Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёлета беларусы будуць кампэнсаваць 75% выдаткаў на жыльлёва-камунальныя паслугі, а ў наступным годзе — 100%


Камунальныя службы шукаюць шляхі зьніжэньня выдаткаў на жыльлёва-камунальныя паслугі, але тарыфы немінуча вырастуць. Ужо ў гэтым годзе беларусы будуць кампэнсаваць 75% выдаткаў, а налета — 100%. Такая інфармацыя прагучала ў вячэрнім эфіры праграмы «Нашы навіны» на тэлеканале АНТ, перадае Tut.by.

«Жыльлёва-камунальныя паслугі вырастуць у цане. Сёлета насельніцтва будзе кампэнсаваць ўжо тры чвэрці выдаткаў, а ў наступным годзе — 100%. Рост тарыфаў ня ўдарыць па сацыяльна неабароненых слаях насельніцтва — ім дапамогуць жыльлёвымі субсыдыямі», — паведамілі ў эфіры.

Таксама было адзначана, што плаціць менш будуць і тыя, хто паставіць лічыльнікі на батарэі і адмовіцца ад смецьцеправоду. Камунальныя службы таксама шукаюць шляхі зьніжэньня выдаткаў.

Сёньня беларусы кампэнсуюць больш за 60% выдаткаў на жыльлёва-камунальныя паслугі. Віцэ-прэм’ер Анатоль Калінін у канцы мінулага году таксама адзначыў, што росту тарыфаў на жыльлёва-камунальныя паслугі не прадбачыцца.

«Я не магу прагназаваць на ўвесь год, але хачу сказаць, што плянуецца і пастаўлена задача кіраўніком дзяржавы. Сёньня мы маем у нашым пэрспэктыўным пляне толькі 5 долараў павышэньня (у студзені 2017 году). Усё астатняе — толькі за кошт зьніжэньня выдаткаў», — растлумачыў Анатоль Калінін.

Рост тарыфаў на ЖКГ — адна з умоў выдачы крэдыту ад МВФ. У лістападзе 2016 году Аляксандар Лукашэнка чарговы раз выказаў сваю нязгоду з пазыцыяй МВФ, які патрабуе ад Беларусі павысіць цэны на камунальныя паслугі.

«МВФ патрабуе: сёньня 75%, заўтра 100% насельніцтва павінна плаціць за ЖКГ, тады дамо 3 мільярды крэдыт. Я кажу: „Добра, сёньня 100% зробім, заўтра будуць дзікія неплацяжы“. Тут трэба ісьці вельмі акуратна. І мы дамовіліся — кожны год дабаўляем па 5 долараў. Калі раптам адбудзецца абвал, інфляцыя, мы ўсё палічым і прэзыдэнт указам зацьвердзіць», — заявіў ён.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG