Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп назваў тэлефонную размову з прэм’ер-міністрам Аўстраліі Малкалмам Тэрнбулам «найгоршай» з усіх, якія ён правёў зь лідэрамі замежных дзяржаў. Пра гэта паведамляе The Washington Post.
Размова мелася доўжыцца каля гадзіны, аднак Трамп скончыў яе праз 25 хвілін. Паводле інфармацыі выданьня, прэзыдэнт ЗША раззлаваўся, калі Тэрнбул нагадаў яму пра абавязаньне прыняць уцекачоў з Аўстраліі.
Пазьней Трамп напісаў у твітэры: «Вы можаце ў гэта паверыць? Адміністрацыя Абамы пагадзілася прыняць тысячы нелегальных імігрантаў з Аўстраліі. Чаму? Я вывучу гэтую дурацкую зьдзелку!»
Прэм’ер-міністар Аўстраліі, у сваю чаргу, распавёў, што гутарка была «адкрытай».
27 студзеня прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп падпісаў указ, які забараняе грамадзянам Ірану, Іраку, Лібіі, Самалі, Судану, Сырыі ды Емэну прыяжджаць у ЗША на працягу 90 дзён. На 120 дзён забаронены прыём уцекачоў і на нявызначаны тэрмін забаронены ўезд сырыйскім уцекачам.