Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Прачынаесься з думкай, што можаш стаць злачынцам». У Магілёве гандляры баранілі калегу ад кантралёраў


Грамада прадпрымальнікаў рынку бароніць свайго калегу ад падаткоўцаў
Грамада прадпрымальнікаў рынку бароніць свайго калегу ад падаткоўцаў

У Магілёве гандляры Грабянёўскага рынку паспрабавалі абараніць свайго калегу ад праверкі падаткоўцаў. Ля гандлёвай палаткі прадпрымальніка сабраўся ўвесь рынак, калі туды прыйшлі супрацоўнікі раённай падатковай інспэкцыі.

Пра гэта паведаміў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку лідэр абʼяднаньня прадпрымальнікаў «Пэрспэктыва» Анатоль Шумчанка.

«Індывідуальны прадпрымальнік ня выпісаў талён, — напісаў Шумчанка. — Людзі кажуць, выпісвайце штраф толькі за гэта, а праверка пачала ўвесь тавар пералічваць і капаць далей парушэньні. Народ сабраўся. АБЭЗ выклікаў міліцыю на дапамогу».

Дзясятка паўтара прадпрымальнікаў больш за гадзіну заставаліся каля палаткі.

«Мы падтрымліваем свайго калегу. Праяўляем салідарнасьць зь ім, — казалі журналісту гандляры. — Цяпер такая сытуацыя, што кожны можа апынуцца пад пагрозай праверкі, а штрафы самі ведаеце якія. Многія хоць і разышліся па сваіх працоўных месцах, але ўсе чакаюць вынікаў праверкі і гатовыя зноў сабрацца каля гэтай палаткі».

Супрацоўнік падатковай інспэкцыі Ленінскага раёну Магілёва абгрунтаваў праверку ў прадпрымальніка 510-м указам прэзыдэнта «Аб ажыцьцяўленьні кантрольнай (нагляднай) дзейнасьці ў Рэспубліцы Беларусь». Паводле падаткоўца, праверка павінна выявіць, ці парушаў прадпрымальнік закон.

«Апэратыўная праверка доўжыцца тры дні. Яна і павінна выявіць парушэньні прадпрымальніка», — казаў падатковец. Ён адзначыў, што на гандляра выйшлі праз «кантрольны закуп».

Сам прадпрымальнік прызнаў, што ня выпісаў пакупніку квітанцыі за набыты тавар. Гэта і стала фармальнай падставай для праверкі. Але ён лічыць, што падаткоўцы прыйшлі мэтанакіравана.

Я ня выпісаў чэк пакупніку, а гэта быў кантрольны закуп

«Прыйшлі да мяне, каб купіць мужчынскую сумку. Я ня выпісаў чэк пакупніку, а гэта быў кантрольны закуп. Мне таксама сказалі, што на мяне ёсьць прадпісаньне зь Ленінскай падатковай інспэкцыі. Пачалі пералічваць мой увесь тавар», — кажа гандляр.

Суразмоўца адзначыў, што праверкі не чакаў. «Я заўжды плачу падаткі, у мяне ёсьць накладныя». Падтрымкай калегаў ён уражаны.

«Яны мяне падтрымлівалі. Малайцы. Прыйшлі да мяне ўсе. Далі мне валярʼянкі. Мяне ўсяго трэсла, — казаў ён. — З праверкай прыйшлі трое супрацоўнікаў. Паказалі пасьведчаньні. Кажуць, што мне будзе штраф, што я ня выпісаў чэка. Памер штрафу таксама будзе залежаць ад таго, якія яшчэ будуць выяўленыя парушэньні. Можа, тавар не супадзе з накладнымі ці яшчэ што...»

Гандляры кажуць, што апошнія некалькі год працуюць, нібы ходзяць па мінным полі. Пагрозай для іх застаецца 222 указ, які абавязвае прадпрымальнікаў мець на тавар сэртыфікаты.

Працуем у стрэсе. Прачынаесься з думкай, што можаш стаць злачынцам

«Працуем у стрэсе. Прачынаесься з думкай, што можаш стаць злачынцам. Хіба гэта нармальна? Гэты ўказ выканаць немагчыма. Спажывецкая актыўнасьць упала. Тыднямі стаім па нулях. Нават у выходныя дні нічога не ўдаецца прадаць. Выходных дзён чакаем як бога, а выходзіць пралёт. Са спадзевам прадаць хоць нешта ў будні выходзім, а такога даўно не было, — кажуць гандляры, — Мы наскрабаем апошняе, каб аплаціць арэнду працоўнага месца, сплаціць падаткі, са спадзевам, што ў „дармаеды“ ня трапім. Вы ж ведаеце, як цяпер знайсьці працу. Цяпер вымаляваліся такія рамкі, што і падзецца няма куды».

222 указ, казалі прадпрымальнікі, прывёў да зьбядненьня асартымэнту тавару. А беларускі тавар сытуацыі не ратуе. Гандляры адзначалі, што расчараваныя ў ім: ён дарагі, а ў вытворцаў няма гнуткіх падыходаў у выпрацоўцы цаны на яго.

Прадпрымальнікі, як і раней, настойваюць, што 222 указ павінен быць перагледжаны альбо адменены: «Не адладжаны мэханізм яго рэалізацыі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG