Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Коля і Сіняя Барада


Зміцер Бартосік
Зміцер Бартосік

Кожнага разу, як толькі на БТ выйдзе чарговы сюжэт пра Мікалая Лукашэнку, я ведаю адно. Мне чарговы раз у чарговай вёсцы прыйдзецца разьвенчваць страшныя казкі.

Перад Новым годам у расейскім тэлефільме Коля зьяўляўся ў вобразах піяніста, хакеіста і падарожніка. А апошні раз, ужо сёлета, на экранах краіны юны артыст прадстаў перад публікай у ролі добрага паніча, які дзеліцца зь беднымі сялянамі прадуктамі са свайго панскага двара. Прывёз малако і тварог у інтэрнат для старых. Старыя жанчыны кланяліся панічу і казалі «спасіба, Коля». Але ў галаве ў тых цётак, я упэўнены, былі думкі не пра малако.

У сваіх паездках па краіне я ўжо ня першы раз чую ад вяскоўцаў пра жахлівую долю Колевай маці. І адна казка страшнейшая за другую. Прычым імя канкрэтнага чалавека не фігуруе. Ніякай Ірыны Абельскай. Толькі «Колева мама». Я чуў ня раз, што яна атруцілася. Ад таго, што яе не пускаюць да сына. Чуў, што яе трымаюць у дурдоме. Чуў, што яе расстралялі ў цёмным лесе. Не зьдзіўлюся, калі неўзабаве пачую, што яе замуравалі жыўцом ў сьцяну чарговага лядовага палаца.

І кожнага разу я разьвейваю гэтую страшную казку пра злога караля, беднага прынца і няшчасную прыгажуню. Я дастаю смартфон, паказваю фота шчасьлівай дырэктаркі вялікай клінікі. Кажу, што ўсё ў яе цудоўна. Але мне, я адчуваю, ня вераць. Чаму? Мо, таму, што ня могуць уявіць — як гэта — маці бяз сына? Ці тут нешта глыбейшае?

Якая дзіўная мэтамарфоза адбываецца з вобразам Лукашэнкі ў вачах яго самых гарачых прыхільнікаў. Ад Робіна Гуда і рэінкарнацыі Сталіна да Сіняй Барады. Пры гэтым, чым жахлівейшая доля «мамы Колі», тым большая павага ў голасе. Здавалася б, чалавек у хакейным шаломе, які затачыў у цямніцу бязьвінную жанчыну, павінен выклікаць агіду. Але нічога падобнага. Можа, людзям цікавей жыць хай у страшнай, але ў казцы? Калі з уласнага жыцьця казкі з добрым канцом не атрымалася.

Шаноўная Ірына Сьцяпанаўна. Здыміцеся разам з сынам. Бо маіх высілкаў па разьвейваньні страшных казак яўна недастаткова. Чуткі пра Вашу жахлівую долю ляцяць хутчэй за маё аўто.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG