Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Цар Ірад, Чорт, Сьмерць, Расейскі салдат, — у Магілёве адрадзілі батлейку


Падняпроўская батлейка

Падняпроўская батлейка

У Магілёве мастацкі музэй імя Масьленікава знаёміць наведнікаў з батлейкай. Старадаўні беларускі лялечны тэатар зьбірае немалую глядацкую аўдыторыю.

Батлейка для музэю стала атрыбутам калядных сьвятаў. Пастаноўкі ў ёй ладзяцца на працягу апошніх чатырох гадоў. Акрамя звыклых для батлейкі біблейскіх сюжэтаў, тэатральная трупа з супрацоўнікаў музэю паказвае сцэнкі з жыцьця жыхароў Беларусі мінулых стагодзьдзяў.

Батлеечная дзея ў музэі імя Масьленікава

Батлеечная дзея ў музэі імя Масьленікава

Чорт ня страшны, нават сымпатычны

Мінулым надвячоркам на батлейку прыйшлі тыя, каго запрасіла мясцовая суполка Таварыства беларускай мовы. Перад двухпавярховым дамком тэатра сабраліся дзеці і дарослыя. Іх пазнаёмілі зь лялечным царом Ірадам, які прагнуў вечнай улады; зь сялянкай, якая ў сьвята працавала, за што была пакараная; з паненкай, якая без перадыху наракала на здароўе.

«Мне спадабаўся чорт. Ён зусім ня страшны, а нават сымпатычны», — дзялілася ўражаньнямі ад убачанага адна зь юных глядачак. Батлейку яна пабачыла ўпершыню. Беларускамоўная пастаноўка ёй спадабалася. Ірада, якому Сьмерць адцяла галаву, глядачцы шкада не было.

Улюбёнец публікі Чорт (на далёкім пляне). На пярэднім — сьмерць

Улюбёнец публікі Чорт (на далёкім пляне). На пярэднім — сьмерць

«Пастаноўкі хоць і іранічныя, але павучальныя», — адзначыў адзін з дарослых гледачоў.

«Арыгінальнасьць гэтага мастацтва прыцягвае, а дзяцей дык пагатоў, — заўважыў ён. — Гэта не тэлевізар. Тут жывая ігра актораў, і яна падкупляе. Дзятве хочацца паглядзець, што там і як за той скрынкай».

Адзіная ацалелая батлейка з Падняпроўскага краю цяпер захоўваецца ў Санкт-Пецярбурскім этнаграфічным музэі народаў Расеі. Копію, зробленую для магілёўскага музэю, спачатку выстаўлялі як экспанат, а пазьней супрацоўнікі вырашылі яе «ажывіць». Гэтую батлейку і бачаць наведнікі музэю.

Акторская трупа з музэйнікаў

Акторская трупа з музэйнікаў

Лялькі зь ХІХ стагодзьдзя

«Усе лялькі з нашай батлейкі выглядаюць так, як яны выглядалі ў канцы ХІХ стагодзьдзя», — тлумачыць навуковая супрацоўніца музэю Вольга Гаўруцікава. Яна таксама акторка ў батлейцы.

«Лялек і саму батлейку рабілі беларускія майстры Алена Іванчанка і Міхаіл Шапяленка для экспазыцыі „Захаваная спадчына“, якая адкрылася ў 2007 годзе, — апавядала яна. — Тэксты з магілёўскай батлейкі, дзякуй Богу, захаваліся, але мы і самі ўжо прыдумляем новыя сюжэты».

Вольга Гаўруцікава таксама адзначыла, што публіцы больш за ўсіх пэрсанажаў спадабаўся Чорт.

Іраду праз імгненьне прыйдзе канец — Сьмерць адсячэ яму галаву

Іраду праз імгненьне прыйдзе канец — Сьмерць адсячэ яму галаву

Супрацоўнікі музэю паказалі гледачам адну з апошніх сваіх работ пра дачыненьні расейскай царыцы Кацярыны ІІ са сваім фаварытам Зорычам, якому яна падарыла Шклоў. Узаеміны дзьвюх гістарычных асобаў, як і належыць у батлейцы, пададзеныя ў іранічнай афарбоўцы.

Іраду прыслугоўвае расейскі салдат з мэдалём

Кіраўнік суполкі ТБМ Алег Дзячкоў прызнаецца: не чакаў, што на прагляд батлейкі прыйдзе больш за тры дзясяткі чалавек.

«Я пасьпеў пагутарыць з гледачамі, і яны ня ўтойвалі, што ўпершыню батлейку пабачылі. Калі распаўсюджвалі ў сацыяльных сетках абвестку пра сёньняшні паказ, дык нямала людзей пыталіся, што гэта за батлейка такая», — казаў Дзячкоў.

Паслугач Ірада — расейскі салдат з мэдалём

Паслугач Ірада — расейскі салдат з мэдалём

«А некалі яна ж была дужа папулярная ў беларусаў, — заўважаў ён. — Яе глядзелі пераважна простыя людзі. А цяпер мы апынуліся на той стадыі, што гэты тэатар для большасьці з нас навіна, экзотыка. Гэта паказчык таго, што ў заняпадзе ня толькі батлеечная традыцыя, але і нацыянальная культура наагул. Цяпер пакрысе даводзіцца ўсё гэта адраджаць. Тое, што прыйшло багата людзей, сьведчыць, што ня ўсё страчана».

Батлеечны тэатар прывезьлі ў Беларусь манахі-кармэліты ў ХVІ стагодзьдзі. Лялечныя пастаноўкі зь сюжэтам пра нараджэньне Хрыста былі папулярнымі і ў шляхты, і ў простага люду. У падняпроўскай батлейцы цару Іраду прыслугоўвае расейскі салдат. Гэтая акалічнасьць адрозьнівае яе ад іншых батлеек Беларусі.

Кабета, якая ў сьвята працавала і якую пакаралі

Кабета, якая ў сьвята працавала і якую пакаралі

Ацалелая магілёўская батлейка засталася ў Санкт-Пецярбургу

У канцы ХХ стагодзьдзя батлейку вярнулася да жыцьця высілкамі беларускіх адраджэнцаў. Спачатку яе паказвалі ў вузкім сямейным коле, а потым шырэйшай публіцы.

Намесьніца дырэктара па навуковай працы музэю Сьвятлана Строгіна адзначае, што і іхная дзейнасьць скіраваная на адраджэньне батлеечнага мастацтва і яго папулярызацыю.

Акторская трупа на біс

Акторская трупа на біс

«Калі мы будзем ведаць свае традыцыі, сваю гісторыю, то ў нас будзе беларуская будучыня», — кажа яна.

Ад 2013 году музэй праводзіць фэстываль батлейкі «Масьленікаўскія калядкі». Прыяжджаюць на яго і расейскія «вярцепы». Паводле Сьвятланы Строгінай, госьці з Расеі зайздросьцяць таму, як адраджаецца беларуская батлейка.

«Яны кажуць, што і нашы дзеці больш абазнаныя ў батлеечным мастацтве. Ведаюць сюжэты і пэрсанажаў», — пераконвае суразмоўца.

Ацалелая магілёўская батлейка ў санкт-пецярбурскім музэі ў дужа кепскім стане. Яе нават не выстаўляюць у экспазыцыі.

Будынак музэю імя Масьленікава

Будынак музэю імя Масьленікава

«Цяпер не даюць паглядзець на арыгінал нашай батлейкі. Тое, што нашы сябры ў 1995 годзе пасьпелі зрабіць замеры батлейкі, аднавілі тэхналёгію вырабу лялек — гэта вялікая справа», — падагуліла Сьвятлана Строгіна.

XS
SM
MD
LG