадкоўваліся, да якой установы належалі? Колькі іх было?

АМ: Усе яны належалі да Народнага камісарыяту асьветы (НКА). НКА меў у сваім складзе Нацыянальную камісію, якая была створаная на моцы пастановы аб беларусізацыі. Нацкамісія сачыла за ўкараненьнем, за тэрмінамі, выпрацоўвала рэкамэндацыі і справаздачы. У штаце яе былі інспэктары, якія праводзілі праверкі. У НКА на іх грошай не было, таму фармальна яны часта належалі да мясцовых выканкамаў.

СШ: А былі нейкія інспэктары, якія праводзілі ідышызацыю?

АМ: Тут было крыху цікавей. Усе намаганьні былі кінутыя на беларусізацыю. Да ідышызацыі ўвагі было меней. Хадзілі, напрыклад, і правяралі міліцыю, суды, каапэратывы, банкі — ці былі супрацоўнікі, якія б здолелі адказаць габрэйскім кліентам. Праблема была вялікая — людзі не хацелі пераходзіць на ідыш там, дзе раней ён не ўжываўся. Ідыш таксама ягонымі носьбітамі — габрэямі — не ўспрымаўся сацыяльна прэстыжнай мовай, і не мог зраўняцца з мовай расейскаю.

Алена Маркава
Алена Маркава

Хто і чаму супраціўляўся беларусізацыі

СШ: Давайце пагаворым пра супраціў беларусізацыі. Валянцін Акудовіч у адной сваёй кнізе зазначыў, што найбольш супраціўляліся беларусізацыі 1920-х гадоў якраз беларускія сяляне. Ці гэта праўда?

АМ: Гэта праўда. Сапраўды, сяляне супраціўляліся найбольш. Але наагул — супраціўляліся людзі з усіх пластоў грамадзтва, апрача вузкага кола навукоўцаў і інтэлігенцыі, якія самі і праводзілі беларусізацыю. У шырокіх масах беларуская мова надалей успрымалася як непрэстыжная. За 120 гадоў русыфікацыі расейская мова зрабілася мовай сацыяльна прэстыжнай, мовай кар’еры. Але ў розных катэгорыяў насельніцтва былі свае прычыны не любіць беларускую мову.

Сяляне не хацелі «вяртацца да лапцей». Ім здавалася — «ну вось, прыйшлі саветы, толькі пачалі жыць, а тут зноў — беларуская мова! Што ж вы дзяцей нашых вучыце беларускай мове? Мы ж хочам, каб яны „людзьмі зваліся“, навучыліся добра па-расейску!» Яны ўспрымалі гэта як сацыяльны рэгрэс.

Чыноўнікі не любілі беларускую мову, бо не хацелі «ламаць язык», прафэсійна перавучвацца, праходзіць моўную перакваліфікацыю, ім гэта ўсё ўвогуле здавалася нечым ірацыянальным — нашто гэта трэба? што гэта ў партыі за капрызы?

Сама камуністычная партыя, хоць і мелася па ідэі быць флягманам беларусізацыі, але шараговыя партыйцы таксама не хацелі беларусізавацца. І — вельмі цікавы парадокс! — абруселыя этнічныя беларусы сярод партыйцаў і чынавенства менш за ўсё хацелі пераходзіць на беларускую мову і больш за ўсё супраціўляліся беларусізацыі. Калі мы параўнаем вынікі іспытаў па беларускай мове сярод чынавенства, у партыі або нават сярод вайскоўцаў, выявіцца, што габрэі ведалі беларускую мову лепш за этнічных беларусаў.

СШ: Але ж беларусы заўсёды азіраліся на начальства. А тут жа беларусізацыя праводзілася зьверху! Менск, цэнтар, партыя абвясьцілі такую палітыку — чаму ж яны адразу, як адзін, не паслухаліся і не перайшлі на беларускую мову? Ці яны ўсё роўна цэнтрам успрымалі ня Менск, а Маскву?

АМ: Сытуацыя была такая. Беларускія камуністы былі вельмі асьцярожныя. Існавала пэўная нявызначанасьць. «Таварыш, разьвівай мову, але не забывай, што расейская мова і інтэрнацыяналізм — нашмат важнейшыя». Дык вы ўжо тады вызначцеся: чаго вы хочаце — беларускай мовы ці расейскай.

СШ: І пры гэтым барацьба зь велікарускім шавінізмам...

АМ: Так і пры гэтым барацьба. Я гэтую сытуацыю называю «Паміж Сцылай і Харыбдай». Як прайсьці паміж Сцылай і Харыбдай, каб і кіраўніцтва было задаволена, што мы ўкараняем мову, і каб разам з тым ня ўпасьці ў крайнасьць беларускага нацыяналізму? Бо начальства заўсёды можа абвінаваціць: што ж ты, таварыш, перагінаеш палку?

Украінцы зьвярнулі ўвагу на гэтую дваістасьць. Мікола Скрыпнік назваў гэта падвойнай бухгальтэрыяй: як жа нам прасоўваць нацыянальную палітыку, а як раптам што — адразу нам па руках, маўляў, «папахвае нацыяналізмам»? Дык разьбярыцеся самі, чаго вы хочаце.

Нашы беларусы былі вельмі асьцярожныя і стараліся ня трапіць у такую сытуацыю. Яны хутчэй «перагіналі палку» ў другі бок, каб ніхто, ня дай бог, не сказаў, што мы тут разводзім нацыяналізм, дык лепш ужо трымацца бліжэй да расейскай мовы. Але ж выконваць распараджэньні камісіі трэба? Трэба. Выконваць каманды маскоўскага начальства трэба? Трэба. І існавала неафіцыйная згода: мы прасоўваем, мы выконваем, але мы больш за інтэрнацыяналізм, прыярытэты нам ясныя і зразумелыя.

«Ня трэба ціснуць, бо ўцякуць...»

СШ: У чым выяўляўся гэты супраціў, апрача невялікага імпэту да вывучэньня мовы? Былі нейкія пратэсты, лісты? Як на гэта ўсё рэагавалі тыя, хто праводзіў беларусізацыю?

АМ: Перш за ўсё была непавага да інспэкцыяў і да тых дзяржаўных мерапрыемстваў, якія праводзіліся ў рамках гэтай кампаніі. Чынавенства, службоўцы мусілі хадзіць на курсы — бясплатныя курсы беларускай мовы, гісторыі — і толькі пасьля яны мусілі патроху здаваць экзамэны. Дык што яны рабілі — яны на тыя курсы не хадзілі, або наймалі настаўніка і не плацілі яму, або прызначалі нарады менавіта ў гэты дзень. Напрыклад, на курсы з райвыканкаму запісвалася 37 чалавек, хадзіла, скажам, 17, а на экзамэны прыйшло 6, і тыя правалілі экзамэн. Проста ўсё гэта не ўспрымалі сур’ёзна. А пасьля прыходзіла інспэкцыя — ой, як жа ж так! Карацей кажучы, эфэктыўнасьць, на якую разьлічвалі ў наркамаце асьветы, была нізкая.

Другі момант — дэманстрацыйнае нежаданьне вучыць беларускую мову. Нацыянальная камісія ведала пра гэта, і інспэктары вельмі ляяльна ставіліся да спэцыялістаў. Ніхто на іх ня ціснуў, а ў кулюарных размовах казалі (як запісана ў пратаколах): «Ня трэба ціснуць, бо ўцякуць». Ну ня трэба, дык і ня трэба...

А трэці момант — афіцыйныя скаргі. Сялянства скардзілася: ня трэба нам гэтую беларускую школу. Але трэба сказаць — гэтых скаргаў было мала. Калі паглядзець на працу камісіі, то пратаколы сьведчаць, што для гарадзкіх чыноўнікаў, выкладчыкаў беларусізацыя патрабавала нейкіх дадатковых намаганьняў. Яны не хацелі — «ну зачэм эта», яшчэ ходзяць правяраюць... Але яны афіцыяльных скаргаў не пісалі! А пісалі сяляне, пісалі раздражнёныя лісты ў газэты. Газэты такія лісты пераважна не публікавалі, а накіроўвалі ў мясцовы выканкам, каб разабраліся. Выканкам высылаў на месца інспэктараў або работнікаў сацыяльнага выхаваньня, якія вялі зь сялянамі растлумачальную работу.

У выніку такой працы сяляне, як ні дзіўна, найчасьцей згаджаліся на адкрыцьцё беларускай школы. А пасьля адкрыцьця школаў пераставалі пісацца скаргі, бо тыя школы арганічна ўпісваліся ў беларускае асяродзьдзе. Павялічвалася пасьпяховасьць вучняў.

СШ: Дык Акудовіч перабольшыў? Складваецца ўражаньне, што той вядомы ліст з Полацкай акругі згадваецца паўсюль, а на самой справе ўсё было ня так нэгатыўна?

АМ: Ну, па-першае, Полаччына, «калыска нашай дзяржаўнасьці», з майго суб’ектыўнага досьведу працы ў архівах была адной з самых цяжкіх для беларусізацыі акругаў. Полацак і Віцебск наагул былі самыя чырвоныя. А вось Магілёў — не.

Менскі вакзал, 1920-я
Менскі вакзал, 1920-я

Што ўдалося беларусізаваць

СШ: А дзе беларусізацыя йшла найбольш пасьпяхова?

АМ: Тэрытарыяльна — цяжка сказаць. Хутчэй па сэктарах. Найлепш ішла беларусізацыя ў БДУ, у сельскіх сярэдніх школах, у некаторых міністэрствах.

СШ: А што наогул удалося беларусізаваць? Хто перайшоў на беларускую мову — ад улады да простых грамадзянаў? Дзе беларуская мова рэальна пашырылася?

АМ: Цяжка сказаць, таму што новая хваля русыфікацыі прыйшла так хутка, што нават там, дзе беларусізацыя крыху аслабіла пазыцыі расейскай мовы, вельмі хутка ўсё вярнулася назад.

Найменш зрусыфікаваным заставалася сялянскае асяродзьдзе. Таму база беларускай школы, што існавала на вёсцы, у пэўнай ступені затрымала магутную хвалю русыфікацыі. Нягледзячы на тое, што сяляне напачатку ставіліся да беларускай школы асьцярожна, школа замацавалася і арганічна існавала ва ўмовах беларускай вёскі. А горад як быў расейскамоўны, так пераважна і застаўся — тонкі налёт беларускасьці хутка зьнік.

Апрача гэтага была распрацаваная навуковая тэрміналёгія, шмат было зроблена ў гуманітарных навуках — гісторыі, мастацтвазнаўстве, краязнаўстве. Быў напрацаваны сур’ёзны навуковы і культурны капітал, які ўжо ніяк нельга зьнішчыць. Вядома, кнігі пасьля і зьнішчаліся, і забараняліся, але яны засталіся як культурная спадчына. Разьвівалася літаратура, нацыянальна арыентаванае мастацтва.

Так што галоўнымі здабыткамі беларусізацыі былі нацыянальны культурны капітал і беларуская вясковая школа. Ну вядома, каранізацыя паспрыяла ўтварэньню новых беларускіх элітаў. Раней аснову такіх элітаў у Беларусі складалі расейцы, палякі і габрэі, а тут крок за крокам пачалі ўмацоўвацца этнічна беларускія эліты. Ясна, што яны імгненна русыфікаваліся, ад іхнай беларускамоўнасьці нічога не заставалася, але «па крыві» яны былі беларусы.

СШ: Якой мовай карысталася беларускае кіраўніцтва? Партыйнае, дзяржаўнае?

АМ: Вядома ж, расейскай. Усе сходы, паседжаньні, канфэрэнцыі вяліся па-расейску. У БДУ рэктар Пічэта настойваў на тым, каб усе паседжаньні і падобнае былі па-беларуску, але гэта ўдалося правесьці толькі ў абмежаваных рамках. А ўсе вышэйшыя эшалёны — толькі па-расейску, бо па-першае, яны былі этнічна небеларускія, а, па-другое, калі сярод іх і былі беларусы, дык гаварылі па-расейску, бо «таварышчы не панімают». Для справаводзтва ўсё перапісвалася па-беларуску, у штаце былі перакладчыкі. Тое самае ў судах.

Вокладка чэскага выданьня кнігі
Вокладка чэскага выданьня кнігі

Камісія Затонскага, удар на «нацдэмах»

СШ: Калі зьявіліся першыя знакі таго, што «брама» беларусізацыі пачала зачыняцца?

АМ: Першыя «званочкі», першыя ініцыятывы пачалі заўважацца і раней, да разгрому актывістаў беларусізацыі ў 1929 годзе. Крытыка і пошукі нацыяналістычных ухілаў пачалі зьяўляцца ў друку. Найярчэй гэта выявілася ў выступах тагачаснага першага сакратара ЦК КП(б)Б Вільгельма Кнорына, які ў 1928 годзе ў артыкуле ў часопісе «Асьвета» (які неўзабаве зьмяніў назву на «Камуністычнае выхаваньне») заявіў, што беларускаму пралетарыяту не патрэбны «сярэднявечны манах Скарына», ён ня можа быць героем нашай гісторыі.

Але гэта мы сёньня заўважаем тыя «званочкі», тады гэта не гучала так злавесна, і калі б не камісія Затонскага і наступны разгром, яны б, можа, так і засталіся асабістым меркаваньнем агалцелага партыйнага кіраўніка.

СШ: Добра, мы наблізіліся да камісіі Затонскага, да фіналу, да канца праекту беларусізацыі 1920-х гадоў...

АМ: Усё ды прыкрага проста. З маскоўскага цэнтру паступіла дырэктыва: праверыць, як у рэспубліках праводзіцца нацыянальная палітыка. У траўні 1929 году ў Менск была накіраваная камісія, якую ўзначаліў старшыня Цэнтральнай кантрольнай камісіі Кампартыі Ўкраіны Ўладзімір Затонскі.

СШ: Але ж у Беларусі ніякіх нацыяналістычных перагібаў не было, хутчэй недагібы...

АМ: Усё гэта адбывалася ў рамках абвешчанага Сталіным «Вялікага пералому», калі грамадзтва, на ягонае меркаваньне, ужо адолела нейкі парог і было гатовае змагацца з «спадарожнікамі» (да таго іх проста «цярпелі»), каб пачаць будаўніцтва новага сацыялістычнага грамадзтва, грамадзтва новага тыпу.

Таму была патрэба правесьці кантроль і ўжыць захады — пазбавіцца ад «спадарожнікаў» — нацыянальна арыентаванай інтэлігенцыі, грамадзкіх дзеячоў і іх прыхільнікаў. Менавіта яны дапамагалі партыі праводзіць «культурную рэвалюцыю» і нацыянальную палітыку тады, калі яна гэтага патрабавала. Камуністычная партыя заўсёды падкрэсьлівала: тое, што яны ідуць разам з намі, ня значыць, што яны падзяляюць нашы ідэі. Яны «спадарожнікі» толькі да пары. І вось гэтая пара настала. Пад уплывам гэтых зьнешніх фактараў пачалі чысьціць ня толькі на загад Масквы, на падставе высноваў камісіі Затонскага, пасьля чаго Чарвякоў скончыў жыцьцё самагубствам. Падключыліся і дзеячы мясцовага ўзроўню, якія заўзята ўзяліся за справу.

СШ: Якім дакумэнтам было аформлена спыненьне праекту? Выйшла нейкая пастанова?

АМ: Парадокс у тым, што калі пачытаць загалоўкі газэтаў, то непадрыхтаванаму чытачу падасца наадварот: адбылося ачышчэньне, і ўлады зноў, больш інтэнсіўна ўзяліся за беларусізацыю. Загалоўкі пасьля камісіі Затонскага проста стракацяць такімі тэрмінамі — «дагонім і перагонім!», «яшчэ інтэнсіўней!», «узмоцнім тэмпы беларусізацыі!», «далоў бюракратыю ў беларусізацыі!» Гэткая «ўдарная» хваля трымалася аж да 1932-33 году. Так што, як ні парадаксальна, афіцыйна беларусізацыя ніколі не закончылася.

СШ: Значыць, фактычна яна скончылася зь зьнішчэньнем яе актывістаў.

АМ: Так, зь іх выгнаньнем або фізычным зьнішчэньнем. Пасьля гэтага можна было ў газэтах пісаць любыя лёзунгі — рэальна ніякай беларусізацыі ўжо не было. Неабавязкова было і ліквідаваць фізычна — можна было проста сацыяльна або палітычна дыскрэдытаваць. Адбывалася і дыскрэдытацыя нацыянальнага элемэнту ў грамадзкім дыскурсе. Усё нацыянальнае, якое раней ня несла ў сабе ніякіх нэгатыўных канатацыяў, цяпер называлася «нацыянал-дэмакратычным» (тэрміналёгія Затонскага), а пазьней, у савецкім дыскурсе, і «нацыянал-фашысцкім».

Праграма Акадэмічнай канфэрэнцыі 1926
Праграма Акадэмічнай канфэрэнцыі 1926

Куды вяла беларусізацыя 1920-х

СШ: Паспрабуем глянуць на праект беларусізацыі 1920-х гадоў сёньняшнімі вачмі. Часта мы сёньня ўспрымаем яго як нейкую пазытыўную для беларускай мовы і культуры паласу ў гісторыі савецкай Беларусі. Выглядае, што ў 1920-я гады ў рамках савецкай дзяржаўнасьці праводзіўся курс на пабудову новай беларускай нацыі, хай сабе і сацыялістычнай, але нацыянальнай квазі-дзяржавы. І беларусізацыя была часткай гэтага нацыятворчага працэсу. Але з таго, што вы расказалі, выглядае, што ў ініцыятараў беларусізацыі, якая фактычна рабілася на загад з Масквы, ніякіх такіх мэтаў і не было. Яны проста выкарыстоўвалі мову як інструмэнт саветызацыі і дэнацыяналізацыі, як бы гэта парадаксальна ні гучала. Ці вы згодныя?

АМ: Па сутнасьці так. Нацыяналізацыя была пераходнай ступеньню да таго, каб прывязаць беларускія землі да цэнтру. Каб ня здарылася тое, што здарылася зь Фінляндыяй і Польшчай — бальшавікі іх не ўтрымалі.

СШ: Вынікі фактычнай паразы беларусізацыі 1920-х таксама зрабілі свой уплыў на статус беларускай мовы, на яе ўспрыманьне масамі ў 1930-х гадах — яна пачала асацыявацца зь нечым небясьпечным?

АМ: Вядома. Пачаў штучна падтрымлівацца дыскурс: беларуская мова — гэта ж «нацдэмаўшчына»! Па-першае, гэта небясьпечна, патыхае контррэвалюцыяй. А па-другое, гэта зноў непрэстыжна. Расейская мова надалей заставалася прыярытэтнай мовай зносінаў, беларуская мова ня здолела замацавацца — пэрыяд беларусізацыі быў занадта кароткі, каб гэтае намаганьне пасьля магло само сябе рэпрадукаваць.

Студэнты толькі пачалі вучыцца на беларускай мове — і раптам іх выкладчыкі, кіраўнікі гурткоў зрабіліся ворагамі. «Выкрыта гняздо апартуністаў»...

Вынікі афіцыйнай беларусізацыі 1920-х можна параўнаць з бройлерам, выгадаваным на птушкафабрыцы: чым хутчэй нарасьціць, накалоць у яго гармонаў, а пасьля раз — і ўсё, няма далейшага самастойнага разьвіцьця без інтэнсіўнай падтрымкі дзяржавы зьверху. Бо не было базісу.

СШ: А што магло б быць такім базісам?

АМ: Базісам магло б быць доўгатэрміновае разьвіцьцё з мэтай замацаваньня ідэнтычнасьці. Як гэта было ў іншых народаў, напрыклад, у чэхаў. Чэхі ішлі да такога вельмі доўга, усьведамляючы, што «выйсьці ў людзі» можна і на сваёй нацыянальнай мове. У Беларусі гэты працэс з інтэнсіўнай дзяржаўнай падтрымкай адбываўся пяць гадоў, а ў чэхаў — як найменей сто гадоў. У выніку чэская мова не ўспрымаецца як нешта, чаго варта саромецца, а як мова які ўсе іншыя. Але гэта патрабавала шматгадовых намаганьняў нацыянальных элітаў.

Беларусізацыі ХХ стагодзьдзя: роспач і надзея

СШ: Калі азірнуцца на гісторыю — раней беларуская мова пазначалася сацыяльнай стыгматызацыяй, а за апошнія 100 гадоў — і палітычнай. Спроба беларусізацыі 1920-х скончылася палітычнай паразай яе актывістаў, усё, што было зь ёй зьвязанае, несла на сабе адбітак небясьпечнасьці для тых, хто выжыў. Другая беларусізацыя адбывалася ў спэцыфічных умовах нямецкай акупацыі, катастрофа якой палягала ў тым, што пасьля паразы нацызму, яна, тая беларусізацыя, нясла на сабе кляймо калябарацыянізму. Актывісты паднямецкай беларусізацыі або загінулі, або выехалі ў эміграцыю, а ў масах зноў быў пасеяны страх. Трэцяя беларусізацыя — пару тыдняў «нацыянальных пераваротаў» у савецкіх рэспубліках, якія ініцыяваў Берыя летам 1953-га — таксама скончылася паразай і зноў жа палітычнай дыскрэдытацыяй. Адкат за адкатам... Пра чацьвертую беларусізацыю, распачатую ў студзені 1990 году прыняцьцем Закону аб мове, мы ўжо больш-менш ведаем, яна была фактычна спыненая рэфэрэндумам 1995 году. І хоць пасьля не было ні рэпрэсіяў, ні дыскрэдытацыі, але абвінавачаньні ў «разгуле нацыяналізму» пачатку 1990-х гучалі і гучаць, але прынамсі ранейшага страху ўжо няма.

Дык вось, з увагі на ўсё гэта, на што можна спадзявацца сёньня? Наколькі ідэя беларусізацыі рэалістычная і жыцьцяздольная?

АМ: Тут я б выдзеліла два аспэкты. Па-першае, як вы сказалі, некалькі разоў у ХХ стагодзьдзі беларускую мову проста «закаталі ў асфальт», зьнішчылі ўсю ініцыятыву, дыскрэдытавалі актывістаў і праваднікоў беларусізацыі. Здавалася б — не засталося нічога, проста прайшлі катком. І ўсё роўна, раз — і зноў зьявіліся нейкія парасткі! Нават у пачатку 1990-х, ужо і я памятаю, людзі пачалі ўжо па-беларуску размаўляць, пачаліся нейкія ініцыятывы, студэнцкія рухі. Адкуль? Калі ўсё гэта было зьнішчана пад корань. Гэта надзвычайны фэномэн. Я зьбіраюся яго дасьледаваць, знайсьці яшчэ тых людзей.

СШ: Гэта дае надзею? Значыць — зьнішчыць да нуля немагчыма?

АМ: Так, гэта надзвычайная нязломнасьць. Гэта дае надзею, што ня ўсё страчана. Наймагутнейшыя дзяржаўныя сілы скіраваныя на тое, каб зьнішчыць або прынамсі дыскрэдытаваць, зрабіць беларускую мову непрывабнай, непрэстыжнай, калхознай — і нічога не выходзіць!

Але ж, хоць тыя парасткі прабіваюцца і прабіваюцца, тыя неспрыяльныя фактары з такой самай зайздроснай рэгулярнасьцю дзейнічаюць супраць іх.

І ўсё ж досьвед паказвае, што ніколі ня позна пачаць зноў. Нягледзячы на тое, што ўсе папярэднія спробы ня скончыліся перамогай, хоць і поўнай паразай іх таксама не назавеш — нейкія сьляды ўсё роўна засталіся.

Усё гэта нагадвае мне «Ўладара пярсьцёнкаў» Толкіна. Гэты Фрода ідзе-ідзе, ідзе-ідзе — і тут усё ня так, і там ня гэтак, і быццам бы надзеі няма, а ён ўсё ідзе і ідзе наперад...

СШ: Ага, дык беларусы — хобіты?

АМ: Я лічу, што так. Недаацэненыя, але такія самыя ўпартыя і цягавітыя, з моцным коранем — ідуць, лезуць на гэтую гару без найменшай надзеі, але па выніку перамагаюць...

Сяргей Шупа, Алена Маркава, Галіна Навумчык, Леанід Сьмілавіцкі падчас гістарычнай экскурсіі па праскім Вышаградзе
Сяргей Шупа, Алена Маркава, Галіна Навумчык, Леанід Сьмілавіцкі падчас гістарычнай экскурсіі па праскім Вышаградзе

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG