Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да дэпутаткі Анісім зьвярнуліся выбарнікі зь іншых акруг


Алена Анісім
Алена Анісім

Выбарная акруга дэпутаткі Палаты прадстаўнікоў Алены Анісім ахоплівае два суседнія раёны з цэнтрамі ў Стоўпцах і Нясьвіжы. Але па дапамогу да яе зьвярнуліся жыхары зусім іншага рэгіёну Беларусі.

«Я атрымала зварот ад жыхароў мікрараёну Гомеля, — кажа Свабодзе Алена Анісім. — Яго падпісалі 365 чалавек. Гэта, канечне, не мая акруга. Аднак пытаньне яны ўздымаюць вельмі важнае. Высякаюцца зялёныя насаджэньні, дзеля таго каб узьвесьці новую забудову. І гэта ў сасновым масіве, дзе, паводле некаторых зьвестак, расстрэльвалі людзей. Канфлікт, як пішуць аўтары звароту, цягнецца ўжо два гады.

Я не магла пакінуць зварот без увагі і зьвярнулася да пракурора Гомеля. Адказ ужо прыйшоў. Пракуратура абяцае трымаць пытаньне на кантролі. Да справы падключылі старшыню гарвыканкаму, гарадзкую і раённую інспэкцыі па ахове прыроды і навакольнага асяродзьдзя. Дарэчы, ужо вядомая рэакцыя інспэкцыяў. Адтуль мне паведамілі, што тыя дрэвы, якія ўжо сьпілаваныя, знаходзіліся ў аварыйным стане. Да адказу прыклалі спэцыяльную ведамасьць ацэнкі стану дрэваў. А вось пытаньне пра масавыя расстрэлы ўсе, хто даў мне адказ, абышлі маўчаньнем.

Я пераслала копіі ўсіх лістоў тым, хто да мяне зьвяртаўся. І напісала, што найперш пра гэта павінен клапаціцца дэпутат зь іхнай акругі. Але тое, што я атрымала зварот не з маёй, а з зусім іншай акругі, мяне не зьдзіўляе. Ганну Канапацкую і мяне ў грамадзтве пазыцыянуюць як дэпутатаў дэмакратычных. Таму да нас і зьвяртаюцца. І аргумэнтуюць гэта так: толькі на вас спадзеў, толькі вы можаце гэта падняць...

І яшчэ — аўтары ліста пішуць, што такія пытаньні трэба выносіць на грамадзкія парлямэнцкія слуханьні. Бо высяканьне адбываецца ня толькі ў Гомелі, але і яшчэ шмат дзе.

А тое, што да мяне зьвяртаюцца выбарнікі зь іншых месцаў, то такое наша жыцьцё. Дарэчы, ужо было некалькі лістоў на адрас нашай парлямэнцкай камісіі (па адукацыі, культуры і навуцы), на якіх пазначаюць маё прозьвішча. Гэта не зусім этычна, бо калі пішаце на камісію, то камісія і разьбіраецца. Але ж людзям не забароніш».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG