Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Анісім: «Я задаволеная словамі Лукашэнкі пра беларускамоўны ўнівэрсытэт»


Алена Анісім
Алена Анісім

Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім задаволеная тым, як Аляксандар Лукашэнка адказаў на яе пытаньне пра стварэньне нацыянальнага ўнівэрсытэту зь беларускай мовай навучаньня і мае намер узяць удзел у арганізаваным уладамі круглым стале на гэтую тэму.

Падчас «Вялікай размовы» Аляксандар Лукашэнка сказаў, што стварэньне такой ВНУ магчымае, калі «гэта будзе нармальна ўспрынята, калі будуць ахвотныя атрымліваць адукацыю на беларускай мове».

«Я не магу сказаць „не“. І не магу сказаць „так“. Калі гэта будзе нармальна ўспрынята, калі будуць ахвотныя атрымліваць адукацыю на беларускай мове... Я б вас яшчэ рэктарам зрабіў. Але галоўнае, каб гэта было запатрабавана. Трэба прапрацаваць гэтае пытаньне. Гэта нават было б някепска. Але я супраць таго, каб фарсілі беларускай мовай: вось я размаўляю па-беларуску, таму я больш беларус. Але я заклінаю вас, не адмаўляйцеся ад расейскай мовы», — заявіў ён у адказ на пытаньне Анісім.

— Спадарыня Алена, ці задаволеныя вы адказам Лукашэнкі?

— У пэўнай ступені я задаволеная тым, што ён сказаў. Я ўжо зрабіла крокі ў гэтым кірунку, працую на вынік і спадзяюся, што працяг будзе. Думаю, пры такім падыходзе і пры такім адказе на пытаньне, які мы пачулі, гэтую тэму можна і трэба абмяркоўваць. Думаю, што вынік будзе. Але трэба ня толькі гаварыць, але і сёе-тое рабіць. Напрыклад, Аргкамітэт стварэньня нацыянальнага ўнівэрсытэту, які зьбіраецца штомесяц, на гэтым тыдні будзе абмяркоўваць канкрэтныя крокі ў сувязі з тым, у якой танальнасьці прагучаў адказ на маё пытаньне. Як той казаў, хто працуе, той і мае. Будзем працаваць — будзем мець вынік.

— Міністар адукацыі Ігар Карпенка ўжо пацьвердзіў, што пытаньне пра стварэньне ВНУ зь беларускай мовай навучаньня будзе абмяркоўвацца. Неўзабаве адбудзецца круглы стол на гэтую тэму. Ці возьмеце вы ўдзел у ім?

Калі мы арганізуем нацыянальны ўнівэрсытэт зь беларускай мовай навучаньня і са спэцыяльнасьцямі заўтрашняга, а не пазаўчорашняга дня, такая ўстанова будзе карыстацца попытам і гэта дасьць імпульс навучацца ў школах па-беларуску, каб падрыхтавацца да паступленьня ў такую ВНУ.

— Так, безумоўна, я там буду. Адзінае, што я б дадала, што тут пытаньне ня толькі стварэньня беларускамоўнай ВНУ, але і пашырэньня беларускай мовы ў сыстэме адукацыі ўвогуле. Я ўжо даслала свае прапановы ў Міністэрства адукацыі, і яны тычацца менавіта пашырэньня ўжываньня беларускай мовы ў сфэры адукацыі. Праблема ў тым, што калі мы запачаткоўваем беларускія клясы ці нават школы, то далей няма працягу. Адсюль і неабходнасьць беларускамоўнай ВНУ. Круглы стол будзе закранаць пытаньні ня толькі стварэньня такой ВНУ. Вядома, калі мы арганізуем нацыянальны ўнівэрсытэт зь беларускай мовай навучаньня і са спэцыяльнасьцямі заўтрашняга, а не пазаўчорашняга дня, то такая ўстанова будзе карыстацца попытам і гэта дасьць імпульс навучацца ў школах па-беларуску, каб падрыхтавацца да паступленьня ў такую ВНУ.

— Чым займаецца Аргкамітэт стварэньня нацыянальнага ўнівэрсытэту?

— Гэтая ініцыятыва паўстала з Усебеларускага кангрэсу за незалежнасьць, які прайшоў у канцы 2014 году. У аргкамітэце тры сустаршыні — Аляксандр Мілінкевіч, Алег Трусаў і Ўладзімер Колас. Акрамя таго, у ім задзейнічаныя ўсе грамадзкія ініцыятывы, якія ладзяць сёньня адукацыю на беларускай мове ў нефармальнай сфэры. Гэта і Беларускі калегіюм, і Лятучы ўнівэрсытэт, і «Эўрабеларусь», і шмат іншых, хто ладзіць адукацыйныя мерапрыемствы па-беларуску. Разам мы выпрацоўваем бачаньне сучаснай навучальнай установы, якая дае вышэйшую адукацыю паводле прынцыпаў Балёнскага працэсу.

— Ці гэты ўнівэрсытэт павінен мець толькі гуманітарную накіраванасьць?

— Вядома, не. Гэта павінны быць спэцыяльнасьці, запатрабаваныя ў будучыні, — у тым ліку тэхнічныя, зьвязаныя з кампутарнымі тэхналёгіямі. Але гуманітарны складнік як складнік вышэйшай адукацыі павінен быць. Але гэта толькі аснова. Самы важны акцэнт робіцца на тое, каб выхоўвалася інтэлектуальная, палітычная эліта, якая будзе працаваць на пасьпяховае заўтра нашай краіны.

— Адказваючы на пытаньне пра беларускую мову ў сфэры адукацыі, чыноўнікі часта кажуць, што гэта павінна залежыць ад выбару навучэнцаў і іх бацькоў. У школе яшчэ ёсьць нейкі намінальны выбар, некаторыя бацькі дамагаюцца стварэньня беларускамоўных клясаў, нават калі там вучыцца два-тры чалавекі. А які выбар у абітурыентаў унівэрсытэтаў?

— Выбару няма насамрэч і ў школе. Калі ў абласным цэнтры няма ніводнай школы зь беларускай мовай навучаньня, то, прабачце, пра які выбар можна гаварыць? Выбару няма. Менавіта пра гэта мы і гаворым. Таму і вядзецца пра адукацыю на беларускай мове — каб быў сапраўдны элемэнт выбару, не дэкляраваны, а менавіта забясьпечаны. Сутнасьць у тым, што людзі заўсёды робяць выбар на карысьць таго, што пэрспэктыўна, што якасна. Наша задача — ствараць ВНУ менавіта паводле такіх крытэраў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG