Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Рашэньне беларускіх уладаў увесьці пяцідзённы бязьвізавы рэжым для грамадзянаў 80 краінаў — рэдкая зьява ў беларускім жыцьці, якая паляпшае сытуацыю зь любога пункту гледжаньня, якую ўхваліць і адэпт улады, і яе гарачы праціўнік, і той, хто за Расею, і той, хто за Эўропу.

З апошнім зразумела: «Беларусь — у Эўропу» можа пакуль і ня поўнай меры атрымліваецца, але дык хай хоць Эўропа ў Беларусь. Але і той беларус, што за Расею, ён жа ўсё ж беларус — не чужая яму Эўропа. Як і расейцу, дарэчы. У прынцыпе. Зараз час такі — канфлікт. А ў беларусаў дык ніякага канфлікту і няма. Як сказаў пад Новы Год Лукашэнка «нашы гарады набываюць сапраўднае эўрапейскае аблічча». Усё ж ідэал, узор — там.

Не, пры жаданьні дык можна і пабурчэць. 150 эўра, якія да апошняга часу каштавала віза ў Беларусь прынамсі для эўрапейцаў, на дарозе не валяюцца. І МЗС і адпаведна дзяржаўнаму скрабу яны, зразумела, былі ня лішнія. Але па ідэі гэтая страта будзе скампэнсаваная пашырэньнем патоку турыстаў, іх пакупкамі, іх расходамі, іх попытам. Жыцьцё пакажа, дарэчы. Можа і не. Бо няпроста пралічыць: страта відавочная, кампэнсацыя — ускосная.

Але рашэньне ўладаў наўрад ці скалькуляванае да цэнта — ў ім ёсьць пэўная рызыка, але прынятае яно хутчэй з палітычных меркаваньняў. Дзеля таго самага «эўрапейскага аблічча». Жэст добрай волі.

Расея вось такога кроку не зрабіла. А напэўна і яна магла б. Да 2014 году дык напэўна. Ну а зараз там нават крэвэткі з братэрскай Беларусі.
Цікава адзначыць, што рашэньне аб пяцідзённым бязьвізавым рэжыме ў Беларусь няўлоўным чынам, само сабой, узводзіць мяжу Беларусі з Расеяй. Не для беларусаў (і адпаведна не для расейцаў), але для замежнікаў — так. У Беларусь на 5 дзён бяз візы — калі ласка. Але не праз Беларусь у Расею. І нават не ў Беларусь з Расеі. З Варшавы, Лёндану, Прагі — адкуль заўгодна, толькі не з Масквы.

Хаця і другая частка грамадзтва таксама можа і пабурчэць: а чаму толькі на 5 дзён, а чаму толькі ў адным пункце краіны, у аэрапорце «Менск-2»? Дарэчы, з 1 студзеня сёлета зьнізілі цану і платных візаў для тых жа эўрапейцаў.

А чаму для іх наагул не скасавалі — не на 5 дзён, а на любы тэрмін? Нагадвае спрэчку 2015 году — а чаму толькі вызваленьне палітвязьняў, а не яшчэ і свабодныя выбары? Адказ просты — ня хоча. Неяк так. Вось аўтар гэтых радкоў хоча, а Лукашэнка — не.

Але Беларусь без палітвязьняў лепш, чым зь імі. Можна ж і так паглядзець. Хаця і сапраўды яшчэ і са свабоднымі выбарамі лепшай была б. На нечы погляд. Як і наагул бязь візаў для грамадзянаў ЭЗ.

Краіны Цэнтральнай Эўропы, калі яшчэ не былі чальцамі ЭЗ, так і зрабілі. Але іх туды і запрашалі, і самі яны хацелі. І нацыі ў цэлым, і іх палітычныя эліты хацелі. А ў Беларусі прынамсі ня ўсе, ня цалкам.

Адсюль і рашэньне такое, якое прынятае. Асьцярожнае.
Стандартная абвестка ў мэтро — «Асьцярожна, дзьверы зачыняюцца». А беларусы ва ўсім схільныя да асьцярожнасьці — зачыняюцца дзьверы, адчыняюцца.
Хаця рашэньне, здаецца, усіх задавальняе. А на ўсялякі выпадак. Абы вайны не было.

  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG