Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магдэбурская спадчына Шклова ці спадчына Кацярыны ІІ


Шклоўская ратуша
Шклоўская ратуша

Шклоўскія рупліўцы беларускай даўніны прапанавалі раённай уладзе адзначыць гадавіну наданьня гораду Магдэбурскага права ўсталяваньнем памятнае дошкі на будынку ратушы.

На думку сяброў мясцовай суполкі Таварыства беларускай мовы і аб’яднаньня «Шклоўскі магістрат», адно з памяшканьняў ратушы варта прыстасаваць пад залю для ўрачыстых прыёмаў на ўзор тых, якія ёсьць у магілёўскай і менскай ратушах.

Ініцыятыву шклоўцаў падтрымалі магілёўскія гісторыкі Ігар Пушкін і Аляксандар Агееў.

Ратуша ў Шклове — адзіны будынак, які захаваўся як знак магдэбурскай мінуўчшыны гораду. Помнік архітэктуры зьбярогся цудам і да аднаўленьня ратушы ў Магілёве заставаўся адзіным на Падняпроўі сымбалем эўрапейскага самакіраваньня на тутэйшых землях.

Да 1991 году мясцовыя ўлады пры падтрымцы райкаму партыі намагаліся зьнесьці ратушу. Доўгі час найстарэйшы будынак Шклова быў занядбаны. У 1999 годзе падчас падрыхтоўкі раённага цэнтру да Дажынак ратушу адрэстаўравалі.

Аляксандар Грудзіна, краязнаўца
Аляксандар Грудзіна, краязнаўца



Пра гісторыю Ратушы і магдэбурскую мінуўшчыну Шклова гаварылі на пасяджэньні мясцовай суполкі ТБМ і «Шклоўскага магістрату». На гэтай нарадзе і вырашылі зьвярнуцца да раённай улады, каб увечніць падзеі, зьвязаныя з малавядомым для большасьці жыхароў раённага цэнтру пэрыядам мясцовай гісторыі.

«Жыхары Шклова абазнаныя ў гісторыі часоў панаваньня тут Расейскай імпэрыі: кожны ведае, хто такі Пётар І, Кацярына ІІ, але, што да такіх гістарычных асобаў, як Хадкевічы, Чартарыйскія (былыя ўладальнікі Шклову, — РС), ці таго ж Магдэбурскага права, дык для большасьці гэта невядомая гісторыя, — адзначае краязнаўца Аляксандар Грудзіна. — Той час ніколі ў нас не вывучаўся, а калі пра яго і казалі, то з закідам, што гэта нібыта і ня наша гісторыя. Пра гэтую гісторыю ведаюць толькі гісторыкі, краязнаўцы ды абмежаванае кола тых, хто адмыслова цікавіцца тым пэрыядам».

Пакуль у Шклове славяць герояў іншай гісторыі: помнік Сямёну Зорычу, фаварыту Кацярыны ІІ, якая падарыла яму Шклоў. Помнік у гарадзкім парку
Пакуль у Шклове славяць герояў іншай гісторыі: помнік Сямёну Зорычу, фаварыту Кацярыны ІІ, якая падарыла яму Шклоў. Помнік у гарадзкім парку

Помнік расейскаму салдату часоў напалеонаўскай кампаніі
Помнік расейскаму салдату часоў напалеонаўскай кампаніі

Савецкі танк на алеі Герояў
Савецкі танк на алеі Герояў

Непадалёк ад танку пад самай ратушай савецкія БТР і БМП
Непадалёк ад танку пад самай ратушай савецкія БТР і БМП



Паводле суразмоўцы, гэта ня першы зварот да мясцовай улады дзеля ўвечненьня падзеяў, зьвязаных з магдэбурскім мінулым Шклова. «Плёну, аднак, нашыя ініцыятывы не даюць, — прызнаецца ён. — Урачыстыя імпрэзы, на якіх адзначаецца дзень наданьня гораду Магдэбурскага права, праходзяць у прыватных сядзібах».

Праводзілі сваю сустрэчу шклоўскія актывісты таксама ў прыватнай сядзібе, якую прыстасавалі пад грамадзкі цэнтар «Мост». Непадалёк ад гэтага дому некалькі мясьцінаў, якія нагадваюць пра Шклоў часоў магдэбурскага права: падмуркі зьнішчанага касьцёлу дамініканаў, грэка-каталіцкай царквы Пятра і Паўла ды замка Хадкевічаў.

Аляксандар Грудзіна цьвердзіць: Магдэбурскае права надаў гораду кароль польскі і вялікі князь літоўскі Стэфан Баторы з ініцыятывы ўладальніка Шклова Яна Хадкевіча. Хадкевіч 16 лютага 1574 году зацьвердзіў войта. Паводле краязнаўцы, ад гэтай даты і варта адлічваць магдэбурскую гісторыю Шклова.

Гісторык Ігар Пушкін адзначае, што пра магдэбурскае мінулае варта гаварыць ня толькі з пазыцыі гісторыі, але і з пазыцыі эканомікі, права ды палітыкі.

Ігар Пушкін (крайні, зьлева), Аляксандар Агееў (крайні справа)
Ігар Пушкін (крайні, зьлева), Аляксандар Агееў (крайні справа)



«Калі мы гаворым пра незалежнасьць Беларусі, то мусім грунтавацца ня толькі на сваім уласным досьведзе найноўшай гісторыі, але і на досьведзе нашых продкаў», — заўважае ён.

«У мінулым сыстэма самакіраваньня ў Беларусі грунтавалася на традыцыях Магдэбурскага права. Дык ці варта нам сёньня нешта выдумляць, калі ў аснову мы можам закласьці тое, што было распрацавана ў той час, — ставіць пытаньне гісторык. — Дзякуючы гэтай сыстэме самакіраваньня мы сфармавалі выбітныя школы архітэктуры, кнігадрукаваньня. Тады разьвівалася добра эканоміка, якая вытрымлівала шматлікія войны. Чаму набыткі таго часу не выкарыстоўваць цяпер. Магдэбурскае права — гэта ж эўрапейскі досьвед выбудовы грамадзкіх узаемадачыненьняў».

Пячатка Шклова з Пагоняй часоў Магдэбурскага права
Пячатка Шклова з Пагоняй часоў Магдэбурскага права



Рупліўцы шклоўскай даўніны падчас абмеркаваньня згадалі і ўнёсак Аляксандра Лукашэнкі ў аднаўленьне мясцовай ратушы. Паводле іх, будучы дэпутатам Вярхоўнага савету 12-га скліканьня, ён раіўся наконт рэстаўрацыі помніку з сваім калегам-дэпутатам, археолягам і цяперашнім старшынём ТБМ Алегам Трусавым.

На думку шклоўскіх актывістаў, варты ўшанаваньня і дзяяч Вялікага Княства Літоўскага, уладальнік Шклова Ян Хадкевіч, які нямала зрабіў для краю.

Пачатак вуліцы Замкавай. Тут у гонар Яна Хадкевіча стаяў «Янаў слуп»
Пачатак вуліцы Замкавай. Тут у гонар Яна Хадкевіча стаяў «Янаў слуп»



Ініцыятары ўсталяваньня памятнай дошкі на ратушы прапануюць службоўцам з райвыканкаму правесьці адмысловую сустрэчу, на якой абмеркаваць, як найлепей ажыцьцявіць задуманае імі. На іхную думку, ўсталяваньне магдэбурскіх шыльдаў у Чэрыкаве, Чавусах ды Бялынічах можа стаць для шклоўскіх уладаў прыкладам для перайманьня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG