Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі бязьвіз: «стогн і лямант з боку некаторых сумежных дзяржаваў»


Удзельнікі: Ігар Ільяш, Віталь Цыганкоў, Юры Дракахруст

Цыганкоў: У пятніцу Аляксандар Лукашэнка заявіў пра адсутнасьць рызыкаў для Беларусі і суседніх краінаў ад увядзеньня Беларусьсю бязьвізавага ўезду на тэрмін да пяці сутак для грамадзянаў 80 дзяржаваў. Ён даволі рэзка выказаўся пра некаторыя рэакцыі ў Расеі з нагоды гэтага кроку афіцыйнага Менску, назваўшы іх «стогнам і лямантам»

«Усё, пра што мы дамаўляліся, мы сьвята выконваем. Калі Расея заклапацілася, то я заўсёды кажу: дай Бог вам несьці на мяжы службу так якасна, як гэта арганізавана ў беларускіх памежных войсках. Ім яшчэ вельмі далёка да таго ўзроўню кантролю на межах, які мае Беларусь» — сказаў кіраўнік Беларусі.

Тут, здаецца, такая маргінальная, ня самая важная тэма.

Гэта адно зь першых такіх даволі рэзкіх выказваньняў Лукашэнкі з пачатку гэтага году. Мы нядаўна адзначалі, што нягледзячы на ўсе газавыя, гандлёвыя ды іншыя крызысы, ён даволі стрымана паводзіў сябе ў адносінах да Масквы. А тут, здаецца, такая маргінальная, ня самая важная тэма, як патэнцыйная пабудова ў Беларусі цэнтраў для мігрантаў за грошы Эўразьвязу, а таксама бязьвізавы ўезд, які ў Беларусі ўсе ацанілі безумоўна станоўча, і вось раптам знаходзіцца толькі адзін бок, якому гэта не падабаецца. Гэта афіцыйная Масква.

Парадаксальна, што сапраўды гэта ня толькі выказваньні ў расейскім друку, але і выказваньне міністра замежных спраў Расеі Лаўрова. Ён выказаўся вельмі асьцярожна, але незадаволена, пра тое, што Беларусь пабудуе лягеры для нелегальных мігрантаў, ці не будзе тут парушэньняў беларуска-расейскіх дамоўленасьцяў і г. д.

Расея проста шукае нагоду да чаго дачапіцца.

Што тычыцца ацэнкі гэтых дзеяньняў, то мне здаецца, сапраўды Расея проста шукае нагоду да чаго дачапіцца. Ужо беларускія афіцыйныя асобы, напрыклад, прэсавы сакратар МЗС Дзьмітры Мірончык адказваў, што, па-першае, ў Расеі гэтыя ж самыя цэнтры ёсьць, Беларусь гэтым ніколі не абуралася, па-другое, Беларусь зараз робіць тое, што ў Расеі ўжо зроблена, ідзе шляхам свайго партнэра, і чаму раптам Расею гэта абурае?

Магчыма таму, што Беларусь з Расеяй дагэтуль не дамовіліся па тых самых газавых пытаньнях, ніякіх прыкметаў няма дамоўленасьці па расейскай ваеннай базе ў Беларусі, і на беларуска-расейскім фронце зьяўляюцца новыя кропкі напружаньня, раней не чаканыя.

Міністар замежных спраў Беларусі Уладзімер Макей адзначаў, што Расея заяўляе, што будзе цяпер правяраць замежнікаў на беларуска-расейскай мяжы. Але паводле Макея 20 гадоў існавала іншая сыстэма. Яна існавала, яна працавала, і чаму яе мяняюць, калі сытуацыя ніяк не памянялася? Чаму б гэта, зьдзіўляўся Макей?

Тая палітыка нібыта раўнапраўных адносінаў, якая была раней, ужо фактычна Крамлём адхіляецца.

Можна падказаць: таму што, відаць, Расея цяпер праводзіць іншую палітыку ў дачыненьні да Беларусі, тая палітыка нібыта раўнапраўных адносінаў, якая была раней, ужо фактычна Крамлём адхіляецца, і Расея ўсё больш успрымае Беларусь як свайго васала. Расея хацела б, каб Беларусь дзейнічала ў інтарэсах Расеі, і таму зьяўляецца усё больш новых, зусім нечаканых, нагодаў для прэтэнзіяў Крамля. Мне здаецца, гэта будзе нарастаць і працягвацца, і афіцыйны Менск павінны быць падрыхтаваны да такой палітыкі Масквы.

Дракахруст: Я згодны з вашай трактоўкай. Мы сёньня пачалі гаварыць пра Амэрыку. Дык вось — ў амэрыканскім палітычным слэнгу, у амэрыканскай практыцы парлямэнцкай дзейнасьці ёсьць такі тэрмін «logrolling» — перакочваньне бярвеньня. Гэта азначае, што адзін парлямэнтар вылучае нейкі законапраект, выгадны яму, а другі яму кажа — я твой законапраект падтрымаю, але калі ты падтрымаеш мой. Ці наадварот: паколькі ты мой законапраект не падтрымаў, то і я твайго не падтрымаю.

У беларуска-расейскіх адносінах, вельмі цяпер абвостраных, мы назіраем тую самую тактыку, прычым з абодвух бакоў.

У Беларусі з Расеяй ёсьць нафтагазавы канфлікт. Лукашэнка дэманстратыўна ня едзе ў Санкт-Пецярбург, ён кажа, што не падпіша мытны кодэкс Эўразійскага саюзу. Гэтак і не падпісаў. Але ці такія важныя для Беларусі вось гэтыя яе прэтэнзіі па гэтым кодэксе? А можа быць не?

Калі вы хочаце, каб мы падпісалі, то тады вы, калі ласка, пайдзіце нам насустрач.

Але яна гандлюецца, стварае стаўку ў гэтым гандлі: калі вы хочаце, каб мы падпісалі, то тады вы, калі ласка, пайдзіце нам насустрач у тым, што для нас насамрэч важна.

І наадварот: я не выключаю, што ня так ужо трэба тым расейцам, каб Беларусь пайшла на нейкія саступкі ў візавым пытаньні. Не выключюе, што тое, што на словах іх так моцна абурае, насамрэч абурае ў вельмі малой ступені. Іх абурае іншае — як сьпяваў Высоцкі, «да дело, в общем, не в гусях, а всё неладно».

Вось «неладно» зь іншымі пытаньнямі — з газам, з нафтай, з авіябазай, магчыма. Як Лукашэнка адносна Расеі стварае стаўкі гандлю, так і Расея стварае стаўкі гандлю.

Надзьмулі абсалютна пустую бурбалку, маўляў, Беларусь прапускае замежнікаў, вось прыедзе мільён чалавек з Захаду і абрынуць Маскву. Гэта вельмі падобная гульня — тая самая, што ў Лукашэнкі.

Я б не перабольшваў ступень раздражненьня Масквы.

Ільяш: Па-першае, я б не перабольшваў ступень раздражненьня Масквы. Усё ж надта рэзкіх рэакцыяў з боку расейскі афіцыйных асобаў мы не пабачылі. Так, Лаўроў выказаўся пра наяўнасьць «некаторых пытаньняў» наконт міграцыйных цэнтраў, але, напрыклад, Пяскоў, прэсавы сакратар Пуціна, бязьвізавы рэжым назваў «абсалютна ўнутранай справай Беларусі».

Як мне падаецца, усё ж збольшага адкрыты нэгатыў супраць гэтых рашэньняў ішоў з далёка ня топавых расейскіх СМІ і далёка ня топавых асобаў. Але гэтая рэакцыя дае разуменьне таго, як тэмы бязьвізу і міграцыйных цэнтраў у прынцыпе могуць быць выкарыстаныя ў інфармацыйнай вайне супраць Беларусі.

Між тым словы Лукашэнкі пра «стогн і лямант з боку некаторых сумежных дзяржаваў» сьведчаць пра тое, што раздражненьне ў Масквы сапраўды існуе — інакш беларускі кіраўнік не закрануў бы гэтага пытаньня. Мяркую, што раздражненьне гэтае зьвязанае ня зь нейкімі фармальнымі пытаньнямі кшталту кантролю за межамі, перасоўваньнем замежных грамадзянаў і гэтак далей.

Бязьвіз і міграцыйныя цэнтры Расея ўспрымае як сымбалічны крок у бок Эўразьвязу.

Ня думаю, што такая драбяза можа сапраўды раздражняць Маскву. Хутчэй рэч у іншым: бязьвіз і міграцыйныя цэнтры Расея ўспрымае як сымбалічны крок — як хоць і не істотны, але крок у бок Эўразьвязу. А Крэмль, як вядома, раўнуе Лукашэнку да Захаду — не настолькі моцна, каб публічна скандаліць і біць посуд, але дастаткова, каб усё ж дэманстраваць сваю крыўду.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG