Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Менск паставіў за мэту „выдаіць“ „Газпром“ напоўніцу»


Ці стане падмурак Газпромаўскай высоткі пачаткам канца сыравінных прэфэрэнцыяў для Беларусі?

Удзельнічаюць: Уладзімер Глод, Дзьмітры Гурневіч, Ігар Карней.

Карней: Гісторыя з офісам «Газпром-цэнтру» у Менску — бадай, найлепшая карціна трансфармацыі беларуска-расейскіх дачыненьняў. Больш за два дзясяткі гадоў узамен на захаваньне ляяльнасьці беларускае кіраўніцтва «паразытавала» на танных расейскіх энэргарэсурсах, фактычна маючы сталае беспрацэнтнае крэдытаваньне эканомікі.

Пры гэтым беларускія партнэры ня грэбавалі, каб за сьпіной у стратэгічнага саюзьніка зарабіць на перапродажы нафтапрадуктаў па выглядам «растваральнікаў-распушчальнікаў» без сплаты акцызаў у бюджэт Расеі. Гэта з аднаго боку, з другога — фактычна схілілі «Газпром» задорага набыць неліквід газатранспартнага прадпрыемства «Белтрансгаз», акцыі якога ва ўмовах альтэрнатываў у выглядзе «паўночна-паўднёвых патокаў» у абыход Беларусі практычна нічога не каштавалі. Тым ня меней, зарабілі на «іржавым жалезе» 3 мільярды даляраў.

Усё гэта дазваляла шыкаваць, раздаючы незаробленыя грошы, але завершылася цалкам лягічна — абвалам непадмацаванага рубля і наступным зьбядненьнем насельніцтва.

Ня ведаю, ці моцна кусалі локці маскоўскія мэнэджэры, але і пасьля пакупкі Менск паставіў за мэту «выдаіць» «Газпром» напоўніцу. Узьвядзеньне офісу на месцы аўтавакзалу «Маскоўскі» было абстаўлена шэрагам умоваў. Перадусім збудаваць разьвязку на скрыжаваньні праспэкту Незалежнасьці і вуліцы Філімонава, узяць выдаткі на фармаваньне дзелавога кварталу ў раёне Нацыянальнай бібліятэкі, ня кажучы пра абавязковы сацыяльны груз — дзіцяча-спартыўныя школы, духоўныя цэнтры і г. д.

Цяпер відавочна адно: добра, што пачалі з пуцеправоду, бо, страціўшы будынак вакзалу, маглі не атрымаць і яго. Будаўнічая пляцоўка «Газпром-цэнтру» ледзь не паўгода як замарожаная і падставаў да актывізацыі работаў пакуль ня бачна.

Напярэдадні ў Менгарвыканкаме пацьвердзілі тое, што ў кулюарах абмяркоўвалася яшчэ ад мінулай восені — узьвядзеньне Газпромаўскага комплексу не вядзецца ад жніўня мінулага году, будаўніцтва афіцыйна закансэрваванае ад сьнежня 2016-га.

Менск вінны партнэрам амаль паўмільярда даляраў і плаціць не зьбіраецца.

Паводле некаторых зьвестак, прычына — спыненьне фінансаваньня з расейскага боку праз нафтагазавы канфлікт Беларусі і Расеі. Менск вінны партнэрам амаль паўмільярда даляраў і плаціць не зьбіраецца — улады разьлічваюць на сьпісаньне доўгу, як гэта было ў ранейшыя гады. Аднак сёньняшнія беларуска-расейскія стасункі зусім ня тыя, як у нулявых, таму спадзяваньні на халяву збольшага марныя.

Іншай прычынай называюцца тэхнічныя праблемы. Са спасылкай на ўласныя крыніцы мэдыі сьцьвярджаюць, што не адпавядае нормам падмурак будучай высоткі — маўляў, маса будынка нашмат большая, чым можа вытрымаць спэцыфічны мясцовы грунт са шматлікімі «тарфянымі лінзамі».

Мае інфарматары сьцьвярджаюць, што з улікам ахалоджваньня двухбаковых узаемадачыненьняў «Газпром» не без адмашкі з Крамля перагледзеў пампэзны праект, прыйшоўшы да высновы: амаль 200-мэтровая «спаруда» для заштатнай сталіцы — занадта шыкоўна, хопіць і ўсечанага варыянту. Я спасылаюся на аднаго зь беларускіх праектантаў, які прыцягнуты да рэвізіі праекту расейскім бокам.

Паводле суразмоўцы, на стадыі тэхнічна-эканамічнага абгрунтаваньня быў пралічаны канкрэтны набор функцый. Цяпер яго трэба істотна адкарэктаваць — умоўна кажучы, шмат чаго будзе адрэзаць ад першапачаткова закладзенага. Гэта ўключае ў сябе канструктарскую частку — колькасьць паверхаў, інжынэрныя сеткі і г. д, — што, у сваю чаргу, вызначае, якім мусіць быць падмурак.

Апроч таго, па словах спэцыяліста, ва ўмовах паступовага ўхілу ў бок альтэрнатыўнай энэргетыкі «Газпром» у той ці іншай ступені страчвае вагу і «панты» не адпавядаюць ранейшым замашкам. Да таго ж, у Маскве прымушаюць усё больш раскашэльвацца асноўных фінансавых донараў, укладаючы ў новыя тэрыторыі — Крым і сэпаратысцкія рэгіёны Данбасу. Адпаведна, даводзіцца уціскацца ў іншых месцах. Напрыклад, у Беларусі.

Гурневіч: Кансэрвацыя «Газпром-цэнтру» магчыма і сапраўды зьвязваная з тэхнічнымі пытаньнямі. Тут праўду ведаюць толькі тыя, хто прымаў такое рашэньне. Але сам гэты факт ідэальна адлюстроўвае стан беларуска-расейскіх паліўных адносінаў. Фактычна тое, на чым будаваўся падмурак усіх гэтых пампэзных інтэграцыйных праектаў сёньня робіцца гісторыяй.

Цяперашняя «вайна» паміж Менскам і Масквой хаця і цыклічная зьява, але зацягнулася больш як на паўгода. Гэта знак таго, што бакі ня могуць дамовіцца па нейкіх вельмі прынцыповых пытаньнях. І я перакананы, што эканоміка — гэта толькі фон. На кану стаіць прыняцьце важных палітычных рашэньняў. Напрыклад, тая ж ваенная база Расеі ў Беларусі. Непадалёк ад межаў Беларусі разьмяшчаецца ў гэтыя дні амэрыканская вайсковая тэхніка. Навіна пра расейскую вайсковую базу ў Беларусі магла б стаць адказам на гэты крок НАТО. Але гэта толькі вэрсія. Прычынай вайны можа быць што заўгодна, але эканамічны чыньнік — другасны. Палітыка — на першым месцы. У Расеі «Газпром» ці «Россельхознадзор» гэта больш, чым проста ўстановы, гэта расейская зброя ў замежнай палітыцы.

Па лёгіцы ўсіх войнаў паміж краінамі выйграць павінна Беларусь.

Ідучы гэтай лёгікай, трэба сказаць, што калі бакі змогуць дамовіцца, то і кансэрвацыя будынка ня будзе азначаць канца халявы. Гэта ўжо ня раз здаралася ў адносінах паміж дзяржавамі. Цяпер гэта выглядае больш жорстка, але не сьмяротна. Па лёгіцы ўсіх войнаў паміж краінамі выйграць павінна Беларусь. Беларусь — саюзьніца Расеі і Масква павінна за гэта плаціць. Дзеля гэтага былі ўсе гэты Саюзныя дзяржавы і Эўразійскія ды мытныя саюзы. І той факт, што Масква пасьля гістэрык Менску здавалася — пацьвярджае наколькі Беларусь для Расеі важная і на што яна здольная ісьці, каб ня страціць такога саюзьніка.

Расея скараціла пастаўкі нафты з 24 млн тонаў на год да 18 млн тонаў, зьбіраецца скарачаць яшчэ больш. Гучыць ня вельмі. Але ж гэта працуе і супраць Расеі, яе вобразу ў Беларусі.

Глод: У гісторыі з Газпромаўскай высоткай Аляксандар Лукашэнка павёў сябе як заўжды. Ён абцяжарыў масквічоў абавязковым сацыяльным грузам — дзіцяча-спартыўнымі школамі, духоўнымі цэнтрамі. А чаму б і не? У «Газпрома», які шмат гадоў лічыўся самай багатай дзяржаўнай кампаніяй Расеі, грошай хапае. І сапраўды, 44% апытаных расейцаў сказалі, што працаваць у Газпроме — іхная блакітная мара. На гадавыя прэміі сваім супрацоўнікам кампанія раней траціла па мільярдзе даляраў. Заробкі ў структурах газавага гіганта да 2015 году расьлі як на дражджах.

Газпромаўцы прывыклі жыць на шырокую нагу.

Газпромаўцы прывыклі жыць на шырокую нагу. На свой 20-гадовы юбілей кампанія зьняла Дзяржаўны Крамлёўскі палац, а запрошанай зоркай вечарыны быў сам Стынг. У Маскве дагэтуль памятаюць, як «Газпром» аб’яўляў тэндэр на закупку салярыяў для коней ва ўласных стайнях, закупку дарагога і супэрсучаснага абсталяваньня для сваіх пансіянатаў. Велізарныя грошы трацяцца на укладаньні ў футбольныя і хакейныя каманды. Чэмпіянат КХЛ (Кантынэнтальнай хакейнай лігі), у якім удзельнічае і менскае «Дынама», праводзіцца пад непасрэдным патранажам «Газпрома». А яшчэ розныя фэстывалі, сьвяты.

Шматгадовы кіраўнік кампаніі Аляксей Мілер — другі ў сьпісе самых высокааплатных мэнэджараў Расеі.

Ігар Карней ужо згадваў, што «Газпром» завёў сабе беларускую «дачку» — купіў «Белтрансгаз». І як кажуць, на пасаг не паскупіўся. Офіс кампаніі ў Менску заклалі як хмарачос арыенціровачна на 40 паверхаў. Менш «Газпром» рэдка будуе. А што тычыцца месца, то менавіта раён былога аўтавакзала найбольш спадабаўся маскоўскім мэнэджэрам. Тым, хто выступаў супраць такой «архітэктурнай зачысткі», заткнулі раты праграмай па разьвіцьцю мікрараёну. «Газпром» паабяцаў выдаць на гэта 200 мільёнаў даляраў. Як прызнаўся адзін з самых буйных беларускіх чыноўнікаў, «прыехалі газавікі з грашыма і ўсё вырашылі». Ды і Лукашэнку тут можна зразумець — 200 мільёнаў халяўных зялёных для Беларусі немалая сума.

Аднак у апошнія гады ў «Газпроме» справы значна пагоршыліся. Абяцанай капіталізацыі ў трыльён даляраў ня толькі не дасягнулі, а нават і не наблізіліся. Прыйшоў час эканоміць. Вось і ўся гісторыя з Газпромаўскай высоткай у Менску. Сумная гісторыя з пампэзнай пабудовай. Бо жыцьцю за чужы кошт, жыцьцю на халяву калісьці заўжды прыходзіць канец.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG