Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Значна вырастуць пад ціскам МВФ тарыфы на камунальныя паслугі»


Якая інфляцыя чакае беларусаў у 2017-м?

Удзельнікі: Уладзімер Глод, Дзьмітры Гурневіч, Валер Каліноўскі.


Глод: Ад сёньняшняга дня Радыё Свабода распачынае штомесячны маніторынг цэнаў у Беларусі на самыя неабходныя тавары. У спажывецкі кошык мы ўключылі 7 прадуктаў харчаваньня, а таксама аўтамабільнае паліва, праезд у транспарце і квіток у кінатэатар. Фіксаваць цэны на адны і тыя ж тавары мы будзем на пачатку кожнага месяца на працягу году ў адной і той жа менскай сеткавай краме, якая знаходзіцца ў сярэднім цэнавым сэгмэнце.

Пры гэтым мы бярэм пад увагу так званыя маленькія хітрасьці вытворцаў і прадаўцоў. Маецца на ўвазе, што апошнім часам вадкія прадукты (малако, алей) у Беларусі вытворцы звычайна «недаліваюць» — фасуюць, напрыклад, па 890, 930 грамаў. Пры гэтым візуальна бутэлькі з адным літрам і 930 грамамі выглядаюць аднолькава. Гэтаксама робіцца і з рознымі крупамі. Калі раней пакеты зь імі былі вагой роўна кіляграм, то цяпер у пакеце ўсяго 900, а то і 800 грамаў той жа грэчкі альбо рысу. Таму ў якасьці адзінкі мы будзем браць кіляграм ці літар.

Па выніках году мы пабачым наколькі падаражалі прадукты, паліва, квіткі. І праз гэта будзем ведаць памер інфляцыі. А вось інфляцыйныя прагнозы ўжо вядомыя. Урад спадзяецца, што інфляцыя за 2017 год мае скласьці 9%. Калі так адбудзецца сапраўды, то гэта будзе вялікі прарыў. Прарыў таму, што ўжо шмат гадоў запар інфляцыя ў краіне вымяраецца двухзначнымі лічбамі. Яшчэ раз нагадваю, што 9% гэта мары ўладаў. Экспэрты Міжнароднага Валютнага Фонду прагназуюць інфляцыю ў памеры 12,1%.

расьце доля беларусаў, якія знаходзяцца за рысай беднасьці

Чаму для кожнага жыхара Беларусі інфляцыя такі важны чыньнік, тлумачыць не патрэбна. Яе ровень істотна адбіваецца на рэальных наяўных грашовых даходах (гэта — заробкі мінус падаткі і зборы зь улікам інфляцыі). А яны летась упалі на рэкордную велічыню, пачынаючы з 2010 году, ад якога Нацыянальны статыстычны камітэт прыводзіць зьвесткі аб рэальных наяўных грашовых даходах. Так, параўнальна з пазамінулым годам летась яны склалі толькі 92,7%.

Разам з тым расьце доля беларусаў, якія знаходзяцца за рысай беднасьці. А заробкі паскараюць падзеньне што ў беларускіх рублях, што ў далярах.

Што абяцае 2017-ы год? Экспэрты адзначаюць, што пакуль ня бачна прыкметаў выхаду з крызысу. Зьніжаюцца валавы ўнутраны прадукт, абʼёмы вытворчасьці, прадукцыйнасьць працы, інвэстыцыі ў асноўны капітал. Прамысловыя гіганты звальняюць сотні працаўнікоў. Расьце толькі зьнешняя запазычанасьць.

Беларусь спрабуе падвысіць цэны на транзыт расейскай нафты і атрымаць ад Расеі зьніжкі на газ, але пакуль ні тое, ні другое не ўдаецца.

Апошнім часам Лукашэнка бясконца паўтарае, што ў 2017 годзе беларусы мусяць атрымліваць заробак 500 даляраў на месяц. Аднак афіцыйна бюджэтнікам абяцаюць падвысіць заробак толькі на 9%. Менавіта гэтая лічба закладзеная ў бюджэце на сёлетні год. Але ж такі рост ніяк не выведзе на жаданыя паўтысячы даляраў.

Эканамісты мяркуюць, што Лукашэнка прымусіць сёлета вывесьці заробак на 500 даляраў. Але ў такім выпадку, кажуць яны, трэба чакаць усплёску падвышэньня цэнаў літаральна на ўсё: харчы, камунальныя паслугі, паліва і г.д. А гэта значыць, што ровень інфляцыі выйдзе значна за межы 9%. А што думаеце вы, калегі? Якой будзе інфляцыя ў 2017-м годзе?

Гурневіч: Прагнозы ўраду, як сьведчыць шматгадовая практыка, крайне рэдка супадаюць з пазьнейшай рэальнасьцю. Рост інфляцыі на 9% у часе мацнейшага за апошні час эканамічнага крызысу — гэта вельмі аптымістычная лічба. Калі дадаць да крызысу абяцаньне ўзьняць сярэдні заробак да 500 даляраў, то і лічбы МВФ падаюцца мне вельмі асьцярожнымі.

Прагнозы ўраду, як сьведчыць шматгадовая практыка, крайне рэдка супадаюць з пазьнейшай рэальнасьцю

У 2010 годзе, напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў, Лукашэнка даў загад павялічыць сярэдні заробак у краіне да 500 даляраў. На працягу 2010-га сярэдні заробак вырас з 350 да 530 даляраў ЗША. Але ўзгадайма, што было пазьней. Увесну 2011 году здарыўся абвал і рэкордная дэвальвацыя. Апошні раз Лукашэнка абяцаў заробак 500 даляраў у 2014 годзе. Але грымнуў чарговы крызыс і заробак пачаў падаць. Летась яны зьменшыліся на 7%. Цяпер у сярэднім беларусы атрымліваюць 377 даляраў.

Зьвярніце ўвагу на статыстыку па краінах постсавецкай прасторы. Беларусь амаль заўсёды ў гэтым рэйтынгу лідзіруе. Часам і па некалькі гадоў запар. У 2011-2013 гадах Беларусь была першай на тэрыторыі былога СССР паводле росту спажывецкіх цэнаў — адпаведна 108,7%, 21,8% і 16,5%. Дык што гаворыць на карысьць таго, што сёлета гэта неяк моцна зьменіцца? Нейкія новыя ідэі ўраду? Інвэстыцыі? Эканамічны рост? Гэта ўсё словы.

Мяркую, што беларуская інфляцыя сёлета, прынамсі на пачатку году, будзе рухацца паводле ўзору году мінулага. У 2016 годзе, калі ў Беларусі цэны на тавары і паслугі ў студзені-чэрвені вырасьлі на 7,4%, то ў Расеі — на 3,3%, у Казахстане — на 4,6%. Кіргізстане і Армэніі і зусім адзначыліся дэфляцыяй, цэны ўпалі на 1,8% і 1,5% адпаведна. У эўразоне інфляцыя ў першым паўгодзьдзі склала 0,5%. Дарэчы, такім жа вынікам хвалілася непрызнаваная Прыднястроўская Малдаўская Рэспубліка.

Каліноўскі: Трэба прызнаць, што беларусы прывыклі жыць ва ўмовах інфляцыі, у тым ліку і гіпэрінфляцыя, якая была ў 90-гады і пасьля фінансавага крызысу 2011 году. Так што нават самыя вялікія трохзначныя лічбы інфляцыі ня будуць для Беларусі нечым новым. Але гэта, канешне, будзе шокам.

Хутчэй за ўсе, значна вырастуць пад ціскам МВФ тарыфы на камунальныя паслугі

У людзей вельмі нізкія заробкі, і нават невялікі рост цэнаў іх ставіць ва ўмовы выжываньня. Цяпер Беларусь перажывае глыбокі эканамічны крызыс, падае ВУП, экспарт інвэстыцыі, многія іншыя эканамічныя паказчыкі, рэформы не праводзяцца, улады імкнуцца цяжар крызысу перанесьці на грамадзян. Так што чакаць росту эканамічных паказчыкаў, нават заробка да 500 даляраў, чаго хоча Лукашэнка, ня варта. Расьці будзе толькі інфляцыя. Інфляцыю ў Беларусі афіцыйна прагназуюць на 2017 год каля 9%, між тым стаўка рэфінансаваньня Нацбанку паніжаная толькі да 17%.

Такім чынам, сапраўдная інфляцыя будзе недзе паміж 9 і 17, хутчэй за ўсе, гэта будзе каля 13%, скажам так, калі ня будзе форс-мажору, нейкага эканамічнага абвалу ў Беларусі ці ў Расеі, да якой прывязаная беларуская эканоміка. Калі гэтага ня будзе, то мой прагноз на інфляцыю па выніках года — 13 працэнтаў. Летась паводле Белстату інфляцыя склада 11,8 працэнта. Але паднімацца кошты будуць нераўнамерна. Хутчэй за ўсе, значна вырастуць пад ціскам МВФ тарыфы на камунальныя паслугі. Цэны на імпартныя тавары вырастуць суадносна з курсам даляра.

А вось цэны на відовішчы не павысяцца альбо павысяцца нязначна, улічваючы невысокую пакупніцкую здольнасьць насельніцтва, якое даўно пачало эканоміць на культурным разьвіцьці. Стрымліваць рост цэнаў ва ўраду ўжо няма магчымасьці, аптовы і розьнічны гандаль працуе з нізкай рэнтабэльнасьцю. Так што ніякія адміністратыўныя загады не ўздымаць кошты, не спрацуюць. Думаю, што хутка таксама мы пабачым, як з паліцаў крамаў зьнікае імпартны тавар у высокім цэнавым дыяпазоне, імпартныя далікатэсы. Попыт на іх будзе такім мізэрным, што яны зьнікнуць і будуць замененыя таннымі беларускімі аналягамі альбо стануць недаступнымі. Так што сапраўды стане «Ананас не для нас».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG