Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Францускія паэты прагучалі па-беларуску. У Менску адбылася вечарына «Паэтаў плянэты»


Зьміцер Колас, выдавец сэрыі «Паэты плянэты».
Зьміцер Колас, выдавец сэрыі «Паэты плянэты».

У Менску адбылася паэтычная вечарына, прысьвечаная тром францускім лірыкам розных стагодзьдзяў, перакладзеным на беларускую мову — П’еру дэ Рансару, Шарлю Бадлеру ды Гіёму Апалінэру.

Адмысловым госьцем стаў Ксаўе ле Тарывэлек (Xavier le Torrivellec), аташэ па ўнівэрсытэцкім супрацоўніцтве паміж Францыяй і Беларусьсю.

«Для мяне гэтая паэтычная вечарына стала сапраўдным адкрыцьцём. Я ўбачыў Беларусь крышачку зь іншага боку. Прыемна было адчуць цёплую атмасфэру, я б сказаў, нават адмысловы дух, які панаваў тут. Людзі прыйшлі ўвечары, пасьля працоўнага дня, у галерэю Tut.by, каб паслухаць вершы францускіх паэтаў — гэта ж фантастыка! Да таго ж я чытаў для аўдыторыі свайго любімага паэта — Шарля Бадлера, а гэта ня можа ня радаваць. Я заўважыў павагу да ведаў, да культуры. Прыемна, што грошы — гэта ня першаснае, ня самае галоўнае, што важна для людзей, якія прыйшлі на вечарыну», — падзяліўся ўражаньнямі Ксаўе ле Тарывэлек.

Тандэмнае чытаньне вершаў па-француску і ў перакладзе на беларускую мову ў выкананьні Ксаўе ле Тарывэлека і перакладчыка Лявона Баршчэўскага.
Тандэмнае чытаньне вершаў па-француску і ў перакладзе на беларускую мову ў выкананьні Ксаўе ле Тарывэлека і перакладчыка Лявона Баршчэўскага.

Паводле выдаўца Зьмітра Коласа, тэматычныя паэтычныя вечарыны будуць мець працяг. Наступным можа стаць сьвята нямецкай паэзіі, тым больш што ў межах сэрыі «Паэты плянэты» ўжо выдадзеныя чатыры нямецкія паэты.

Падчас Калядаў выйшлі новыя кнігі — вершы Эдгара По і Гарсіі Лоркі. Цяпер бібліятэка сэрыі «Паэты сьвету» налічвае 14 аўтараў, перакладзеных на беларускую мову. І гэта толькі пачатак.

«У нас ужо падрыхтавана 10 макетаў новых кніг зь перакладамі. Застаецца толькі знайсьці фінансаваньне на іх выданьне. Думаю, у гэтай справе дапамогуць амбасады тых краін, аўтараў вершаў якіх мы пераклалі на беларускую мову. З выданьнем нямецкіх паэтаў Фрыдрыха Гёльдэрліна і Генрыха Гейнэ вельмі дапамог Інстытут Гётэ, за што мы яму ўдзячныя. Першыя ж зборнікі, што выдалі летась, фінансавалі за свой кошт», — сказаў выдавец Зьміцер Колас.

Уладзь Лянкевіч, паэт і перакладчык, чытае па-беларуску вершы свайго ўлюбёнага паэта Гіёма Апалінэра.
Уладзь Лянкевіч, паэт і перакладчык, чытае па-беларуску вершы свайго ўлюбёнага паэта Гіёма Апалінэра.

Паводле перакладчыка Лявона Баршчэўскага, сэрыю «Паэты плянэты» папоўняць і вядомыя беларусы, творы якіх перакладаліся на замежныя мовы. Найперш гэта Рыгор Барадулін і Алесь Разанаў.

«Наша перакладчыцкая геаграфія пашыраецца. Сярод паэтаў ёсьць нават адзін японец. Цяпер перабраліся на Балканы. А ўвогуле зьбіраемся выдаць балгарына Дзімча Дэбэлянава, малдаваніна Міхая Эмінэску, латыша Аляксандра Чака, грэка Канстанцінаса Кавафіса, рымляніна Гая Валерыя Катула, фінскую паэтку Катры Вала», — сказаў перакладчык Лявон Баршчэўскі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG