Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Дэмэнцыя — гэта, бадай, адна з самых распаўсюджаных хвароб у разьвітых краінах.

Характэрная рыса постсавецкіх краінаў у тым, што людзі часта не ўсьведамляюць першыя праявы гэтага захворваньня як хваробу і вялікую праблему для здароўя і паўсядзённага жыцьця.

Дэмэнцыя — гэта паступовая страта памяці, здольнасьці канцэнтраваць увагу, хутка адклікацца на падзеі вонкавага сьвету, што паступова вядзе да поўнай страты магчымасьці самому сябе абслугоўваць.

Праблема беларускай супольнасьці палягае ў тым, што ўсё вышэйпералічанае знаходзіцца ў сьвядомасьці людзей як звычайныя, нармальныя праявы старэньня. Хаця насамрэч вельмі важна разумець: тое, што мы пералічылі вышэй, не нармальнае старэньне, а так званыя кагнітыўныя парушэньні, якія трэба тэрмінова лячыць. Бо чым раней пачынаецца спэцыяльнае лячэньне, тым больш працяглым будзе час, калі хворы чалавек будзе пры памяці і разуменьні сытуацыі, будзе сам сябе абслугоўваць і кантраляваць свае ўчынкі. Мы хочам данесьці ў гэтым артыкуле да чытача, што старэньне зусім не атаясамліваецца са стратай памяці ці магчымасьцю разважаць пра жыцьцё.

Сёньня навукоўцамі дакладна высьветлена, што розум чалавека ў сто гадоў радыкальна не адрозьніваецца ад розуму ў васемнаццаць зь невялікімі папраўкамі, а вось калі адрозьніваецца — гэта паталёгія, хвароба.

Якія жа першыя праявы дэмэнцыі? Гэта можа быць тое, што мы заўсёды сьпісваем на старасьць — пэўныя адхіленьні ў паводзінах. Напрыклад, чалавек раптам ня можа карыстацца добра знаёмымі прыладамі для галеньня, ня можа ўключыць электрычны прыбор, бо не знаходзіць разэтку ў сьцяне, прачынаецца сярод ночы і думае, што настала раніца.

Менавіта зьяўленьне такіх на першы погляд дзіўных рэчаў павінна насьцярожыць сваякоў пажылога чалавека — суседзяў, сацыяльных работнікаў, іншых. Яны павінны ясна разумець, што тое, што здарылася — ня старасьць, а, верагодна, пачатак хваробы, якая паступова давядзе чалавека да бяспамяцтва і страты свайго «я», і называецца яна дэмэнцыяй.

З гэтага вынікае важная парада і нават нашае патрабаваньне як лекараў-герыятраў: ня сьпісвайце нічога на старасьць, у тым ліку дзіўнасьці ў паводзінах. Цалкам верагодна, што гэта пачатак нейкай хваробы, верагодна, дэмэнцыі. У такіх выпадках не губляйце час і тэрмінова зьвяртайцеся да лекара, каб своечасова пачаць лячэньне!

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG