Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Першы бандэравец Каліноўскі


Кніга пра Кастуся Каліноўскага
Кніга пра Кастуся Каліноўскага

«А яшчэ яны называлі цябе земляным чарвяком!» — узгадваю я фразу з мульціка пра Маўглі, калі штораз сустракаю, як беларусафобы прыводзяць апошні аргумэнт пра «антырасейскасьць» працэсаў у Беларусі.

«А яшчэ, а яшчэ... А яшчэ ў іх Каліноўскі — герой!». — «Ах, ня можа быць?!.. А хто гэта?». — «А гэта іх першы бандэравец, ён выступаў супраць Расеі». — «А-я-я-й».

Вышэй я вобразна змадэляваў, чаму рознага кшталту «рэгнумцы» пэрыядычна чапляюцца за Кастуся Каліноўскага. Іх мэтавая аўдыторыя, відавочна, расейская. То бок, неабазнаная ў гісторыі Беларусі, і якой можна падсунуць жахалку.

Паколькі ў ХХ-м ст. у Беларусі не было такіх вядомых у Расеі людзей як Сьцяпан Бандэра, дэканструктарам беларускай нацыянальнай ідэнтычнасьці давялося неяк выкручвацца, бо жахаць жа неяк трэба, работа такая. Так зьявіўся «польскі шляхціц, які ваяваў супраць Расеі». Ключавое слова «польскі», бо польскафобія ў Расеі, здаецца, не зьнікала ніколі.

Спробы параспальваць у самой Беларусі антыпольскую карту ў зьвязку з Каліноўскім сышлі ў пясок. Каліноўскі ў Беларусі вядомы практычна ўсім апошніх дзевяноста гадоў. Ад выхаду фільму «Кастусь Каліноўскі» ў 1927 годзе.

Фігура, якая яднае практычна ўсіх, бо не выклікае дыскусій. Не, асабліва абазнаныя часам ладзяць, але прыходзяць да супольнага знамянальніка. «Я правы кансэрватар, а Каліноўскі быў сацыялістам. Ня мой герой». — «Але ж ён быў супраць Расейскай імпэрыі, а да народу зьвяртаўся па-беларуску, газэту першую беларускамоўную выдаў». — «Так, згода, гэта больш важна».

Мы абіраем. З гісторыі мы абіраем сымбалі, важныя нам сёньня. Немагчыма параўноўваць людзей ХІХ ст., а пагатоў ранейшых стагодзьдзяў, зь сёньняшнім днём. Каліноўскі быў і шляхціц, і сацыяліст за простых людзей, і першы масава зьвярнуўся па-беларуску, і супраць імпэрыі, а яшчэ ён на піцерскім юрфаку вучыўся, а яшчэ яго кола сябравала з расейскімі протадэмакратамі. А яшчэ, а яшчэ... А яшчэ імя Каліноўскага насіў савецкі партызанскі атрад.

Наўрад ці ў 1927 годзе думалі, што праз 90 гадоў імя Каліноўскага будзе асацыявацца найперш зь беларускай нацыянальнай ідэяй. Той самай «буржуазна-нацыяналістычнай», зь якой змагаліся бальшавікі.

Зрэшты, у 1927 годзе наўрад ці маглі ўявіць, што ўжо неўзабаве пачнуцца рэпрэсіі, якія дасягнуць апагею празь дзесяць гадоў. І што імпэрыя зноў забярэ большасьць тых, хто дбаў пра беларускую зямлю. Так як і ў выпадку з паплечнікамі Каліноўскага.

Сёньня імя Каліноўскага жыве само па сабе, без прывязкі да яго біяграфіі, да яго поглядаў. Гэта як пароль, як сынонім слова «незалежнасьць».

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG