Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гісторык Ігар Кузняцоў налічыў 124 месцы масавых расстрэлаў ахвяраў савецкіх рэпрэсіяў у Беларусі


Ігар Кузьняцоў у Курапатах
Ігар Кузьняцоў у Курапатах

Гісторык Ігар Кузняцоў налічыў 124 месцы масавых расстрэлаў ахвяраў савецкіх рэпрэсіяў, у тым ліку 12 — у Менску і ягоных ваколіцах. Пра гэта ён заявіў на пасяджэньні аргкамітэту гісторыка-асьветніцкага аб’яднаньня «Вяртаньне памяці», якое адбылося 18 студзеня ў Менску.

Як перадае БелаПАН, паводле Ігара Кузняцова, расстрэлы праходзілі сама меней у 48 населеных пунктах: Менску, абласных і буйных раённых цэнтрах, іншых месцах.

Гісторык адзначыў, што ў даступных афіцыйных крыніцах вельмі складана ўстанавіць месца расстрэлу. «Нідзе не напісана дата выкананьня прысуду. У лепшым выпадку гэта можна высьветліць у архіўна-сьледчай справе. І тое мы сустракаем такую інфармацыю: расстраляны 23-26 кастрычніка 1937 году — аказваецца, па меры запаўненьня ямы. Але гэта такі выпадак, калі хаця б умоўна можна сказаць, што гэта быў кастрычнік. Насупраць графы „вышэйшая мера пакараньня — расстрэл“ у лепшым выпадку паказаная менская або іншая турма, дзе ўтрымліваўся чалавек. І тое толькі ў 30% выпадкаў можна высьветліць, дзе чалавек знаходзіўся. Дзе ён быў расстраляны — гэтае пытаньне засталося абсалютна нявысьветленым», — сказаў гісторык.

Зь яго прыкладных падлікаў вынікае, што 370 тысяч чалавек маглі быць расстраляныя падчас рэпрэсіяў у 1917-1953 гадах, што, адзначыў ён, адрозьніваецца ад афіцыйнай лічбы больш чым у 10 разоў.

Сярод расстраляных, падлічыў Кузняцоў, 57% зьяўляліся беларусамі, 25% — палякамі, 7% — габрэямі, а таксама расейцамі і прадстаўнікамі іншых нацыянальнасьцяў. Паводле сацыяльнага статусу гэта былі ў асноўным сяляне і рабочыя — 85%. «Гэта сьведчыць пра тое, хто такія былі ворагі савецкай улады — сяляне, рабочыя, а інтэлігенцыя на фоне гэтых 85% выглядае адгалоскамі 1917 году», — сказаў ён.

Дата гібелі расстраляных, паводле афіцыйнай базы, падкрэсьліў Кузняцоў, невядомая ў 70% выпадкаў. «Толькі ў 25% выпадкаў пазначаны хаця б горад», — адзначыў ён.

«Можна зрабіць выснову, што Кампартыя Беларусі, НКУС БССР вінаватыя ва ўчыненьні злачынства, у прыватнасьці ў правядзеньні масавых рэпрэсіяў супраць як савецкіх, так і замежных грамадзян (у гэтым выпадку мы кажам у першую чаргу пра падзеі 1940 г.)», — заявіў Кузняцоў.

Аргкамітэт гісторыка-асьветніцкага аб’яднаньня «Вяртаньне памяці» прапануе грамадзкасьці лічыць 2017-ы Годам памяці ахвяраў савецкіх рэпрэсіяў супраць беларускага народу.

«Нашым агульным клопатам павінна быць вяртаньне кожнаму закатаванаму, забітаму, прыніжанаму жыхару Беларусі ягонага добрага імя», — гаворыцца ў звароце аргкамітэту, прынятым на пасяджэньні 18 студзеня ў Менску.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG