Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэта ні лібэралізацыя эканомікі, ні рэформа», — Раманчук пра новую праграму ўраду


Яраслаў Раманчук
Яраслаў Раманчук

Савет Міністраў Беларусі зацьвердзіў комплекс захадаў рэалізацыі Праграмы сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця Беларусі на наступную пяцігодку. Праграма была папярэдне ўхваленая Аляксандрам Лукашэнкам яшчэ ў сьнежні.

Усяго дакумэнт ураду ўключае ў сябе 380 захадаў, сярод якіх мараторый на павышэньне падатковых ставак і аптымізацыя фінансавых санкцыяў у дачыненьні да юрыдычных і фізычных асобаў. Штрафы замененыя на папярэджаньні.

Шэраг пунктаў новай праграмы прысьвечаны ўдасканаленьню грашова-крэдытнай палітыкі. Так, цягам наступных двух гадоў улады гатовыя зьняць абмежаваньні на адкрыцьцё рахункаў у замежных банках і адмяніць абавязковы продаж валютнай выручкі.

Таксама, паводле праграмы, Нацбанк Беларусі стане мэгарэгулятарам фінансавага рынку, а значыць, атрымае кантроль над страхавым рынкам і рынкам каштоўных папераў.

Акрамя таго, дакумэнт прадугледжвае аптымізацыю падатковай нагрузкі. Гаворка ідзе пра мараторый на павышэньне падатковых ставак і ўвядзеньне новых падаткаў.

Свабода запытала ў эканаміста Яраслава Раманчука, ці можна лічыць новую праграму рэфарматарскай і ці ёсьць у ёй прыкметы лібэралізацыі беларускай эканомікі.

— Назваць сапраўды лібэральнай гэтую праграму нельга, бо беларускія ўлады самі неаднаразова заяўлялі, што не імкнуцца праводзіць глыбінныя пасьлядоўныя рэформы. Варта адзначыць, сёньня наша краіна знаходзіцца на 150-м месцы ў сусьветным індэксе эканамічнай свабоды. Напрыклад, дазвол адкрываць замежныя рахункі — гэта суцэльнае глупства. Усе, хто меў магчымасьць, даўно іх завялі, бо беларуская фінансавая сыстэма не спрыяе супрацоўніцтву з сусьветным рынкам, зь вялікімі анлайн-крамамі, — кажа Раманчук.

На думку Раманчука, у праграме няма фундамэнтальнага элемэнту — лібэралізацыі ўсіх цэнаў і пазбаўленьня Міністэрства антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю права вызначаць цэны на прадукцыю.

— Шмат у чым дакумэнт разыходзіцца з рэальным жыцьцём: прапісана, нібыта замест штрафаў бізнэсоўцам будуць выносіць папярэджаньні, аднак насамрэч штрафы з кожным годам робяцца ўсё больш жорсткімі.

Раманчук назваў Беларусь «рынкавым гета» і дадаў, што ў будучыні «верагодна паляпшэньне ў дробязях, але карэнным чынам нічога ня зьменіцца».

— Беларуская дзяржава па-ранейшаму застаецца найбуйнейшым інвэстарам, асноўным крэдыторам і пакупніком тавараў і паслуг. Да таго ж тэкст праграмы дагэтуль не зьявіўся ў адкрытым доступе на партале pravo.by. Калі гэта лібэралізацыя, то, па-першае, варта зрабіць дасяжным для грамадзян сам дакумэнт. Замяніць слова «падатак» на слова «плацеж» — гэта не рэформа. Варта было б скараціць удвая ўжо існуючыя падаткі, — падкрэсьліў экспэрт.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG