Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Oxfam: Восем чалавек маюць столькі багацьця, колькі палова сьвету


Адзін адсотак найбагацейшых людзей на нашай плянэце мае ў сваіх руках больш багацьця, чым усе астатнія людзі на сьвеце.

Пра гэта ў сваёй найноўшай справаздачы аб няроўнасьці разьмеркаваньня багацьця паведаміла міжнародная асацыяцыя дабрачынных арганізацый Oxfam, якая займаецца праблемай беднасьці і зьвязанай зь ёю несправядлівасьцю на сьвеце.

Паводле дасьледаваньня Oxfam, восем чалавек у цяперашні час валодаюць такім самым аб’ёмам багацьця, як бяднейшая палова сьвету.

Іншыя яскравыя прыклады няроўнасьці, якія цытуе згаданая справаздача:

* на працягу бліжэйшых 20 гадоў 500 багацеяў сьвету перададуць у рукі сваіх нашчадкаў 2,1 трыльёна даляраў, гэта значыць, суму большую, чым ВУП Індыі, у якой жыве 1,3 мільярда чалавек;

* даходы 10% самых бедных людзей павялічыліся менш чым на 3 даляры на год паміж 1988 і 2011 гадамі, у той час як даходы 1% самых багатых павялічыліся ў 182 разы;

* у ЗША за апошнія 30 гадоў рост даходаў бяднейшай паловы насельніцтва быў роўны нулю, у той час як даходы 1% самых багатых вырасьлі на 300%;

* у Віетнаме самы багаты чалавек зарабляе больш за дзень, чым самы бедны за 10 гадоў.

Калі пакінуць праблему эканамічнай няроўнасьці на сьвеце без увагі — сьцьвярджаюць аўтары справаздачы — дык гэта пагражае штораз большай разрозьненасьцю і адасобленасьцю грамадзтваў, штораз большай злачыннасьць і неабароненасьцю людзей, і штораз большай зьняверанасьцю ў барацьбе зь беднасьцю.

«Brexit», посьпех Дональда Трампа ў прэзыдэнцкай кампаніі, уздым расізму і паўсюднае расчараваньне палітычнымі элітамі — гэта, паводле Oxfam, выразныя прыкметы таго, што ўсё болей людзей у багатых краінах сьвету не жадаюць цярпець статус кво.

«Карціна ў бедных краінах ня менш складаная і ня менш трывожная — адзначаецца ў справаздачы. — Сотні мільёнаў людзей былі выцягнутыя зь беднасьці ў апошнія дзесяцігодзьдзі, і гэтым дасягненьнем сьвет павінен ганарыцца. Тым ня менш, адзін чалавек зь дзевяці да гэтага часу кладзецца спаць галодны. Калі б эканамічны рост у пэрыяд 1990-2010 гг. быў на карысьць бедных, 700 мільёнаў чалавек, большасьць зь якіх жанчыны, не жылі б сёньня ў галечы. Дасьледаваньні сьцьвярджаюць, што тры чвэрці крайняй галечы можна было б ліквідаваць у цяперашні час пры выкарыстаньні наяўных рэсурсаў, за кошт павелічэньня падаткаў ды скарачэньня вайсковых і іншых рэгрэсіўных выдаткаў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG