Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маці-дармаедкі альбо зьдзек з асаблівым цынізмам


Наста Захарэвіч
Наста Захарэвіч

Часам я думаю, што беларускія законы ўжо ня могуць мяне зьдзівіць. Але потым ўлады нагадваюць, што грошы яны атрымліваюць ня проста так, а за бесьперапынную дапрацоўку заканадаўчай базы. І тыя нормы, што першапачаткова былі нелягічнымі і абсурднымі, пераўтвараюцца ў выкшталцона-цынічныя. Чаго-чаго, а ўменьня зьдзеквацца ў беларускіх законатворцаў не адабраць. Ім бы пісаць сцэнарыі псыхалягічных трылераў, але ў кіно страх і адчай несапраўдныя, і назіраньне за імі не прыносіць патрэбнай асалоды.

Вось здавалася б, як можна пагоршыць дэкрэт пра дармаедаў? Але ж няма нічога немагчымага для беларускіх уладаў! І калі ў першапачатковым варыянце дэкрэту ад выплаты падатку вызваляліся ўсе бацькі, чыім дзецям яшчэ не споўнілася 7 гадоў, то цяпер усё стала складаней. Калі дзіця ходзіць у дзіцячы садок, а маці ці бацька пры гэтым не працуе, то падатак усё ж давядзецца заплаціць.

Чаму дзяржава мусіць ствараць спрыяльныя ўмовы для сем’яў з малымі дзецьмі, відавочна ня ўсім.

Я ня буду асобна пісаць, што гэты дэкрэт парушае Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь і пераводзіць працу з катэгорыі права ў катэгорыю абавязку, і што гэта ўвогуле ганьба — пакуль у іншых краінах дзяржава дапамагае беспрацоўным, у Беларусі людзі бяз працы мусяць плаціць падатак з заробку, якога няма. Гэтыя базавыя аргумэнты відавочныя для ўсіх сацыяльных групаў. А вось чаму дзяржава мусіць ствараць спрыяльныя ўмовы для сем’яў з малымі дзецьмі, відавочна ня ўсім.

У гэтага неразуменьня могуць быць розныя прычыны. Па-першае, агульная азлобленасьць на ўсіх, каму дзяржава выдае якія-кольвек ільготы. Тут і абвастрэньне непрыязі да студэнтак і студэнтаў, калі яны атрымліваюць права бясплатна карыстацца грамадзкім транспартам, і нянавісьць да кампаній Парку высокіх тэхналёгій, якія маюць падатковыя ільготы. Па-другое, пазыцыя «панараджалі тут». Частка беларускіх грамадзянак і грамадзянаў сьвята ўпэўнена, што пасьля нараджэньня дзіцяці сям’я толькі тым і займаецца, што атрымлівае ўсемагчымую сацыяльную дапамогу, тым самым адбіраючы яе ўва ўсіх астатніх.

Прасьцей абвінаваціць жанчыну ў тым, што яна ня хоча ісьці працаваць, чым спрабаваць разабрацца, чаму яе звольнілі праз тры месяцы пасьля вяртаньня з дэкрэтнага адпачынку.

Як гэта часта і бывае, агрэсія выказваецца ў бясьпечным напрамку, а рэальныя крыніцы праблем застаюцца незаўважанымі альбо як мінімум адсоўваюцца на другі плян. Прасьцей абвінаваціць жанчыну ў тым, што яна ня хоча ісьці працаваць, чым спрабаваць разабрацца, чаму яе звольнілі праз тры месяцы пасьля вяртаньня з дэкрэтнага адпачынку і цяпер нікуды ня хочуць браць на працу. Прасьцей сказаць «гультайка і дармаедка», чым прызнаць наяўнасьць працоўнай дыскрымінацыі з гендэрным адценьнем.

З шэрагу прычын, шмат якія беларускія арганізацыя непрыхільна ставяцца да жанчын, якія маюць маленькіх дзяцей. Сацыяльная адказнасьць бізнэсу яшчэ не лічыцца ў нас чымсьці абавязковым і безумоўным, і працадаўцы часта разважаюць выключна ўтылітарна: навошта браць на працу чалавека, які будзе ўвесь час браць бальнічныя, калі можна ўзяць чалавека, які ня будзе гэтага рабіць? Разам з тым паводле змоўчаньня лічыцца, што клапаціцца пра дзіця пад час хваробы будзе маці, а ня бацька. Прынамсі, у мужчынаў звычайна не запытваюць на сумоўі, ці ёсьць ім з кім пакінуць дзіця ў выпадку форс-мажору.

Калі паўстае пытаньне, што хтосьці з сям’і мусіць сысьці з працы, амаль заўжды гэта будзе жанчына.

У абсалютнай большасьці выпадкаў «сядзець з дзіцём» будзе і праўда жанчына. І пад час хваробаў, і ўвогуле. Па-першае, беларускае грамадзтва даволі кансэрватыўнае ў гэтым пляне, і вельмі шмат людзей дагэтуль кіруюцца стэрэатыпамі пра няздольнасьць мужчыны клапаціцца пра дзіця і займацца хатнімі справамі. Па-другое, у большасьці выпадкаў жаночае беспрацоўе лепш для сям’і, чым мужчынскае, з-за фінансавага фактару, — сярэдні заробак жанчын у Беларусі на траціну меншы за заробак мужчын. І калі паўстае пытаньне, што хтосьці з сям’і мусіць сысьці з працы, амаль заўжды гэта будзе жанчына.

Для жанчыны павялічваецца рызыка стаць ахвярай хатняга гвалту, бо менавіта ў пэрыяд вымушанага беспрацоўя жонкі агрэсары часта дэбютуюць у якасьці хатніх баксёраў.

І гэтая жанчына будзе губляць кваліфікацыю і з вялікай доляй імавернасьці возьме на сябе (і не заўжды па ўласным жаданьні) абсалютна ўсе хатнія абавязкі, і фактычна будзе працаваць больш за стандартны працоўны дзень. У тыя пэрыяды, калі дзіця наведвае дзіцячы садок, яна, верагодна, будзе шукаць падпрацоўкі ці паўнавартасную працу, а калі дзіця хварэе, будзе клапаціцца пра яго і ўдзень і ўначы. Для гэтай жанчыны павялічваецца рызыка стаць ахвярай хатняга гвалту, бо менавіта ў пэрыяд такога вымушанага беспрацоўя жонкі агрэсары часта дэбютуюць у якасьці хатніх баксёраў.

А потым гэтай жанчыне прыйдзе ліст з патрабаваньнем заплаціць падатак на дармаедзтва, бо яна не прымае ўдзелу ў фінансаваньні дзяржаўнага бюджэту. Яна заплаціць гэты падатак і патэлефануе ў чарговую кампанію, дзе чарговы раз пачуе: «Замужам? Дзеці маленькія ёсьць? Выбачайце, вы нам не падыходзіце».

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG