Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Viber зьявіліся «сакрэтныя паведамленьні». Чаму яны не сакрэтныя


Папулярны беларуска-ізраільскі мэсэнджэр Viber прадставіў функцыю «сакрэтных паведамленьняў» для вэрсіяў праграмы на Android і iOS. Цяпер можна адсылаць фота і відэа так, каб яны былі дасяжныя для прагляду атрымальнікам толькі некалькі (на выбар ад 1 да 10) сэкундаў. Таксама зьявіліся функцыі ачысткі ўсёй гісторыі паведамленьняў у чаце і перасылкі «імгненных» відэапасланьняў (заціснуць кнопку, каб зьняць відэа, і адпусьціць, каб адаслаць).

Такая функцыя «сакрэтных» фота, якія можна глядзець толькі кароткі час, была адной з асноўных у мэсэнджэры Snapchat, прадстаўленым у 2011 годзе. «Сакрэтныя» паведамленьні абаронены ад стандартных сродкаў здымкаў з экрана (скрыншотаў) і шэрагу староньніх праграмаў як у Snapchat, так і ў Viber. Але для Snapchat пастаянна зьяўляюцца праграмы, што дапамагаюць захаваць «сакрэтнае» фота ці відэа.

Да таго ж «сакрэтныя» фота могуць захоўвацца на сэрвэрах Viber і пасьля выдаленьня, быць дасяжнымі супрацоўнікам Viber і хакерам, а пра іхнае шыфраваньне мала чаго вядома. Ды як здымкі, так і паведамленьні не шыфруюцца так, каб іх ня мог прачытаць правайдэр; якаснай дакумэнтацыі па абароненасьці Viber няма, а праграмны код Viber не адкрыты для аналізу незалежнымі спэцыялістамі. Тыя ж праблемы мае Snapchat, Skype і іншыя.

Альтэрнатывы «Скайпу», якія не чытаюць злодзеі і КДБ

Пры гэтым нават калі распрацоўшчыкі заяўляюць, што сувязь праз іхны мэсэнджар надзейна зашыфраваная, у абароне могуць знайсьціся «дзіркі», як тое адбылося з мэсэнджарам WhatsApp.

Вялікая доля «сакрэтных фота» ў Snapchat — інтымныя здымкі (паводле дасьледаваньня 2014 году, 14% карыстальнікаў выкарыстоўвалі праграму для інтымнай камунікацыі, а 1,6% рабілі гэта рэгулярна). Але беларусам ня варта абменьвацца інтымнымі здымкамі ў мэсэнджарах: распаўсюд нават аднаго здымка, які камісія прызнае парнаграфічным, пагражае турмой, а колькасьць асуджаных за «порназлачынствы» расьце год ад году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG