Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Уражаньне, што апошняя прамова Абамы адрасаваная і беларускай апазыцыі»


Які галоўны вынік 8-гадовай працы Абамы на пасадзе прэзыдэнта.

Удзельнікі: Уладзімер Глод, Дзьмітры Гурневіч, Валер Каліноўскі

Гурневіч: Барак Абама выступіў з разьвітальнай прэзыдэнцкай прамовай у Чыкага — горадзе, дзе ён пачынаў сваю яркую палітычную карʼеру. Ён заклікаў амэрыканцаў не губляць веру ў будучыню незалежна ад таго, як яны ставяцца да наступнага прэзыдэнта. Тысячы людзей сабраліся ў кангрэс-цэнтры McCormick Place, каб пачуць заключную прамову Абамы ў якасьці прэзыдэнта.

У якасьці дасягненьняў свайго прэзыдэнцтва Барак Абама яшчэ раз адзначыў аднаўленьне эканомікі пасьля крызысу і рэкорднае зьніжэньне беспрацоўя за апошнія гады, рэформу мэдычнага страхаваньня, дзякуючы чаму 20 мільёнаў амэрыканцаў змаглі атрымаць мэдычную страхоўку. Гаворачы пра зьнешнепалітычныя посьпехі, дзейны прэзыдэнт аднёс да іх дасягненьне ядзернага пагадненьня з Іранам, аднаўленьне адносінаў з Кубай і зьнішчэньне шэрагу лідэраў міжнародных тэрарыстычных арганізацыяў.

Можна скласьці сьпіс таго, чаго Абама не зрабіў. Але сьпіс зробленага — унушальны. Усё, што ён пералічыў у прамове — важны доказ.

Абама быў вельмі праэўрапейскім прэзыдэнтам. Пры ім прымаліся рашэньні пра высылку ва Ўсходнюю Эўропу батальёнаў НАТО. Амэрыка засталася донарам НАТО і тым паліцыянтам, які пільнуе парадак у сьвеце. Мы бачым яго стаўленьне да анэксіі Крыму Расеяй — даволі цьвёрдае. Беларусь заставалася пад увагай таксама. Усе гэтыя санкцыі, Акт аб дэмакратыі ў Беларусі, заставаліся. Ён заставаўся такім эўраатлянтычным прэзыдэнтам, для якога інтарэсы Эўропы былі важныя.

Абама пакідае Белы дом, зьяўляючыся адносна папулярным прэзыдэнтам, чыю дзейнасьць падтрымліваюць 57 адсоткаў амэрыканцаў.

Падчас другога тэрміну, канешне, паляпшэньне адносінаў з Кубай, легалізацыя аднаполых шлюбаў — ідэалягічныя пытаньні для Абамы былі вельмі важныя. Абама падтрымаў палітыку Буша, якую той запачаткаваў, пакет стымуляцыі эканомікі, і, па-сутнасьці, гэты пакет выратаваў краіну.

Абама пакідае Белы дом, зьяўляючыся адносна папулярным прэзыдэнтам, чыю дзейнасьць падтрымліваюць 57 адсоткаў амэрыканцаў.

Глод: Асабіста для мяне Барак Абама — выбітны палітычны дзеяч. Чамусьці апошнім часам некаторыя экспэрты шмат казалі, што Абама — слабы прэзыдэнт. Аднак, мне падаецца, гэта ўсё ж ня так. І перадапошні кіраўнік Злучаных Штатаў у Чыкага нагадаў рэчы, якія, як я думаю, ня мог зрабіць слабы прэзыдэнт. Гэта — вывад эканомікі з рэцэсіі, аднаўленьне эканомікі пасьля крызісу, рэкорднае зьніжэньне беспрацоўя, рэформа мэдычнага страхаваньня. Гэта — і посьпехі на міжнароднай арэне: згортваньне без адзінага стрэлу, што падкрэсьліў спадар Абама, ядзернай праграмы Ірану, аднаўленьне адносінаў з Кубай, зьнішчэньне Бэн Ладэна і шэрагу іншых лідэраў міжнародных тэрарыстычных арганізацыяў. Бадай, адзінае, у чым можна папракаць Абаму, гэта ў тым, што ён занадта позна зрабіў рашучыя захады адносна Расеі.

Найважнейшая думка разьвітальнага слова Абамы — гэта роўнасьць усіх грамадзянаў і іх актыўны ўдзел у падтрыманьні і разьвіцьці дэмакратыі.

Аднак самае галоўнае ў прамове Барака Абамы ня гэта. Я думаю, найважнейшая думка разьвітальнага слова Абамы — гэта роўнасьць усіх грамадзянаў і іх актыўны ўдзел у падтрыманьні і разьвіцьці дэмакратыі.

Яшчэ на пачатку сваёй палітычнай карʼеры ён зразумеў, што перамены магчымыя, толькі калі «звычайныя людзі» усьведамляюць іх неабходнасьць і абʼядноўваюцца, каб іх дамагацца. Уласна, гэтая ідэя пераменаў і разьвіцьця, магчымых толькі пры актыўным удзеле шараговых людзей, і стала важнейшай часткай разьвітальнага пасланьня.

Лічыцца, што ЗША — узор дэмакратыі для ўсяго сьвету. І ў гэтым нібыта выключнасьць Амэрыкі. Здавалася, на гэтым можна было б і супакоіцца. Але Абама ўдакладняе: выключнасьць ня ў тым, што амэрыканская нацыя была ідэальная першапачаткова. А ў тым, што амэрыканцы шмат разоў дэманстравалі магчымасьць зьмяняцца і рабіць жыцьцё лепшым для наступных пакаленьняў. І тут Барак Абама робіць акцэнт на непадзельнай сувязі звычайнага жыцьця і дэмакратыі. Ён заяўляе: без разьвіцьця дэмакратыі немагчыма стварыць больш дасканалы саюз людзей. З пункту гледжаньня Абамы, велізарны патэнцыял Амэрыкі можна рэалізаваць, толькі калі дэмакратыя працягвае працаваць, «толькі калі ўсе мы, незалежна ад партыйных прыхільнасьцяў або асабістай цікавасьці, дапаможам аднавіць пачуцьцё агульнай мэты, у якім мы так моцна цяпер маем патрэбу».

Пры гэтым Барак Абама падкрэсьлівае: пры дэмакратыі непазьбежныя рознагалосьсі, спрэчкі. Але пры гэтым павінна захоўвацца базавая салідарнасьць. І апошняе, на што я зьвярнуў увагу ў выступе амэрыканскага прэзыдэнта адносна дэмакратычных каштоўнасьцяў. Ён некалькі разоў зьвяртаўся да сваёй пачатковай тэзы пра тое, што дэмакратыю можна захаваць толькі пастаянным асабістым удзелам. Абама казаў, што калі нехта стаміўся спрачацца з незнаёмцам у інтэрнэце, то трэба паспрабаваць пагаварыць зь ім у рэальным жыцьці. Калі нешта не працуе, трэба падкасаць рукавы і заняцца справай.

Уражаньне такое, што гэтыя словы адрасаваныя ня толькі некаторым амэрыканцам, але і частцы беларускай апазыцыі.

Каліноўскі: Сыходзячы з таго, што Абама абіраўся два разы і абодва перамог зь вялікай лёгкасьцю, ягоную дзейнасьць самі амэрыканцы ацэньвалі збольшага станоўча, у тым ліку і намаганьні, якія спрыялі эканамічнаму росту ў краіне, пашырэньню мэдычнага страхаваньня ды іншае. Думаю, сапраўды ён мог бы перамагчы і трэці раз, як ён сам прызнаўся, але ў ЗША трэці тэрмін прэзыдэнту не дазволены, што адрозьнівае гэтую краіну ад аўтакратыяў кшталту Расеі і Беларусі.

Трэба прызнаць, што Барак Абама ня здолеў даць рады шмат якім міжнародным праблемам, не пакінуў ЗША і сьвет больш стабільнымі.

Таму тут важны вынік і прыклад амэрыканскай дэмакратыі, што прэзыдэнты ў прынцыпе мяняюцца.

Тое ж, што Гілары Клінтан, якую Абама падтрымаў, прайграла, ад Абамы ўжо не залежала, ён падтрымліваў яе, але абіралі людзі. Тое, што ён, груба кажучы, ня змог пакінуць свайго пераемніка — таксама яшчэ адзін вынік ягонай дзейнасьці як дэмакратычнага прэзыдэнта і ўрок нясьпелым дэмакратыям постсавецкай прасторы.

Што датычыць замежнай палітыкі Барака Абамы, то тут відавочная яе асьцярожнасьць, нерашучасьць. ЗША і Абама былі пастаўленыя Расеяй перад фактам вяртаньня да халоднай, а ў некаторых рэгіёнах сьвету і гарачай вайны.

Адміністрацыя ЗША дзейнічала надзвычай абачліва. Магчыма, гэта засьцерагло сьвет ад новай сусьветнай вайны, нават ядзернай. Але тым ня меней па факту ўжо разбураная міжнародная раўнавага, якая склалася пасьля 2 сусьветнай вайны і пасьля распаду СССР. Пад пытаньне пастаўленая стабільнасьць эўрапейскіх межаў. ЗША не змаглі выканаць свае абавязкі па Будапэшцкім мэмарандуме — гарантаваць бясьпеку Украіны, якая пад гарантыі ЗША, Вялікабрытаніі і Расеі адмовілася ад ядзернай зброі. Канфлікт на Данбасе, у якім удзельнічае Расея, ня могуць спыніць, а сытуацыя з анэксаваным Крымам замарожаная на дзесяцігодзьдзі. Парушаныя многія міжнародныя дамовы, статут ААН, АБСЭ і ўсё, што магчыма.

Гэта застаецца праблемай наступных сусьветных лідэраў, сьвет пераходзіць у фазу турбулентнасьці, няпэўнасьці, якая ахапіла і самі ЗША, мы да гэтага часу ня ведаем, чаго чакаць ад наступніка Абамы Дональда Трампа.

Таму трэба прызнаць, што Барак Абама, на якога ў сьвеце было шмат спадзеваў, спрацаваў ня так, як многім хацелася б, ня здолеў даць рады шмат якім міжнародным праблемам, не пакінуў ЗША і сьвет больш стабільнымі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG