Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пачаўся збор грошай на кнігу пра паўстаньне Каліноўскага на Гарадзеншчыне


На сайце talaka.by пачаўся збор грошай на выданьне і распаўсюд кнігі гісторыка Вячаслава Шведа «Рэквіем паўстанцам 1863–1864 гг. (Гродзенская губэрня)».

За першы дзень на новую кнігу сабрана 189 рублёў. Каб надрукаваць выданьне, патрабуецца 4500 рублёў.

Доктар гістарычных навук Вячаслаў Швед распавёў Свабодзе, што ён не зьвяртаўся ў выдавецтвы:

«Не было сэнсу і не спрабаваў. Зьвярнуўся толькі ў выдавецкую ініцыятыву „Гарадзенская бібліятэка“. На жаль, цяпер менш мажлівасьцяў, хаця некаторая дапамога была паабяцаная. Таму, калі мне прапанавалі такім чынам — зборам, то я пагадзіўся. Думаю, нам удасца выдаць кнігу народным спосабам. Гэта яшчэ раз будзе сьведчыць пра зацікаўленасьць чытачоў у гісторыі паўстаньня, пра тое, што гістарычная памяць у нас ёсьць».

Вячаслаў Швед кажа, што кніга напісаная на матэрыялах перш за ўсё Нацыянальнага гістарычнага архіву Беларусі ў Горадні і Віленскага гістарычнага архіву. Геаграфія кнігі —Гарадзенская губэрня. Аўтар таксама працаваў з мэмуарамі, дзёньнікамі, успамінамі, з кнігамі, якія сталі цяпер бібліяграфічнай рэдкасьцю.

Паўстаньнем была закончана першая палова ХІХ стагодзьдзя, барацьба за незалежнасьць выйшла на новы ўзровень, кажа гарадзенскі гісторык.

Ён кажа, што за апошні час зьявіліся новыя кнігі пра паўстаньне. Выйшла грунтоўная праца Дзьмітрыя Матвейчыка зь Менску, які перакапаў менскі архіў і напісаў біяграфічны слоўнік паўстанцаў Менскай губэрні.

Вячаслаў Швед
Вячаслаў Швед

«Мая кніга раскрые другую частку Беларусі, найбольш актыўную ў тым паўстаньні. У кнізе будзе найперш аповед пра людзей, якія ў ім удзельнічалі, гэта рэквіем паўстанцам. Але мяне цікавілі лёсы і кіраўнікоў, і тых, хто змагаўся са зброяй у руках у атрадах, і тых, хто ўдзельнічаў у маніфэстацыях, насіў сымбалі паўстанцкія або дэманстратыўна — чорную вопратку.

Далей — біяграфічны слоўнік. Адзначаныя асобы, якія самі ўдзельнічалі ці дапамагалі паўстанцам, ежу давалі, вопратку.

Высьветліць лёсы паўстанцаў дапамаглі таксама зьвесткі з сыбірскіх архіваў, што ёсьць у сеціве.

У кнізе ёсьць дадаткі: сьпісы тых, хто сьпяваў патрыятычныя песьні, хто ўдзельнічаў у касьцельных шэсьцях.

Я стараўся назваць як мага больш прозьвішчаў. Частку зь іх ніхто раней не ўспамінаў.

Вельмі мала хто зазіраў у гэтыя матэрыялы ў архіве. А калі зазіралі, то толькі зусім нядаўна. Напрыклад, Аляксандар Радзюк, гарадзенскі дасьледчык паўстаньня. Ён даў згоду быць рэцэнзэнтам маёй кнігі.

З пошукам і падборам ілюстрацый дапамагае іншы гарадзенскі гісторык — Андрэй Вашкевіч. Іх будзе 250».

З кастрычніка 2016 году Вячаслаў Швед стаў пэнсіянэрам. Пэнсіі выпісалі 315 рублёў, кажа ён, пазьней дабавілі яшчэ дзесяць. У 2013 годзе ў Гарадзенскім унівэрсытэце імя Янкі Купалы зь ім не працягнулі кантракт.

Гісторык надалей вядзе навуковыя дасьледаваньні, удзельнічае ў канфэрэнцыях, супрацоўнічае з Варшаўскім унівэрсытэтам.

Тэмай ягонай доктарскай дысэртацыі было грамадзка-палітычнае жыцьцё ў Беларусі ў канцы ХVІІІ — першай палове ХІХ стагодзьдзя. Іншая тэма яго навуковых пошукаў — гісторыя Горадні.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG