Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нямецкі суд адмовіўся забараніць праварадыкальную партыю, бо ў яе малы ўплыў


Канстытуцыйны суд Нямеччыны адмовіўся забараніць праварадыкальную Нацыянал-дэмакратычную партыю (НДП). Прычынай адмовы стала перадусім зьніжэньне ўплыву партыі.

«Нягледзячы на тое, НДП перасьледуе антыканстытуцыйныя мэты, але не хапае канкрэтных сур’ёзных сьведчаньняў, што яе дзейнасьць прывядзе да посьпеху», — патлумачыў рашэньне Канстытуцыйнага суду яго старшыня Андрэас Фоскуле.

Фэдэральнай Рада прасіла аб забароне НДП у сьнежні 2013 г. Яна сьцьвярджала, што партыя зьяўляецца неканстытуцыйнай і ставіць пад пагрозу дэмакратычны лад у краіне.

«Вынік разгляду можа кагосьці раздражняць, але забарона партыі не прывядзе да забароны мэнталітэту або перакананьняў», — сказаў кіраўнік Канстытуцыйнага суду і адзначыў, што дзяржава мае іншыя рычагі, такія як пазбаўленьне субсыдый. Калі б НДП умацавала свой уплыў ў будучыні, нямецкія інстытуцыі маглі б зноў зьвярнуцца ў суд з прапановай забараніць партыю.

Нацыянал-дэмакратычная партыя Нямеччыны, якая ўзьнікла ў 1964 годзе, паступова губляла свой уплыў. Летась па цэлай Нямеччыне яна мела 5200 членаў. Многія яе прыхільнікі апошнім часам перайшлі ў новую антыэмігранцкую і антыісламскую партыю «Альтэрнатыва для Нямеччыны», якая перахапіла шэраг лёзунгаў НДП. Сацыялістычную імпэрскую партыю, якая абвяшчала сябе спадкаемцай нацыянал-сацыялістаў, нямецкі суд забараніў яшчэ ў 1952 годзе.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG