Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дакажы, што табе балюча


Наста Захарэвіч
Наста Захарэвіч

У Беларусі дагэтуль няма адмысловага закону аб супрацьдзеянні хатняму гвалту, і хоць ёсць адпаведныя артыкулы Крымінальнага кодэксу і Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях, у рэальнасьці зьбітая жанчына вельмі часта застаецца сам-насам зь сінякамі, пераломамі і ўласна агрэсарам.

Па гэтым артыкуле справа аўтаматычна не заводзіцца.

Летась ў траўні ў Бабруйску мужчына падчас вячэры знайшоў у сваёй талерцы волас, з-за чаго «зьняў скальп» з грамадзянскай жонкі — зрэзаў зь яе патыліцы валасы разам са скурай. Траўму ацанілі як лёгкую шкоду здароўю, а па гэтым артыкуле справа аўтаматычна не заводзіцца, — трэба пісаць заяву, дабівацца завядзеньня справы і самастойна даказваць віну агрэсара.

Асноўная розьніца паміж лёгкай шкодай здароўю і шкодай сярэдняй цяжкасьці — працягласьць непрацаздольнасьці. Калі чалавек вымушаны быць на бальнічным тры тыдні і менш, то гэта лёгкая ступень. Псыхалягічны аспэкт тут не ўлічваецца, калі няма цяжкіх разладаў псыхікі, якія патрабуюць лячэньня паводле псыхіятрычнага профілю. Наяўнасьць маральных пакутаў трэба даказваць самастойна.

Даказвайце, грамадзяначка, самастойна, што вы гэта не сама зьнялі зь сябе скальп.

Атрымоўваецца, што калі пабоі прызнаныя недастаткова моцнымі, дык дзяржава «ўмывае рукі». Даказвайце, грамадзяначка, самастойна, што вы гэта не сама зьнялі зь сябе скальп, і што праўда пакутавалі псыхалягічна. А калі агрэсар будзе на вас ціснуць, і вы ў працэсе адмовіцеся ад абвінавачваньня, то справу закрыюць «за прымірэньнем бакоў», і дзяржава зробіць выгляд, што нічога не было.

Быць пацярпелай у судзе па справе з прыватным абвінавачваньнем — гэта сапраўднае пекла. Па-першае, гэта несправядліва і прыніжальна, што даводзіцца самастойна ўсё даказваць. Па-другое, часам судзьдзі адкрыта становяцца на бок агрэсараў. Калі мая знаёмая спрабавала даказаць факт зьбіцьця яе мужам, судзьдзя казаў, што яна сваімі дзеяньнямі можа сапсаваць дзецям жыцьцё, бо судзімасьць бацькі не дазволіць ім пабудаваць кар’еру ў шэрагу сфэр. То бок гэта не агрэсар мусіў быў думаць пра наступствы сваіх дзеяньняў, а пацярпелая — пра наступствы здабыцьця справядлівасьці.

Усе справы, зьвязаныя з хатнім гвалтам, трэба рабіць справамі публічнага абвінавачваньня.

Усе справы, зьвязаныя з хатнім гвалтам, трэба рабіць справамі публічнага абвінавачваньня. Калі агрэсар будзе ведаць, што запалохваньне жонкі не дапаможа яму сысьці ад пакараньня, гэта зможа кардынальна зьмяніць сытуацыю. Цяпер жа атрымліваецца як? Ён зьбіў, яна трапіла ў лякарню, ён патлумачыў ёй, якія яшчэ косткі ён ёй зломіць, калі яна напіша заяву, і яна, узважыўшы ўсе «за» і «супраць» вырашае нічога не пісаць. Альбо яна мае моцную псыхалягічную залежнасьць і шчыра верыць, што ён больш так ня будзе ці што яна ўвогуле ўсё гэта заслужыла. Але справа дзяржавы ў такіх выпадках — не казаць «самі разьбяруцца», а абараніць яе жыцьцё.

І безумоўна, па такіх справах нельга выпісваць штраф. Увогуле, штраф — гэта самае бязглуздае пакараньне, якое можна прыдумаць для аматара біць жонку, бо выплачваць гэтыя грошы ўрэшце будзе акурат яна. Калі не грашыма, дык новымі сінякамі. Магчыма законатворцы мяркуюць, што, атрымаўшы штраф памерам, напрыклад, 5 базавых велічыняў, муж прыйдзе дадому і скажа: «Мілая, прабач мяне за ўсё, калі ласка. Я так вінаваты, што я магу для цябе зрабіць?». Але ў рэальнасьці ён абвінаваціць ува ўсім жонку, будзе яе прыніжаць, адмовіцца несьці якія-кольвек выдаткі на сям’ю і дом і абавязкова прыдумае новую форму зьдзеку. Ён зробіць усё, каб яна зразумела: ня трэба зьвяртацца ў міліцыю.

Беларускае заканадаўства і судовая практыка вельмі якасна абараняюць агрэсараў ад «лішніх» клопатаў.

Беларускае заканадаўства і судовая практыка вельмі якасна абараняюць агрэсараў ад «лішніх» клопатаў, а міліцыянтаў, сьледчых і судзьдзяў — ад «лішняй» працы. І нават калі камусьці пашчасьціць, і трапяцца сумленныя міліцыянты, якія не стануць выгароджваць аматара біць родных, — гэта не ратаваньне. Зьмяняць трэба сам прынцып, у адпаведнасьці з якім працуе сыстэма.

А пакуль маем тое, што маем. Жанчына, з якой «зьнялі скальп», ня стала падаваць заяву ў міліцыю. Але не яна вінаватая ў тым, што злачынца застаўся непакараны.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG