Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што такое мэтавы артэрыяльны ціск


Ідэя гэтай нататкі прыйшла з вопыту ня лекарскай, але выкладчыцкай дзейнасьці, у тым ліку пры выкладаньні асноў мэдычных ведаў для неспэцыялістаў у мэдыцыне, для звычайных людзей, якія цікавяцца сваім здароўем і хочуць болей ведаць пра тое, як яго захаваць.

Дык вось калі ў адмыслоўцаў пытаесься: «Хто ведае што такое працоўны артэрыяльны ціск?», ведаюць усе. А насамрэч гэта састарэлы тэрмін, які азначаў узровень артэрыяльнага ціску, пры якім чалавек адчувае сябе добра. Праблема ў тым, што ўзровень ціску мог быць, напрыклад, 160/100 ці 170/90, а пры такіх лічбах верагоднасьць ускладненьняў артэрыяльнай гіпэртэнзіі (інфаркт міякарда ці інсульт) значна павышалася.

Цяпер выкарыстоўваецца іншае вызначэньне — «мэтавы артэрыяльны ціск», пра які, на жаль, мала хто ведае. «Мэтавы артэрыяльны ціск» азначае ціск ўзроўнем ня болей за 140/90, а пры наяўнасьці цукровага дыябэту — 120/80. Каб дасягнуць гэтых значэньняў пацыенту трэба без перапынку, прымаць спэцыяльныя пілюлі, якія зьніжаюць ціск, прычым ня курсам, але ўвесь час. Гэта абароніць яго ад ускладненьняў гіпэртэнзіі, пра якія ўжо сказана — інфаркт і інсульт. Дарэчы, гэта адбываецца таму, што ў савецкі час добра было пастаўлена пытаньне санітарнай асьветы, настолькі добра, што нашы пацыенты дагэтуль памятаюць вызначэньні тых часоў і ня надта добра ведаюць сучасныя навуковыя тэндэнцыі.

Зь сёньняшняй размовы чытач павінен вынесьці наступную вельмі важную практычную параду: забудзьцеся пра «працоўны ціск», цяпер існуе вызначэньне «мэтавы артэрыяльны ціск», які азначае ня болей за 140/90 (пасьля 70 гадоў дапушчальны ўзровень ціску — 150/90), а пры наяўнасьці цукровага дыябэту — 120/80. Трымацца трэба толькі такіх велічынь ціску, прычым неабходна ўжываць спэцыяльныя таблеткі пастаянна, бо як толькі такую тэрапію перарваць, то ўзровень ціску адновіцца да велічынь, якія былі да пачатку лячэньня.

Гэта тое, што павінен ведаць кожны. А ў асобных выпадках рашэньне якую менавіта антыгіпэртэнзійную тэрапію прызначаць, будзе прымаць ваш лекар.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG