Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ярмошына: «Падоўжыць тэрмін паўнамоцтваў прэзыдэнта і дэпутатаў можна толькі праз рэфэрэндум»


Лідзія Ярмошына

Лідзія Ярмошына

Старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Беларусі Лідзія Ярмошына сёньня ў размове са Свабодай заявіла, што павялічыць тэрмін паўнамоцтваў прэзыдэнта і дэпутатаў Нацыянальнага сходу немагчыма ніякім іншым спосабам, акрамя правядзеньня рэфэрэндуму:

— Я чула пра некаторыя ініцыятывы, у прыватнасьці Лібэральна-дэмакратычнай партыі, падоўжыць тэрмін паўнамоцтваў прэзыдэнта Беларусі зь пяці да сямі гадоў, а дэпутатаў з чатырох да пяці. Адразу скажу: без рэфэрэндуму зрабіць гэта ніяк нельга.

Але да нас з гэтым пытаньнем пакуль ніхто не зьвяртаўся. Я не выключаю, што цяпер палітычнае кіраўніцтва краіны вывучае падобныя прапановы. Усё робіцца паступова, і таму, магчыма, «вярхі» глядзяць, якую рэакцыю ў грамадзтве атрымаюць такія ініцыятывы. Калі нешта і будзе рыхтавацца, то ня ў нас. Найхутчэй гэтым зоймуцца спэцыялісты ў галіне дзяржаўнага права«.

— А якое ваша стаўленьне да іншай прапановы — правесьці наступныя выбары ў Нацыянальны сход паводле зьмяшанай сыстэмы: частку дэпутатаў выбраць, як цяпер, па акругах, а другую частку — па партыйных сьпісах?

— Перайсьці на такі варыянт правядзеньня выбараў можна без рэфэрэндуму. Прыняць адпаведнае рашэньне могуць самі дэпутаты і кіраўнік дзяржавы. Маё стаўленьне да гэтага дваістае. З аднаго боку, я «за». Партыйная сыстэма — гэта ўсё ж фільтар. І выбарчыя камісіі ў такім выпадку маюць справу не зь яўнымі маргіналамі, а з партыйнымі вярхамі. А там усё ж людзі адукаваныя, яны паезьдзілі па сьвеце. Ну і адпаведна паводзіць сябе могуць. Яны, на маю думку, здольныя ператварыць дэбаты ў палітычную дыскусію, чаго нам яшчэ, безумоўна, не хапае.

З другога боку, у партыйнай сыстэмы ёсьць вялікі недахоп. Пры ёй можна гандляваць месцамі ў партыйных сьпісах. І гэта, як я бачу, адбываецца, асабліва ў краінах, якія ня маюць устойлівых дэмакратычных традыцыяў".

— А над чым сёньня працуе ЦВК?

— У нас ёсьць рэкамэндацыі Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЭ. Мы трымаем іх перад вачыма і працуем. Выбарчы кодэкс будзе зьменены. Пакуль гэтым займаецца спэцыяльная міжведамасная група экспэртаў. Затым мы абагульнім усе прапановы і падрыхтуем ад імя Цэнтарвыбаркаму дакладную запіску кіраўніку дзяржавы. Зробім гэта да 1 лютага сёлета.

Пакуль не гатовая казаць, колькі канкрэтна будзе зьменаў. Выбарчы кодэкс настолькі цэльны дакумэнт, што адна зьмена звычайна цягне за сабою і шэраг іншых у іншых артыкулах. Таму скажу так: зьменаў будзе шмат. Большасьць зь іх будзе тычыцца парлямэнцкіх і прэзыдэнцкіх выбараў. Бо менавіта на іх узьнікаюць праблемы выбарчых фондаў, вядзеньня агітацыі, там існуе канкурэнцыя пры фармаваньні выбарчых камісіяў...

— У БДІПЧ ведаюць пра вашы пляны?

— Так, апошні раз мы кантактавалі перад Калядамі. Мы расказалі пра нашу працу і сказалі, што мы сваё зробім. А ўсё далейшае будзе залежаць ад суб’екта заканадаўчай ініцыятывы. Зь улікам гэтага будуць уносіцца зьмены. А можа, і ня будуць. Усё можа быць. Рэальны шлях тут такі. Кіраўнік дзяржавы выкажа свае думкі. А мы зь іх улікам падрыхтуем зьмяненьні і дапаўненьні да Выбарчага кодэксу ў выглядзе законапраекту і перадамо ў парлямэнт".

— Якія выбары і калі чакаць цяпер беларусам?

— Мясцовыя выбары павінны прайсьці не пазьней за люты 2018 году. Зноў жа, чула размовы, што яны могуць адбыцца раней. Гэта няпраўда. Няма ніякага сэнсу сьпяшацца. У нас жа не бывае такіх прыродных анамаліяў, што ў лютым немагчыма пайсьці прагаласаваць".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG