Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каляды ў краіне «праваслаўных атэістаў»


Як беларусы святкуюць Раство Хрыстова? Удзельнічаюць: Валер Карбалевіч, Алег Грузьдзіловіч, Юры Дракахруст

Карбалевіч: Філёзаф Валянцін Акудовіч любіць паўтараць фразу: беларусы — не містычная нацыя. Сапраўды, можна пагадзіцца з высновай, што беларусы — ня надта рэлігійныя людзі. І доказаў гэтаму шмат. Ёсьць сацыялягічныя апытаньні. Але яны вельмі розныя, і шмат залежыць ад пастаноўкі пытаньня. Здаецца, галоўным паказчыкам можа быць такі: якая колькасьць беларусаў, якія кажуць, што вераць у Бога, ходзяць у царкву ў нядзелю. То бок уцаркоўленыя людзі. Калі казаць пра праваслаўных, то гэта толькі некалькі працэнтаў, менш за дзесяць па любых ацэнках. У каталікоў і пратэстанцкіх цэркваў значна больш.

Тым ня менш, гэтыя праваслаўныя на ўсіх апытаньнях упэўнена заяўляюць, што яны веруючыя. Гэты фэномэн калісьці трапна сфармуляваў Аляксандр Лукашэнка, адказваючы на пытаньне пра сваё стаўленьне да рэлігіі — «Я — праваслаўны атэіст». Над гэтым шмат кпілі ў незалежных мэдыях. Але пры ўсёй камічнасьці і парадаксальнасьці гэтай формулы, яна дакладна адлюстроўвае сьветапогляд большасьці беларусаў. Гэтая вера больш фармальная, чым рэальная. На ўсялякі выпадак. Уласна стаўленьне да Бога вельмі падобнае на стаўленьне да ўлады. Паводле формулы: можа так і трэба.

Але ёсьць два сьвяты, калі значная частка беларусаў ходзіць у царкву: на Каляды, і на Вялікдзень. У гэтыя дні ўсе цэрквы запоўненыя. Тут як бы на ўвесь год замольваюць свае грахі. Гэтыя праваслаўныя атэісты дрэнна сабе ўяўляюць, у чым глыбінны сэнс сьвята Раства Хрыстова, як сябе паводзіць у царкве.

Дарэчы, гэта вельмі добра бачна па паводзінах Аляксандра Лукашэнкі. Я нават не пра тое, што ён заўсёды прыходзіць у царкву з пазашлюбным сынам, што з гледзішча рэлігійных канонаў, скажам мякка, не вітаецца. Як чалавек, далёкі ад рэлігіі, ён дрэнна ўяўляе, што трэба казаць у гэты дзень у гэтым месцы. Таму ягоныя выступы ў катэдральным саборы заўсёды не пра рэлігію, не пра Бога, а пра мірскія справы.

У пэўным сэнсе можна казаць, што царква ў Беларусі знаходзіцца ў такім самым стане, як дэмакратычная апазыцыя. Яна слаба ўплывае на грамадзкае жыцьцё. Але, здаецца, гэтая сытуацыя задавальняе ўсіх: і ўладу, і грамадзтва, і самую царкву.

Грузьдзіловіч: Я ня згодны з тэзісам, што царква ня мае значнага ўплыву ў беларускім грамадзтве, што большасьць грамадзянаў насамрэч «праваслаўныя атэісты», але хаваюць гэта.

Я зыходжу са сваіх уражаньняў. Я нядаўна пабыў на службе, давялося быць на разьвітаньні зь пісьменьнікам Леанідам Мараковым у царкве на Нямізе. І я быў зьдзіўлены,уражаны тым, колькі людзей было ў будні дзень раніцай на службе. Фактычна ўся царква была перапоўненая, не было месца нават каб правесьці разьвітаньне, давялося чакаць, пакуль служба скончыцца і людзі выйдуць.

У параўнаньні з тым, што я бачыў 5 гадоў таму, такія службы сапраўды сталі вельмі масавымі. Я глядзеў на гэтых людзей і бачыў ня толькі людзей сталага ўзросту, як звычайна мы думаем, што менавіта яны паварочваюцца да рэлігіі, але вельмі шмат маладых, вельмі шмат людзей заможнага выгляду, якія ставілі сьвечкі, слухалі казань, адстаялі ўсю цырымонію. То бок гэта сапраўды веруючыя людзі.

Я б сказаў так: сапраўды большасьць беларускіх грамадзян — праваслаўныя атэісты, але іх робіцца ўсё меней і насамрэч уплыў царквы павялічваецца. Гэта праяўляецца і ў тым, што прадстаўнікі розных рэлігійных канфэсіяў цяпер даволі агрэсіўна прапаведуюць, навязваюць свае погляды.

Нядаўна мая жонка расказвала, як напярэдадні Раства нейкія служыцельніцы праваслаўныя хадзілі па кватэрах і разносілі сваю літаратуру, яна проста адчыніла дзьверы, і ёй былі прапанаваныя кніжкі. І калі яна сказала, што яна атэістка, рэакцыя была так як на пракажоную. Ня проста людзі выбачыліся і пайшлі далей — яны пачалі агрэсіўна рэагаваць. Жонка кажа, што трэба ўжо абараняць правы атэістаў. Можа быць гэта і так, бо вось такое даволі актыўнае прасоўваньне рэлігіі ў Беларусі вельмі выразна назіраецца.

З праваслаўнага боку мы бачым, як часта прывозяць сюды ўсялякія мошчы, іконы, то з Афону, то яшчэ адкуль. Якія велізарныя натоўпы стаяць, каб паглядзець на гэта, дакрануцца да гэтага. Масавасьць гэтых цырымоніяў дае мне падставы сумнявацца, што беларускае грамадзтва прыходзіць у царкву толькі 2 разы на год — на Раство і на Вялікдзень. Не, ужо значна часьцей.

Пра каталікоў я таксама скажу, што яны больш адданыя службам. Паводле колькасьці яны на другім месцы пасьля праваслаўных, іх ня так шмат, але гэта больш актыўная царква, якая пашыраецца актыўна. Прыгадаем, арцыбіскуп Кандрусевіч рашуча абвяргаў дадзеныя міністэрства ўнутраных справаў пра тое, колькі каталікоў прымала ўдзел у сьвяткаваньні Раства Хрыстова перад Новым Годам. Дайшло да спрэчкі публічнай. Гэта паказвае, што ідзе вельмі актыўнае змаганьне за душы беларусаў, а ў тых тым часам жыцьцё робіцца ўсё цяжэйшым, і ў іх выразнае чаканьне цуду. Хто б іх выратаваў, дапамог. І яны ўсё часьцей адварочваюцца ад палітычнага змаганьня да рэлігіі.

Дракахруст: Вельмі цікавыя вашы назіраньні, Алег. Сапраўды, колькі людзей прыходзіць да гэтых мошчаў, пояса Багародзіцы, іконаў. Гэта дзясяткі тысячаў людзей, якія ня зь неба зваліліся.

Магчыма, гэта адлюстроўвае адчуваньне роспачы. Прычым гэта ня толькі з эканамічных прычынаў, а з пэўнай страты сэнсу жыцьця. Гэта вельмі добра апісала С. Алексіевіч у сваёй апошняй кнізе «Час сэканд-хэнд». Справа ня толькі ў матэрыяльных праблемах, справа ў тым, што перад многімі людзьмі стаіць пытаньне «Нашто мы жывем? Дзеля чаго?»

І ў гэтым сэнсе вера — гэта звыклы шлях. Я думаю, адбываецца рост колькасьці адданых, практыкуючых вернікаў.

Але мне здаецца, што «праваслаўны атэізм» ня варта зводзіць адно да рытуалу. Дакладней, ня варта недаацэньваць ролю і значэньне рытуалаў. Бо «праваслаўны атэізм» — гэта прыналежнасьць да пэўнага культурнага коду. Рэлігія — гэта ня толькі вера. Гэта пэўная культура, паводзіны.

Рытуалы, нормы — гэта тое, што гуртуе грамадзтва, тое, што яго кансалідуе. Мы разам, таму што мы праваслаўныя. Таму што мы называем сябе праваслаўнымі. І гэта сапраўды адзін з мэханізмаў, зь інстытутаў, якія зьбіраюць беларусаў разам.

Хоць ёсьць канешне асаблівасьці, якія адрозьніваюць іх ад расейцаў, чым, магчыма, і тлумачыцца вось гэтая немістычнасьць беларусаў. Існуе даволі моцная падзеленасьць паміж дзьвюма асноўнымі канфэсіямі. Адназначна большая частка праваслаўных, але ёсьць іншая частка, даволі вялікая, 10-15%. І таму насамрэч беларусы ўсё ж крыху рэлігію выносяць за дужкі. Вера не сказаць, што цалкам прыватная справа, але не настолькі агульная, каб беларусы з нагоды сваіх вераваньняў канфліктавалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG