Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сямʼя немцаў уцякла ў Расею ад сэксуальнага выхаваньня дзяцей у Нямеччыне


Былыя расейскія немцы ўцяклі зь Нямеччыны ад сэксуальнага выхаваньня дзяцей у сібірскую глыбінку.

Як сустрэла Сібір сямʼю расейскіх немцаў, якая ўцякла з «сэксуальна распушчанай» Эўропы.

Напярэдадні Новага году ў Кыштоўку — сяло на поўначы Новасібірскай вобласьці — па праграме вяртаньня суайчыньнікаў у Расею пераехала зь Нямеччыны сямʼя Мартэнс, незадаволеная, перш за ўсё, сэксуальнай асьветай у нямецкіх школах. Люіза і Ойген Мартэнс былі там актыўнымі ўдзельнікамі руху «занепакоеных бацькоў», якія пратэставалі супраць сэксуальнага выхаваньня, удзельнічалі ў мітынгах пратэсту і ў рэшце рэшт вырашылі вярнуцца ў Расею, адкуль зьехалі яшчэ ў пачатку 90-х гадоў. У Кыштоўцы ім дастаўся паўразбураны дом і ўсе праблемы цяперашняй расейскай глыбінкі.

Люіза і Ойген Мартэнс
Люіза і Ойген Мартэнс

Стары драўляны дом з аблупленымі ліштвамі ды іржавай паштовай скрынкай на ўскраіне раённага цэнтру Кыштоўка Навасібірскай вобласьці ажыў месяц таму. Сюды перабралася зь Нямеччыны сямʼя Люізы і Ойгена Мартэнс зь дзесяцьцю дзецьмі.

Дом сям'і Мартэнс
Дом сям'і Мартэнс

— У гэтым доме ўжо два дзесяткі гадоў ніхто ня жыў з часу, як начальнік хлебапрыёмнага пункту зьехаў, — наракае Віктар Кузьмін, намесьнік кіраўніка Кыштоўскага раёну ў сацыяльных пытаньнях. — Вядома, выстуджана, дзіркі вакол. Гэтыя Мартэнс хоць бы папярэдзілі — можа, падабралі б лепей. Хутка ж так ня робіцца. А то сябры ім нейкія падказалі, усяліліся самі зь дзесяцьцю дзеткамі.

Ойген і Люіза Мартэнс эмігравалі з Омскай вобласьці ў Нямеччыну ў пачатку 90-х гадоў, там пазнаёміліся і пажаніліся. А цяпер вось вырашылі вярнуцца з Паўночнай Вэстфаліі ў Сібір. Сябры ў 45-гадовага Ойгена, які ўжо зноў называе сябе Яўгенам, ёсьць, выглядае, усюды. Усьмешлівы, цыбаты, як хлапчук, які гаворыць зь лёгкім акцэнтам, ён адчувае сябе свабодна і ў разьбітым доме: галоўнае — у коле сямʼі:

— Дзеці, — тлумачыць, — гэта як калчан са стрэламі. Калі стрэл мала, то які гэта ваяр? Мы зь Люізай зь семʼяў баптыстаў, самі ў суполку не ўваходзім. Проста хрысьціяне, жывём па Бібліі. Але нават калі б у бога ня верылі, усё роўна дзяцей бы нарадзілі шмат.

— Шмат? — Сьмяецца Люіза. — Мы, калі рэчы пакавалі, разьмеркавалі абавязкі. Кожны сваёй справай заняты, а мне дапамога патрэбная. Думаю: дзе ўсе мае дзеці, чаму іх так мала, бо не хапае? Гэта дабраславеньне, калі сямʼя функцыянуе як адзіны арганізм. Калі паасобку — вядома, катастрофа.

Мэліта Мартэнс
Мэліта Мартэнс

Мэліта нешта размалёўвае, трое хлапчукоў на чале са старэйшым, 15-гадовым Ціманам, уткнуліся ў ноўтбукі, Люкас арудуе качаргой у печы. Самыя малодшыя сьпяць на матрацах, пакладзеных проста на падлогу. Пакояў чатыры — аднолькава квадратных, з аблупленымі сьценамі і цьмянымі лямпачкамі пад высокімі столямі.

Па кутах стаяць валізкі, але такая-сякая мэбля ўжо зьявілася — з рэдакцыі мясцовай раённай газэты «Праўда поўначы» з прычыны скарачэньня і пераезду прыцягнулі лішнія шафы, стол і крэслы, на якіх, штопраўда, сядзець трэба асьцярожна: старыя.

Рэчаў Мартэнс з сабой не прывезьлі, хоць прыехалі назаўжды, прадаўшы катэдж у невялікім сяле Паўночнай Рэйн-Вэстфаліі — вырашылі для пачатку агледзецца. Шмат за яго ня выручылі, аддаўшы вялікую частку ў кошт крэдыту. Так што эканомяць. Але курткі і валёнкі купіць давялося: маразы ў Новасібірскай вобласьці стаяць за 30 градусаў.

Ужо тут пачалі асвойваць няхітрую сельскую навуку: як кажуць суседзі, кожны дзень дружна ходзяць з санкамі па ваду да калёнкі, разграбалі сьнег, колюць дровы, складаючы іх у сенцы, каб не намоклі. Толькі ў доме халаднавата — прадзімае праз шчыліны ў рассохлыя сьценах, дзьме з-пад страхі і вокнаў, ды і печка патрабуе чысткі. Але пазычаць у дзяржавы Яўген ня хоча.

Дроваў на зіму павінна хапіць
Дроваў на зіму павінна хапіць

— Прасіць нічога звыш належнага ня станем, а жыльлё і працу праграма «Суродзічы», па якой мы прыехалі, не прадугледжвае. Самі сабе дом пабудуем.

Рыхтуецца купаньне для наймалодшых
Рыхтуецца купаньне для наймалодшых

Ён па-ранейшаму адчувае сябе «ваяром», як і ў Нямеччыне, дзе на яго ініцыятыву былі арганізаваны мітынгі супраць урокаў сэксуальнай асьветы ў Кёльне, Дрэздэне і Гамбургу. Яўген распавядае:

— Чым больш дзяцей, тым больш адчувальныя праблемы выхаваньня. Мэліта не хацела наведваць урокі сэксуальнай асьветы, таму што яна хрысьціянка, і нам выпісалі штраф «за прагулы». Дзіця там ужо з году разглядаецца як сэксуальны абʼект. У наш дзіцячы сад сабралі на інфармацыйны вечар бацькоў, каб распавесьці ім пра дзіцячую сэксуальнасьць. Прыдумляюць спэцыяльныя гульні, напрыклад, у доктара, каб яны маглі чапацца! Заснаваныя спэцыяльныя куткі, каб ніхто гэтаму не перашкаджаў. Заахвочваецца, калі дзяўчынку цягне да дзяўчынкі, а хлопчыка — да хлопчыка, таму што кожнае дзіця мае права само выбраць гендэрную ідэнтычнасьць.

Але ў нас ёсьць свой розум, каб адрозьніваць дабро ад зла, каб разумець, якія каштоўнасьці ўкласьці ў нашых дзяцей. Мы таксама тлумачым дзецям пра сэкс, але калі адчуваем як бацькі, што пара. На ўскраіне нашага сяла пабудавалі дом для дваццаці ўцекачоў, маладых мужчын. Працаваць ім нельга, а чым будуць займацца маладыя бугаі ад гультайства? Як мы можам адпускаць сваіх дзяцей на вуліцу? Гэта ўсё разам, усё нездарма. Мы вырашылі, што ў Расеі спакайней, тым больш што можна фэрмэрствам заняцца, а ў Нямеччыне зямлі мала. Хоць думаю, у чым дабро там, дзе нас няма...

Крыштоўка
Крыштоўка

Кыштоўку, самы аддалены раён Новасібірскай вобласьці, Мартэнсы ведалі толькі паводле расказаў сяброў, зь якімі Яўген пазнаёміўся летам, наведваючы родных у Новасібірску. Солнцаўку, самую, мабыць, квітнеючую вёску Омскай вобласьці, адкуль ён зьехаў з бацькамі ў пачатку 90-х, памятае толькі па шчасьлівым дзяцінстве. Люіза — таксама былая жыхарка Омскай вобласьці, жыла ў прыгарадным пасёлку гарадзкога тыпу, дзе ў той час быў буйны мясакамбінат, які карміў усю вобласьць. Цяпер стала ясна, што апавяданьні мала падобныя да рэальнасьці.

— Я праехаў па вёсках, — Яўген акругляе вочы, — усюды разруха! Такое адчуваньне, што ў райцэнтры стаяць у шэраг усякіх адміністрацый, дзе вельмі шмат начальнікаў, а вакол усё развальваецца. Бо мясцовыя ўлады сядзяць на пасадзе, каб рабіць усё магчымае для разьвіцьця раёну, значыць, і вынікі такія ж павінны быць. Гэта ў любой краіне так! Але варта ўвайсьці ў дыялёг зь людзьмі, і карціна праясьняецца: яны мне, іншаземцу, скардзяцца, як ім дрэнна, як самавольнічае ўлада. Пазнаёміўся з чалавекам, які прыехаў з краіны былога Саюзу па такой жа праграме. Але яму выплацілі толькі частку грошай, кажуць, астатняе скончылася. Гэта па дзяржаўнай праграме! Людзі нічога ня могуць сказаць добрага пра ўладу, хоць галасуюць за яе, таму што ня бачаць альтэрнатывы. Але ўсё роўна ж трэба спрабаваць нешта зьмяніць!

Як Мартэнсы будуць нешта зьмяняць далей, яны цяпер дакладна ня ведаюць. Нават не выразна ўяўляюць дзе. Атрымалі «падʼёмныя» — 20 тысяч рублёў на ўдзельніка праграмы і па 10 тысяч на кожнага члена сямʼі, але траціць баяцца: магчыма, давядзецца перабірацца ў іншую вобласьць.

— Мы самі маразоў не баімся, — кажуць. — Алё як тут займацца фэрмэрствам? Лета кароткае, каб нарыхтаваць кармы, патрабуецца добрая тэхніка. Нам патлумачылі, што трэба спачатку мець хоць бы 30 мільёнаў рублёў на пакупку. У нас столькі няма, а крэдыты ў банках пад 25 адсоткаў — гэта немагчыма! А зямлі шмат, бурʼянам зарастае. У Краснадары па два ўраджаі здымаюць за год, але там, кажуць, усю зямлю ўжо раскупілі.

Адзінае, што яны ведаюць дакладна і што вырашылі яшчэ ў Нямеччыне, — дзяцей будуць вучыць самастойна. Шмат «інфармаваліся» з гэтай нагоды. У Расеі такое навучаньне прадугледжана законам, але ў Кыштоўцы падобнага ніколі не было, і мясцовая ўправа адукацыі ў разгубленасьці:

— Мы спрабавалі азнаёміцца зь нейкім вопытам, знайсьці мэтодыку, але ня здолелі, — шкадуе Тацяна Серабракова, начальніца ўправы адукацыі. — Лічым, што лепш бы дзецям у школу, хоць бы для таго, каб расейскую мову вывучыць, бо толькі двое зь іх больш-менш яе ведаюць. Прапанавалі ўсё, што маглі, — бясплатныя падручнікі ў школьнай бібліятэцы, кансультатыўную дапамогу, заняткі ў спартовай, музычнай школах, палацы творчасьці. Для сацыяльнай адаптацыі гэта добра.

Мартэнсы сацыяльнай адаптацыі ня хочуць, хоць суседзяў не цураюцца — у іх увесь час госьці. Іншаземцы ў Кыштоўцы, за 540 кілямэтраў ад абласнога цэнтру — дзіва, і мясцовыя жыхары, шкадуючы «ненармальных, але добрых», нясуць ім адзеньне, кніжкі, сала.

Люіза напісала на вялікім аркушы паперы расейскі альфабэт, дзеці дружна паўтараюць за ёю: «Кавун, ананас..». Ні кавуноў, ні ананасаў ў Кыштоўскім раёне, за якім адразу пачынаюцца Васюганскія балоты, няма. Народ стараецца зьехаць з раёну, дзе дрэнна з працай, не разьвіваецца эканоміка, — ён лідэр вобласьці паводле зьмяншэньня насельніцтва. Перад Вялікай Айчыннай вайной там было 250 населеных пунктаў, у якіх жылі 58 тысяч чалавек. Цяпер засталося 14 з паловай тысяч на 54 вёскі.

— Яны ж самі гэта заахвочваюць, — абураецца Яўген. — Чаму могуць навучыць дзяцей у школах, калі галоўная жанчына, якая адказвае за адукацыю раёну, кажа, што трэба хадзіць у туфліках па асфальце, а не мясіць бруд ботамі? Яны, атрымліваецца, хочуць, каб дзеці кідалі бацькоў? Так дзівілася, што мы купілі УАЗ, а не імпартную машыну. Я разумею ў аўтамабілях, сам свае аўто рамантаваў. Для такіх дрэнных дарог толькі такую і можна купіць. Бо ваша дзяржава, якая, можа, стане нашай, спэцыяльна ўводзіць вялікі падатак на іншамаркі, каб разьвівалася свая вытворчасьць. А чалавек, які павінен вучыць дзяцей любіць Радзіму, кажа, што расейскае аўто — гэта дрэнна.

Але мы хочам навучыць дзяцей так, каб яны ўмелі вучыцца самі. Нас запрасілі на сустрэчу ва ўправу адукацыяй, на якой нас зьняважылі! Я майстар-сталяр, чатыры гады рыхтаваўся ў каледжы і на курсах, магу браць вучняў, у жонкі адукацыя сярэдняя, але яна і выхавальнік, і кухар, і дыплямат у адной асобе. Гэтага, аказваецца, мала, таму што ў яе няма «корак» і яна не псыхоляг! А яны псыхолягі? Нас паклікала адна жанчына, а там аказалася яшчэ сем начальнікаў. Гэта ж непрыстойна! Чаму яны паводзяць сябе так, як быццам вышэй за людзей?

Наймалодшы Мартэнс
Наймалодшы Мартэнс

Дзеці, пачуўшы бацькава абурэньне, падцягваюцца бліжэй. Прачынаецца маленькі Дан-Ільля. Калі дзьверы адкрываюцца насьцеж, каб зайшлі чарговыя госьці з марозу, яго тут жа падхоплівае на рукі хтосьці з старэйшых дзяўчынак.

Прыйшлі госьці
Прыйшлі госьці

— Паважаю людзей, якія ідуць супраць сыстэмы, — цісьне Яўгену руку Расьціслаў Аліеў, рэдактар мясцовай газэты «Праўда Поўначы».

У тое, што немцы не ўцякуць з Кыштоўкі, яе «галоўны прапагандыст і агітатар» ня верыць, таму прывёў з сабой загадчыцу школьнага музэю Праскоўю Савінаву і адзінаццаціклясьніка Толю Сімакова: «Каб засталося добрае ўражаньне ад нас».

Толя тут жа знаходзіць агульную мову з Тыманам: абодва, як высьвятляецца, любяць музыку, толькі адзін аддае перавагу скрыпцы, іншы — гітары.

— Нічога! — Расейскі хлопчык ляпае па плячы нямецкага. — У нас можна жыць добра!

— Праўда? — Зьдзіўлена ўскідвае бровы Тыман.

Дарослыя тым часам размаўляюць пра жыцьцё. Высьвятляецца, што на фэрмэрства, пра якое спачатку марыў, Яўген ужо ня надта разьлічвае. Думае, ці не арганізаваць яму сталярную вытворчасьць — бо ён майстар, працаваў у Нямеччыне сталяром, можа рабіць прыгожую мэблю.

— Справа добрая, — уздыхае намесьнік кіраўніка Кыштоўскага раёну ў сацыяльных пытаньнях Віктар Кузьмін, — каму толькі цяпер гэтая прыгажосьць патрэбна, грошай жа ў людзей мала.

Тым ня менш, дакумэнты на атрыманьне грамадзянства Мартэнсы ўжо падалі. Звычайна гэты працэс займае каля паўгода, але мясцовыя ўлады абяцаюць правесьці яго ў паскораным рэжыме. Усё ж такі знакамітыя ўжо на ўсю краіну суайчыньнікі ў Кыштоўку яшчэ ніколі не прыяжджалі.

Матэрыял Расейскай службы Радыё Свабода

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG