Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лаўроў насьцярожыўся тым, што Беларусь збудуе лягеры для нелегальных мігрантаў


Сяргей Лаўроў
Сяргей Лаўроў

Міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў заявіў на прэс-канфэрэнцыі ў Маскве, што пагадненьне Эўразьвязу і Беларусі пра атрыманьне апошняй 7 млн эўра на пабудову цэнтраў разьмяшчэньня мігрантаў выклікае ў Маскве «пэўныя пытаньні», перадае «Союзное вече».

«У нас зь Беларусьсю Саюзная дзяржава, у межах якой прынятае прынцыповае рашэньне выраўноўваць правы грамадзянаў і адной, і другой краіны ва ўсіх без выключэньня абласьцях, — казаў Лаўроў. — І адной з такіх сфэраў прыкладаньня нашых цяперашніх намаганьняў ёсьць узгадненьне парамэтраў адзінай візавай, адзінай міграцыйнай прасторы. Гэта патрабуе, сярод іншага, вызначэньня адзінага сьпісу асобаў, якія непажаданыя, якія пажаданыя, але гэта таксама патрабуе адзінай палітыкі ў галіне экстрадыцыі».

Беларуска-эўрапейскае пагадненьне, кажа Лаўроў, «стварае пытаньні і магчымасьці для злоўжываньня», бо паміж Беларусьсю і Расеяй «няма аформленай наземнай мяжы». Паводле Лаўрова, Беларусь і Расея вядуць перамовы па адзінай міграцыйнай палітыцы, а цяперашняя дамова «патрабуе паскорыць» гэтыя перамовы, каб прыйсьці да «нейкіх вынікаў».

«Союзное вече» — афіцыйнае выданьне парлямэнцкага сходу так званай Саюзнай дзяржавы — піша, нібы ў беларускіх лягерах плянуецца зьмясьціць у тым ліку ўцекачоў з Украіны, Сырыі і «асобаў, якія зьяжджаюць ад эканамічнага крызісу ў Расеі і шукаюць працы ў краінах Эўропы». Беларускі МУС заяўляе, што плянуе ствараць цэнтры разьмяшчэньня толькі для нелегальных мігрантаў на пэрыяд правядзеньня працэдураў, зьвязаных з ідэнтыфікацыяй альбо дэпартацыяй — на сёньня іх зьмяшчаюць у ізалятары часовага ўтрыманьня. Пра сырыйскіх або іншых уцекачоў гаворкі не ідзе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG