Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінскія праваахоўнікі ўбачылі сувязь паміж забойствам Шарамета і замахам на жыцьцё дэпутата Герашчанкі


Ілюстрацыйнае фота. На месцы забойства Паўла Шарамета. Кіеў, 20 ліпеня 2016 году
Ілюстрацыйнае фота. На месцы забойства Паўла Шарамета. Кіеў, 20 ліпеня 2016 году

Служба бясьпекі Ўкраіны прадухіліла арганізаваны з тэрыторыі Расеі замах на жыцьцё дэпутата Вярхоўнай Рады Антона Герашчанкі, а праваахоўныя органы цяпер правяраюць магчымую сувязь гэтага злачынства з забойствам беларускага журналіста Паўла Шарамета ў ліпені 2016 году ў Кіеве.

Паводле СБУ, непасрэдным арганізатарам замаху на жыцьцё Антона Герашчанкі быў ураджэнец Расеі, былы жыхар Харкаўскай вобласьці, які далучыў да падрыхтоўкі забойства яшчэ двух раней судзімых грамадзянаў Украіны. 19 сьнежня яны выехалі ў Кіеў, дзе на працягу тыдня вялі актыўную выведку і назіраньне за Антонам Герашчанкам, адсочвалі машыны, на якіх ён перасоўваўся. Зламысьнікі плянавалі падарваць аўтамабіль народнага дэпутата. Запасным варыянтам быў выбух на маршруце ягонага руху. Рыхтуючы забойства, гэтыя грамадзяне некалькі разоў выяжджалі ў Расею для атрыманьня далейшых інструкцыяў, а пасьля злачынства плянавалі ўцячы на расейскую тэрыторыю.

Служба бясьпекі Ўкраіны затрымала зламысьнікаў з прыведзеным у гатоўнасьць самаробным выбуховым прыстасаваньнем паблізу жыльля Антона Герашчанкі.

Дарадца кіраўніка Міністэрства ўнутраных спраў Украіны Заран Шкірак заявіў, што абставіны плянаваньня і арганізацыі замаху на забойства народнага дэпутата ідэнтычныя падрыхтоўцы і зьдзяйсьненьню тэракту супраць Паўла Шарамета. «Ёсьць дэталі, якія могуць сьведчыць пра ідэнтычнасьць падыходу да зьдзяйсьненьня злачынства», — адзначыў ён.

«У дадзеным выпадку мы можам казаць, што чалавек, які, паводле нашай інфармацыі, ёсьць замоўцам забойства Антона Герашчанкі, мае непасрэднае дачыненьне да расейскіх спэцслужбаў. Тое ж самае можна сказаць і ў дачыненьні да забойства Паўла Шарамета. Але адказ павінна даць сьледзтва», — падкрэсьліў Заран Шкірак.

Паўла Шарамета забілі 20 ліпеня 2016 году ў цэнтры Кіева, падарваўшы аўтамабіль, якім ён кіраваў. Украінскія праваахоўнікі кваліфікуюць гібель журналіста як наўмыснае забойства.

На працягу апошніх месяцаў паліцыя і кіраўнікі спэцслужбаў не выдаюць ніякай інфармацыі, заяўляючы, што гэта можа нашкодзіць сьледзтву.

Яшчэ ў ліпені Генэральны пракурор Украіны Юры Луцэнка назваў асноўнай вэрсіяй забойства Шарамета расплату за яго прафэсійную дзейнасьць.

«Украінская праўда» устанавіла, што ў справе аб забойстве журналіста Паўла Шарамета сьледзтва распрацоўвала адну з вэрсіяў, паводле якой да забойства датычныя ўкраінскія баявыя батальёны.

Павал Шарамет — беларускі, расейскі і ўкраінскі журналіст тэлебачаньня, радыё і пэрыядычных выданьняў, у 1990-х — 2000-х гадах кіраўнік аддзелу спэцыяльных інфармацыйных праектаў расейскага тэлеканалу ОРТ, пасьля — «Першага каналу» ў Расеі. Апошнія пяць гадоў жыў у Кіеве, працаваў у інтэрнэт-выданьні «Украінская праўда», а таксама на радыё «Вести».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG