Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Асанж рыхтуецца да экстрадыцыі ў ЗША


Джуліян Асанж прамаўляе з балькону амбасады Эквадору ў Лёндане 5 лютага 2016 году
Джуліян Асанж прамаўляе з балькону амбасады Эквадору ў Лёндане 5 лютага 2016 году

Адвакат Джуліяна Асанжа заявіў, што заснавальнік сайту WikiLeaks рыхтуецца да экстрадыцыі ў ЗША пасьля таго, як амэрыканскі прэзыдэнт Барак Абама зьмякчыў пакараньне былой вайскоўцы ЗША Чэлсі Мэнінг, якая была асуджаная за перадачу сакрэтных дакумэнтаў WikiLeaks. Пра гэта паведамляе брытаенскае выданьне The Guardian.

Асанж прывітаў рашэньне Абамы вызваліць Мэнінг, якая перадала 700 000 дакумэнтаў у WikiLeaks. «Ваша мужнасьць і рашучасьць зрабілі немагчымае магчымым», — заявіў Асанж. Ён таксама падзякаваў актывістам, якія дамагаліся вызваленьня Мэнінг.

Раней прадстаўнікі Асанжа заявілі, што калі Абама вызваліць Мэнінг, Асанж пагодзіцца на экстрадыцыю ў ЗША, як было сказана, «нягледзячы на ўсю антыканстытуцыйнасьць».

Адвакатка Мэлінда Тэйлар пацьвердзіла намер Асанжа. Тым часам, іншы ягоны адвакат, Бэры Полак, заявіў, што цягам некалькіх месяцаў чакае ад Міністэрства юстыцыі ЗША ўдакладненьня прававога статусу Асанжа і цяпер спадзяецца хутка яго атрымаць.

«Міністэрства юстыцыі не павінна вылучаць якіх-небудзь абвінавачваньняў супраць спадара Асанжа, заснаваных на яго публікацыі праўдзівай інфармацыі, і варта неадкладна спыніць крымінальнае расьсьледаваньне ў дачыненьні да яго,» — цытуе Полака The Guardian.

Белы дом заявіў ў аўторак, што заява Асанжа пагадзіцца на экстрадыцыю у выпадку памілаваньня Мэнінг не паўплывала на дзеяньні прэзыдэнта ЗША. «У мяне няма паняцьця пра пляны падарожжаў спадара Асанжа. Я не магу гаварыць пра якія-небудзь патэнцыйныя сытуацыі, зь якімі ён можа сутыкнуцца з боку міністэрства юстыцыі», — сказаў прадстаўнік Белага дому.

Вайсковец Брэдлі Мэнінг быў арыштаваны ў 2010 годзе за перадачу сайту Wikileaks ды іншым інтэрнэт-рэсурсам вялікай колькасьці сакрэтных зьвестак, да якіх ён меў доступ. У ліку гэтай інфармацыі былі сотні тысяч дыпляматычных паведамленьняў. Гэтыя дзеяньні прывялі да найбуйнейшай уцечкі сакрэтнай інфармацыі ў гісторыі ЗША і нанясеньня значнай шкоды нацыянальнай бясьпецы краіны, пастанавіў суд.

У 2014 годзе Мэнінг прайшоў апэрацыю па зьмене полу і памяняў імя на Чэлсі.

У падтрымку Мэнінг выступілі шматлікія праваабаронцы. У лістападзе 2016 году яна зьвярнулася да прэзыдэнта Абамы з прашэньнем аб скарачэньні 35-гадовага тэрміну зьняволеньня да тэрміну, які яна ўжо правяла за кратамі. У сьнежні 2016 году пэтыцыя ў падтрымку яе вызваленьня на сайце Белага дома сабрала 100 тысяч подпісаў.

Джуліян Асанж хаваецца ў амбасадзе Эквадору ў Лёндане з 2012 году. Ён адмовіўся сустрэцца з пракурорамі ў Швэцыі, дзе ён застаецца ў вышуку па абвінавачаньні ў гвалтоўных сэксуальных дзеяньнях, якое ён адмаўляе. Ён неаднаразова заяўляў, што баіцца экстрадыцыі ў ЗША па абвінавачваньні ў шпіянажы ў выпадку, калі ён пакіне амбасаду. На дадзены момант афіцыйны запыт на яго экстрадыцыю прыйшоў толькі са Швэцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG