Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія «канапавыя войны» і бот прэзыдэнта Джонсана


Юры Дракахруст.
Юры Дракахруст.

Бурлівыя спрэчкі ўзьнікаюць у нацыянальным сэгмэнце Сеціва ўвесь час, можна прыгадаць некалькі зусім сьвежых: рэкляма Mark Formelle, якую крытыкі закляймілі як сэксісцкую, стаўленьне да катастрофы расейскага самалёта, на якім загінуў хор Аляксандрава, дыскусія пра беларусаў і ліцьвінаў, палеміка, ці добра жыць у Беларусі?

Ці ёсьць нешта агульнае ў гэтых спрэчках, «канапавых войнах», халіварах (сьвятых войнах), як іх называюць на інтэрнэт-слэнгу? Чаму гэтыя, а ня іншыя тэмы выклікаюць такія выбухі эмоцыяў, жарсьцяў?

Цікава: іх выклікае не палітыка, як такая. Нейкае нават важнае кадравае прызначэньне ніякіх дэбатаў не выклікае, кіно з Колем Лукашэнкам — выклікае. Чаму?

Людзей найперш цікавіць іх матэрыяльнае жыцьцё? Ну і так, і не. Зараз беларусы жывуць цяжка. Але зьніжэньне рэальных даходаў само па сабе — хіба тэма для спрэчак?

І гэта не адно ў Беларусі ня тэма. Колішні прэзыдэнт ЗША Ліндан Джонсан казаў з уласьцівым яму грубаватым тэхаскім гумарам: прамаўляць пра эканоміку — як мачыцца сабе ў бот, вам цёпла, а вашым слухачам абыякава.

Наўпрост пра эканоміку — так, абыякава. Неабыякава — пра мараль, пра справядлівасьць, пра тое, што вось тыя зарабляюць несправядліва, а мы...

А таксама пра чужых і сваіх, пра «нас» і «іх». Чужым можа быць і сусед па пад’езьдзе. Але звычайна ўсё ж людзі на пэўнай сацыяльнай дыстанцыі, але на ня надта вялікай.

Вось у той жа дыскусіі пра загіблы расейскі самалёт некаторыя адзначалі, што той хор Аляксандрава ляцеў у Сырыю, дзе расейская авіяцыя бамбавала Алепа. Праўда бамбавала. Камусьці, напэўна, было шкада ахвяраў тых бамбаваньняў, для некага яны — тэрарысты альбо непазьбежныя выдаткі правай справы. Аднак ці спарадзіла тое бамбаваньне само па сабе спрэчку ў Байнэце? Не. Надта далёка. Як той казаў, жывучы на могілках, усіх не аплачаш.

Вось расейцы ў адрозьненьні ад сырыйцаў — свае-чужыя. Таму і жарсьці. Адсюль і вечныя спрэчкі, якія то зьнікаюць, то ўспыхваюць пра Беларусь-Белоруссию. Ну ўсё ж, здавалася б, ужо сказана і пераказана, даказана і абвергнута. Але эмоцыі немагчыма ні даказаць, ні абвергнуць.

Гэта як тэрмомэтар. І недарэчныя заўвагі — ну што ўжо пра такую лухту спрачацца? Тэмпэратура грамадзкай думкі — не лухта. І не сьвядомы выбар. Ну індывідуальна — сьвядомы. Кожны сам вырашае, удзельнічаць яму ў тым ці іншым халівары. Але што робіцца тэмай «канапавай вайны», а што не — гэта не вырашае ніхто індывідуальна.

Не, я ведаю пра «фабрыкі троляў». Але не выглядае, што ўсе ці нават пераважная большасьць «войнаў» у Байнэце спараджаюцца нейкімі адмысловымі тролямі. Не выключаю, што нейкія тролі могуць спрабаваць выклікаць халівар. Але ці заўсёды іх высілкі маюць плён?

Вось спытаў у «Трайным удары» двух высокіх прафэсіяналаў у інфармацыйнай сфэры — галоўных рэдактараў TUT.BY Марыну Золатаву і Эўрарадыё Віктара Малішэўскага: ці часта яны здольныя прадказаць, якая тэма, навіна, які сюжэт спародзіць халівар, выкліча жарсьці? Адказ калегаў — не.

Пры гэтым цікавасьць да той ці іншай навіны, як «клікабельнасьць» у інтэрнэце — далёка не заўсёды паказьнік таго, што яна выкліча спрэчкі і жарсьці. Бываюць рэчы цікавыя, важныя, значныя, якія ніякіх асаблівых эмоцыяў не выклікаюць.

Ёсьць і яшчэ адно цікавае пытаньне: спрэчкі ў Байнэце — гэта тое самае, што спрэчкі ў Беларусі? Так, ахоп інтэрнэтам у Беларусі даволі шырокі. Але ці азначае гэта, што Байнэт і яго жарсьці адлюстроўваюць жарсьці грамадзтва? «Сарафаннае радыё», гутаркі ў працоўнай сталоўцы, за сяброўскім сталом, у цырульні, у транспарце, наагул паўсюль, дзе людзі камунікуюць адзін з адным — гэта ўсё так ці інакш выплюхваецца, выліваецца ў Байнэт? Праўда?

Прыгадваецца рэакцыя інтэлігентных людзей майго кола ў чэрвені 1994 году: «Ды хто за яго галасаваў? Нікога ня ведаю». Сёлета мы ўсе мелі задавальненьне чуць тое самае пытаньне ў далёкай (нібыта) Амэрыцы — ды хто за яго галасаваў?

Ну ў 1994 годзе ў Беларусі інтэрнэту не было, у сучаснай Амэрыцы Трамп кожны свой крок апісваў у Твітэры. Чытаў жа яго нехта, тая самая «маўклівая большасьць», якая прынамсі карыстаецца Твітэрам, а ня толькі ад суседзяў і сяброў даведваецца, што і як у краіне робіцца.

Дык вось вяртаючыся да Байнэту. Гэта безумоўна люстэрка грамадзтва. Хаця б таму, што іншага, такога ўцямнага, няма. Што гаворыць бабулька з суседкамі ў беларускай вёсцы на прызьбе каля сваёй хаты, пра што размаўляе рабацяга з МТЗ у піўной зь сябрамі і калегамі, пра што спрачаюцца чыноўнікі на высокіх і ня надта пасадах — пра гэта пра ўсё можна даведацца ў Байнэце? Чамусьці здаецца, што не. А дзе даведацца, пра што яны ўсе гавораць, спрачаюцца, размаўляюць?

Тут нават калі б была ў краіне сацыялёгія (з чым вялікія праблемы), то адказ быў бы неадназначны. Апытаньні могуць вымяраць ацэнкі, меркаваньні, яны не вымяраюць інтэнсіўнасьць, моц пачуцьцяў. 5%, якія, наагул кажучы, за нешта, чым супраць, але ў прынцыпе ім тое абыякава, і 5% гатовых за гэтае нешта пакласьці жыцьцё — гэта насамрэч вельмі розныя лічбы.

Ну, некаторым насельнікам, вэтэранам тых інтэрнэт-халівараў, блізкая трактоўка вельмі пыхлівая — што там народ думае, пра што спрачаецца, гэта ня мае значэньня. Хто яго чуе? І навошта? Вось мы гаворым — гэта vox populi і ёсьць. Мы эліта, мы за ўвесь populi і фармулюем.

Ну не пазбаўлена рацыі. Хаця вызначэньне, хто эліта, а хто не — працэс не аднабаковы. Эліта — гэта ўсё ж тыя, каго элітай лічаць астатнія.

Да таго ж мы ўсё ж пра «канапавыя войны», пра спрэчкі, пра жарсьці. Ну так — нейкія разумныя людзі могуць сфармуляваць нешта разумнейшае за іншых. Але эмоцыі, пачуцьці — у гэтым людзі роўныя. Выклікае эмоцыі нешта ў адных — у «эліты», а калі ў іншых — па формуле Джонсана? І з чаго тады вынікае, што гэтае нешта важнае, «гарачае» для ўсіх?

Байнэт — зразумела люстэрка. Але досыць скрыўленае. Шкада, што іншага няма. Ды і абмяркоўваем мы гэта — дзе? Ну ў Байнэце ж і абмяркоўваем.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG