Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Групу кітайскай мовы набралі, беларускай — не», — заснавальніца студыі замежных моў для дзяцей


Старонка сайту студыі замежных моваў Challenge
Старонка сайту студыі замежных моваў Challenge

На адной з абвестак, што рэклямуюць моўныя заняткі для дзяцей, «Студыя замежных моў Challenge» запрашае вывучаць ангельскую, кітайскую, беларускую і гішпанскую мовы. Радыё Свабода зьвязалася з заснавальніцай студыі, выкладчыцай ангельскай мовы і падрыхтоўкі да школы Алесяй Марыніч, каб запытаць, чаму беларуская мова пазначаная як замежная і ўвогуле ці ёсьць попыт на платныя заняткі беларускай мовы.

Алеся Марыніч адразу прызналася, што, нягледзячы на тое, што праграма па беларускай мове распрацаваная і ёсьць выдатны выкладчык, які карыстаецца попытам як рэпэтытар, заняткаў не адбываецца — няма кліентаў:

Алеся Марыніч
Алеся Марыніч

«Тэарэтычна беларускую мовы мы прапаноўваем, але на практыцы атрымліваецца, што заняткаў няма, бо мы не набралі дастаткова ахвотнікаў... Проста не змаглі набраць кліентаў. Людзі тэлефануюць, запытваюць, але калі даходзіць справа да запісу і аплаты, то выбіраюць тое, што для іх больш актуальна — як правіла, гэта ангельская мова».

На пытаньне, якая самая папулярная мова ў студыі, Алеся адказвае, што ангельская, але дадае, што для студыі важна, каб выкладалася і беларуская:

«Самая запатрабаваная мова — ангельская. Не гішпанская, не беларуская. На кітайскую і то зь цяжкасьцю набіраем навучэнцаў. Але для мяне вельмі важна, каб у нас вучыліся і беларускай мове. Мы працягваем разьмяшчаць рэкляму, спадзяёмся, што налета заняткі беларускай мовы ўсё ж пачнуцца. Мы засяроджваем увагу на тым, каб разгаварыць дзіця і навучыць чуць беларускую мову. Ёсьць такая праблема, што дзеці, чуючы, напрыклад, слова „вугал“, не разумеюць яго, хоць яно вельмі сугучнае зь вядомым ім расейскім аналягам. Гэта вялікая праблема».

Алеся лічыць, што гэтая праблема зьвязана з тым, што ў школах большасьць прадметаў выкладаецца па-расейску:

«Гісторыя Беларусі, геаграфія Беларусі — гэтыя прадметы павінны выкладацца па-беларуску, нягледзячы на тое, беларускамоўная ці расейскамоўная кляса. Калі мы вучыліся ў школе, то суадносіны беларускай і расейскай мовы былі 40 на 60, а цяпер — 10 на 90. Таму дзеці ня чуюць беларускай мовы».

Што да рэклямнай афішы, дзе беларуская мова залічаная да замежных, то кіраўніца студыі кажа, што гэта тэхнічны момант — для абвесткі немагчыма было зьмяніць зарэгістраваную назву студыі:

«Я згодная, што беларуская мова ніякая для нас не замежная. Рэкляма выйшла такой, бо ўжо немагчыма было памяняць назву нашай студыі».

Іншыя курсы беларускай мовы, напрыклад «Мова нанова», бясплатныя, але знаходзяцца ў Менску. У Бараўлянах, паводле Марыніч, моўных школаў амаль няма:

«Мы хадзілі на курсы „Мова нанова“. Падабаецца, як там усё арганізавана. Распрацоўваючы сваю праграму, таксама думалі пра больш нефармальны падыход, каб прапаноўваць дзеткам цікавыя тэмы. Наконт канкурэнцыі, то тут яе быць ня можа, бо нашая студыя разьмешчаная ў Бараўлянах і мы арыентуемся на тое, каб дзеці маглі прыходзіць да нас самастойна, без бацькоў. Зразумела, што на курсы „Мова нанова“ дзіця не паедзе — гэта ўжо павінен быць выезд у Менск разам з бацькамі».

Старонка з прапановай заняцца беларускай мовай на сайце студыі аздобленая бела-чырвона-белым сьцягам і гербам «Пагоня». Алеся Марыніч кажа, што лічыць гэтыя сымбалі сапраўднымі гістарычнымі атрыбутамі Беларусі, але да палітыкі гэта ня мае дачыненьня:

«Адукацыяй я гісторык, таму лічу, што гэта нашы гістарычныя сымбалі, — і цягам гісторыі мы ня раз даказвалі, што яны нашы. Пытаньня палітычнай каньюнктуры тут няма, проста канстатацыя гістарычнага факту».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG