Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ваўкі супраць людзей. Хто вінаваты: паляўнічае заканадаўства ці расейскія сьвінакомплексы?


Адразу за вёскай — лес, адкуль начамі зьяўляюцца ваўкі

Адразу за вёскай — лес, адкуль начамі зьяўляюцца ваўкі

Жыхары вёскі Газьба скардзяцца на нечуванае нашэсьце драпежнікаў і вінавацяць расейскія сьвінакомплексы.

«У нас была лайка. Ад яе застаўся толькі аброжак»

Гарадоччына — край лясны. Таму й паляваньне — занятак спадчынны. Аднак сёлета здарылася нечаканае: ужо некалькі месяцаў, як ня людзі палююць на зьвяроў, а ваўкі па начох кружляюць каля вёсак Андрэева, Лугаўскія, Гаці... У вёсцы Газьба начамі чуваць ваўчыны вой. Людзі напалоханыя, старэйшына вёскі, пэнсіянэр Аляксандар Краменскі, — у роспачы:

Старэйшына вёскі Аляксандар Краменскі

Старэйшына вёскі Аляксандар Краменскі

«Воўк можа выскачыць зь любых кустоў. Вось наш падворак, а вось — кусты. Я бачыў ваўчыныя сьляды. Праўда, мы скаціну ўжо не трымаем, па ўзросьце ня здолеем, дык да нас і не палезуць, можа... А як палезуць, дык чым ад ваўка адаб’есься? Рыдлёўкай? Ці сякерай? Бяз жартаў: калі да суседа ці кудысьці яшчэ трэба пайсьці ў прыцемках, дык сьмялей зь сякерай».

Валянціна Барысаўна, жонка спадара Аляксандра, таксама ўжо ў гадах. Раз трымаць гаспадарку не па сілах, дык пры хаце жылі толькі пара катоў ды пара сабак. Але большы сабака, Кучум, пару дзён таму некуды зьнік, апавядае Валянціна Краменская:

«Кучума мы не навязвалі, ён быў трохі дзікаваты. Куды зьнік, ня ведаем. Міску ягоную пакуль не прымаем, загрызеным яго ніхто ня бачыў, але сэрца маё чуе нядобрае! Цяпер Кнопку на ноч зачыняем у пуньцы. Удзень яна амаль не вылазіць з будкі, баіцца. А па начох скуголіць і ўсё нібыта кудысьці рвецца. Я не падыходжу. Нават у прыбіральню выйсьці страшна, хоць яна за дзясятак крокаў. Хто абароніць? У вёсцы амаль адны старыя засталіся!»

Валянціна Краменская і Кнопа, якую даводзіцца хаваць ад ваўкоў

Валянціна Краменская і Кнопа, якую даводзіцца хаваць ад ваўкоў

Спэцыялісты кажуць, што ваўкі — няпростыя жывёлы. Яны ня толькі жывуць зграямі, але й умеюць завабіць свойскага сабаку, адвесьці падалей ад чалавечага жытла, а потым накінуцца кучай.

Нешта падобнае адбылося з сабакам Маргарыты Даронавай. Аднойчы вечарам ён зьнік з падворку, а ўначы здалёк былі чуваць вусьцішнае рыканьне і енкі, гаворыць гаспадыня:

Маргарыта Даронава

Маргарыта Даронава

«У нас была лайка. Ад яе застаўся толькі аброжак. Вечарам спусьцілі з ланцуга, а як сьцямнела... Раніцай вунь там у кустах знайшлі парэшткі, кроў на сьнезе. Кажуць, што тут навокал ходзяць ажно дзьве зграі! А сабаку больш браць ня будзем — шкада жывёлаў заводзіць на згубу. І самі мы лішні раз з хаты стараемся не выходзіць, нават дровы прыносім, пакуль не сьцямнела. Толькі на працу, з працы і дзіця адправіць у садок».

Супраць ваўкоў — з пэтардамі

Адпраўка дзяцей у садок і на прыпынак школьнага аўтобуса ператвараецца ў Газьбе ў цэлую апэрацыю. Напрыклад, гандлярка мясцовай крамы Марына Данілава бярэ з сабой пэтарды:

Марына Данілава, якая спадзяецца напалохаць ваўкоў пэтардамі

Марына Данілава, якая спадзяецца напалохаць ваўкоў пэтардамі

«Трэба, каб нешта бабахала, сьвяцілася, зыркала! У мяне двое дзетак, а да аўтобуса ў школу трэба ісьці, калі яшчэ цёмна. Вось у мяне пэтарды, ці мабільнікам сьвячу, людзі йдуць зь ліхтарыкамі... Ваўкі бадзяюцца проста па вёсцы! Мой муж аднойчы выйшаў увечары ў двор, каб выключыць сьвятло. І якраз у той момант воўк гнаў здабычу. Проста ўздоўж вуліцы! Муж схапіў палена, стукнуў па нейкай жалезіне. Усё загрымела, воўк замёр, а потым кінуўся ўцякаць».

Марына Данілава сфатаграфавала ваўчыныя сьляды каля хаты

Марына Данілава сфатаграфавала ваўчыныя сьляды каля хаты

Данілавы трымаюць вялікую гаспадарку, толькі кароў тры штукі. Жывуць у так званым «прэзыдэнцкім дамку», якіх у Газьбе некалькі штук. І пераважная большасьць пустуе, бо на вёсцы няма працы. Дый сама вёска вымірае: тут засталося некалькі дзясяткаў жыхароў. А гадоў 15 таму было больш за 850. Шмат апусьцелых хатаў, як той казаў, «бяз вокнаў, без дзьвярэй», у такім самым стане і былая школа. Цяпер яна закрытая, а дзяцей возяць вучыцца ў суседнюю вёску. Газьба мае выгляд спустошанага, закінутага ўсімі і бязьлюднага паселішча.

«Прэзыдэнцкія дамкі» ў Газьбе

«Прэзыдэнцкія дамкі» ў Газьбе

Раней мясцовыя дзеці вучыліся тут

Раней мясцовыя дзеці вучыліся тут

«Мы прасілі, каб ваўкоў хаця б папалохалі»

Марына Данілава сфатаграфавала ваўчыныя сьляды каля свайго плоту. Што рабіць далей, яна ўжо ня ведае:

«У нас тут лясы — такі край, што зьвяроў увогуле шмат. Летам проста ў вёсцы мой сын сустрэў мядзьведзя. Я й сама бачыла мядзьведзіцу, яна такая вялікая, прыгожая! Часам забягаюць лісы. І ваўкі таксама раней падыходзілі да Газьбы. Але каб так „гаспадарылі“, нічога не баючыся, яшчэ не бывала. Мы тэлефанавалі паўсюль, куды толькі можна! Зьвярталіся ў раённы аддзел таварыства паляўнічых і рыбаловаў, прасілі дапамогі. У мяне бацька хадзіў на паляваньне, я ж разумею, што гэта ўсё не проста: воўк жа не сабака, ня сьвісьнеш, каб падазваць! Мы прасілі, каб ваўкоў хаця б папалохалі, а каб колькі штук застрэлілі, дык людзі б хоць крыху супакоіліся».

«Воўк быў вось такі!»

«Воўк быў вось такі!»

Але ніякай рэакцыі няма, скардзяцца вяскоўцы. Насельнікі суседніх вёсак таксама занепакоеныя, сытуацыю абмяркоўваюць, сустракаючыся ў краме. Апошняй бачыла ваўка спадарыня Валянціна, жыхарка вёскі Гаці.

«Мы ехалі ў Мяжу, там поле, часам казулі прабягаюць, яны такія прыгожыя! Аж раптам — воўк стаіць. Мэтраў за 200 ад дарогі. Стаіць і на дарогу глядзіць. Адзін. І вялікі. Я раней думала, што ваўкі драбнейшыя, як сабачкі. А гэты здаровы быў!»

Леанід Папоў, старшыня Руднянскага сельсавету

Леанід Папоў, старшыня Руднянскага сельсавету

На думку старшыні Руднянскага сельсавету Леаніда Папова, нашэсьце ваўкоў на суседнія вёскі справакавалі некалькі акалічнасьцяў:

«Па-першае, зьнішчылі дзікоў, змагаючыся са „сьвіным грыпам“. І таму ваўкі галодныя, як ніколі. Летась таксама падыходзілі, але ж сабак яшчэ ніколі ня елі! Па-другое, папуляцыя ваўкоў расьце, бо на іх не палююць так актыўна, як раней. Падзялілі тэрыторыю на зоны, і цяпер я мушу ехаць за 15 кілямэтраў, каб зайца паганяць! Я сам паляўнічы, ведаю, пра што кажу: каб людзі хадзілі на паляваньне, як раней, дык ваўкоў бы распужалі. Аднаго б падстрэлілі, другога сабака задушыў, трэці б сам сышоў у гушчар. Але ж няма ў нашых калгасьнікаў грошай, каб набыць пуцёўку на паляваньне!»

Платнае паляваньне надта дарагое для вяскоўцаў

Платнае паляваньне надта дарагое для вяскоўцаў

Хто вінаваты: паляўнічае заканадаўства ці расейскія сьвінакомплексы?

На думку старшыні сельсавету, мясцовым паляўнічым структурам, каб разьвязаць гэтую праблему, можна скарыстацца расейскім досьведам. У шэрагу рэгіёнаў Расеі, дзе ёсьць «лішак» ваўкоў, фэдэральныя ўлады асобна выдаткоўваюць сродкі на зьнішчэньне драпежнікаў. Інакш кажучы, за забітага ваўка даюць грашовую прэмію, якая залежыць ад памеру і ўзросту зьвера, ад таго, самец гэта або самка, і гэтак далей.

Спадар Папоў ведае пра паляўнічыя справы ў суседняй краіне, бо яна зусім побач: Гарадоцкі раён Віцебшчыны мяжуе з Пскоўшчынай. Ад вёскі Газьба да расейскага памежжа ня будзе й дзесяці кілямэтраў. І гэтую акалічнасьць мясцовыя жыхары лічаць ці ня самай важнай прычынай «ваўчынай агрэсіі».

Справа ў тым, што ўздоўж беларускай мяжы холдынг «Великолукский мясокомбинат» збудаваў шэраг буйных сьвінагадоўчых комплексаў у Невельскім, Усьвяцкім, а цяпер яшчэ й Велікалуцкім раёне. Разважаючы пра экалягічныя наступствы, вяскоўцы прыгадваюць смурод, які даносіцца пры адпаведным кірунку ветру. Цяпер, галоднай зімой, лічаць вяскоўцы, ваўкоў вабіць жывёльны пах з комплексаў. А паколькі трапіць туды драпежнікі ня могуць, яны ідуць шукаць спажывы па суседніх населеных пунктах.

Ніводную з гэтых вэрсіяў мясцовыя ўлады не падтрымліваюць і не аспрэчваюць. Адказнасьць за далейшае разьвіцьцё падзей яны ўсклалі на раённую структуру Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў. Дырэктар, Юрый Лявонаў, прапанаваў вяскоўцам пачакаць, пакуль складуцца спрыяльныя ўмовы надвор’я — тады, маўляў, драпежнікаў прасьцей упаляваць.

Тутэйшыя лясы вельмі прыгожыя. Каб яшчэ не ваўкі...

Тутэйшыя лясы вельмі прыгожыя. Каб яшчэ не ваўкі...

Аднак людзі асьцерагаюцца таго, што ў лютым пачнуцца так званыя «воўчыя вясельлі». Ваўкі ў гэты пэрыяд гуртуюцца ў вялікія зграі, і заставацца ў бясьпецы стане яшчэ цяжэй.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG